Право
Загрузить Adobe Flash Player
Навигация
Новые документы

Реклама

Законодательство России

Долой пост президента Беларуси

Ресурсы в тему
ПОИСК ДОКУМЕНТОВ

Закон Республики Беларусь от 23.07.2008 N 420-З "Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi"

Текст документа с изменениями и дополнениями по состоянию на 10 июля 2009 года

Архив

< Главная страница

Стр. 5


Страницы: | Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 | Стр.5 | Стр.6 |



6. Кропка з коскай ставiцца памiж групамi адносна незалежных састаўных частак бяззлучнiкавага сказа, а таксама памiж групамi даданых частак, якiя адносяцца да адной галоўнай.

Напрыклад:

Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз i дубняку, рэчкi, купiны, чароты, мора траў i хмызняку; мосцiк, зложаны з бярвенняў, брод i грэбля кожны крок, на дарозе рад карэнняў, крыж, пахiлены набок; пералескi, лес, паляна, старасвецкi дуб з жарлом, хвоя-велiч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскi, лужок зялёны, шум крынiчкi з-пад карча, шэлест лiсцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сiрацiна, нiзкарослы цёмны гай... (Я.Колас).



7. Кропка з коскай ставiцца ў канцы рубрык пералiчэння, калi яны не з'яўляюцца самастойнымi сказамi, але дастаткова разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.

Напрыклад:

Паводле папярэднiх даных, рух усiх трох спадарожнiкаў адбываецца па блiзкiх арбiтах з пачатковымi параметрамi:

перыяд абарачэння 95,2 мiнуты;

максiмальная адлегласць ад паверхнi Зямлi (у апагеi) 876 кiламетраў;

мiнiмальная (у перыгеi) 210 кiламетраў;

вугал нахiлу арбiт да плоскасцi экватара 56 градусаў 10 мiнут.



Глава 16

ДВУКРОП'Е



§ 60. Правiлы пастаноўкi двукроп'я



1. Двукроп'е ставiцца перад пералiчэннем аднародных членаў, калi перад iмi ёсць абагульняльнае слова (займеннiк, прыслоўе, назоўнiк) або словы напрыклад, а iменна.

Напрыклад:

Наогул яе [настаўнiцу] любiлi ўсе: вучнi, настаўнiкi, калгаснiкi (I.Шамякiн).

Усе былi апрануты па-святочнаму: чысценька i прыгожа (Я.Колас).

На прыгуменнi, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкаю прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя санi, восi, колы i вулляў некалькi на пчолы... (Я.Колас).

На ўроках мовы праводзяцца розныя вiды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненнi, пераказы i iнш.



2. У афiцыйных паперах, дакументах, у навуковых працах, зрэдку ў мастацкiх тэкстах двукроп'е перад аднароднымi членамi ставiцца i тады, калi перад iмi адсутнiчае абагульняльнае слова.

Напрыклад:

Да заявы прыкладаюцца: ... .

На нарадзе прысутнiчалi: ... .

Вучылiшча рыхтуе: токараў, слесараў ... .



3. Двукроп'е ставiцца перад пералiчэннем аднародных азначэнняў, якiя выражаны прыметнiкам або назоўнiкам цi займеннiкам i адносяцца да паясняльнага папярэдняга назоўнiка.

Напрыклад:

Вялася звычайная размова знаёмых людзей у першыя хвiлiны сустрэчы: пра надвор'е, пра здароўе, пра навiны.



4. Калi аднароднымi членамi з папярэднiм абагульняльным словам сказ не заканчваецца, то перад iмi ставiцца двукроп'е, а пасля iх - працяжнiк.

Напрыклад:

Рыбацкая снасць: сетка, нераткi, вуды - была адмысловая ў дзядзькi Марцiна (Я.Колас).

Бацька прыбраў з воза ўсё: плуг, барану, мяшкi з бульбай - i ўвайшоў у хату (М.Зарэцкi).



5. Двукроп'е ставiцца перад аднароднымi членамi, якiя тлумачаць, удакладняюць значэнне папярэднiх слоў.

Напрыклад:

На скорым часе ранiчкою Алесь у кепскiм быў настроi: хадзiў, бурчаў, не змоўчваў маме, усё дагары вярнуў нагамi (Я.Колас).

Яна ўзялася за работу: набрала бярэмя дроў, унесла ў хату i, запалiўшы газоўку, стала класцi iх у печ (К.Чорны).



6. Двукроп'е ставiцца памiж часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, калi ў другой частцы раскрываецца змест цi ўказваецца прычына таго, пра што гаворыцца ў папярэдняй частцы.

Напрыклад:

Аўгiня пускаецца на хiтрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я.Колас).

Яна дамаглася свайго: сталовая ўжо красавалася жоўтай страхою (П.Броўка).

Але пагаварыць яму так i не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол (Я.Колас).



7. Двукроп'е можа ставiцца памiж трыма часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, у якiм кожная наступная частка ў адносiнах да папярэдняй абазначае прычыну, выражае ўдакладняльна-тлумачальнае значэнне i iнш.

Напрыклад:

Але справа тут не ў часе была: недаверлiвыя залацiнцы другое мелi ў думках: каб не прыбраў часам гэты iнструктар i сад, i агарод, i сенакос (Я.Колас).

Прашу: хоць раз задумайцеся, людзi: на што мы трацiм лепшыя гады? (А.Бачыла).



8. Двукроп'е ставiцца памiж дзвюма часткамi бяззлучнiкавага складанага сказа, першая з якiх заканчваецца дзеясловамi бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, ведаць, верыць, казаць, разумець i iнш., пры дапамозе якiх указваецца, што далей будзе iсцi паведамленне пра якi-небудзь факт, падзею, з'яву i пад.

Напрыклад:

[Зося] заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй (Г.Далiдовiч).

Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М.Лужанiн).

Адным словам сказаць, усе бачылi: яна i прыгожая, i ўдалая (К.Чорны).

Няхай усё гэта песня нагадала, але я веру: устане горад мой (М.Танк).

Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу (У.Караткевiч).

Праз вокны вiдаць: на ўсходзе разгараецца ранiца (М.Лупсякоў).



9. Двукроп'е ставiцца пасля сказаў або слоў, якiя ўводзяць у тэкст простую мову.

Напрыклад:

Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал: "Не хадзi ты, Агатка, далёка" (Я.Колас).

Цiха шэпчуць за парканам дзецi: "Вунь новая настаўнiца iдзе" (С.Грахоўскi).

Рая прапанавала: "Хлопцы, дзяўчаты! Давайце наведаем Данiлу Платонавiча!" (I.Шамякiн).



Глава 17

ПРАЦЯЖНIК



§ 61. Правiлы пастаноўкi працяжнiка



1. Працяжнiк ставiцца памiж дзейнiкам i выказнiкам:

калi абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнiкам у назоўным склоне i пры выказнiку адсутнiчае дзеяслоў-звязка.

Напрыклад:

Мiнск - сталiца, гордасць наша, слава ўсёй краiны (Я.Купала).

Матчыны рукi - залатыя рукi (I.Мележ).

Фразеалогiя - раздзел мовазнаўства, якi вывучае семантычныя, граматычныя i стылiстычныя асаблiвасцi ўстойлiвых выразаў.

Прастора i час - усеагульныя формы каардынацыi з'яў i падзей;



калi абодва галоўныя члены цi адзiн з iх выражаны неазначальнай формай дзеяслова.

Напрыклад:

Вучыцца ў народа - задача кожнага пiсьменнiка (К.Чорны).

Хату зрабiць - не скрынку збiць (Прыказка).

Дзетак узгадаваць - не грыбкоў назбiраць (Прыказка);



калi перад выказнiкам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць.

Напрыклад:

Паэзiя - гэта пакута i радасць, праклён i бязлiтаснасць, споведзь i гордасць (П.Панчанка).

Кожны чалавек - гэта цэлы свет (К.Чорны).

Цiмох i Гануля - вось роўная пара (Я.Купала).

Iгнараваць мову - гэта значыць iгнараваць народ, нацыю (П.Пестрак);



калi дзейнiк i выказнiк выражаны лiчэбнiкамi або адзiн з iх выражаны назоўнiкам у назоўным склоне, а другi - лiчэбнiкам цi колькасна-iменным спалучэннем.

Напрыклад:

Пяць i тры - восем.

Шэсцьдзясят i пяцьдзясят - сто дзесяць.

Плошча Нарачы - восемдзясят квадратных кiламетраў.

Плошча басейна Нёмана - 98,2 тыс. кв.км;



калi выказнiкам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклiчнiк або гукапераймальнае слова.

Напрыклад:

Уладзiк зараз - шмыг у дзверы (Я.Колас).

А куля - дзык! А другая ў руку (Я.Брыль).

Я - хоп за павады! Конь спужаўся, а я - скок на яго (Я.Колас).



2. Працяжнiк ставiцца перад абагульняльным словам пасля аднародных членаў.

Напрыклад:

I двор, i дарога, i лес - усё было занесена белым снегам (I.Пташнiкаў).

Адчуванне дакладнасцi слова, уменне карыстацца iм, культура мовы i пiсьменнасць - усё залежыць ад таго, як загучала слова, пачутае ў маленстве (В.Вiтка).



3. Калi пасля аднародных членаў перад абагульняльным словам ужыта пабочнае слова або спалучэнне слоў словам, адным словам, карацей кажучы, то працяжнiк ставiцца перад пабочным словам, а пасля яго - коска.

Напрыклад:

Начны лес, цiхi, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цiшыня лясных нетраў - адным словам, усё настройвала на роздум (М.Зарэцкi).



4. Калi аднародныя члены сказа стаяць у сярэдзiне сказа пасля абагульняльнага слова, то перад iмi ставiцца двукроп'е, а працяжнiк - пасля iх.

Напрыклад:

Хутка ўсё: неба, i дарога, i чэзлыя балотныя хмызнякi - патанула ў снежнай завiрусе (Я.Колас).

Усё: i хмурнае неба, i мёрзлая чорная зямля - было ахоплена нечым сумным, халодным i грозным (К.Чорны).



5. Працяжнiк ставiцца памiж аднароднымi членамi сказа, калi прапушчаны супрацiўны злучнiк.

Напрыклад:

Не плача - смяецца шчаслiвая мацi (М.Багдановiч).

На чарговым прыпынку ў пярэднiя дзверы не ўвайшоў - ускочыў малады, як i шафёр, хлопец (Ф.Янкоўскi).

Гаспадар павёў яго не ў жылы катэдж - у лазню... (I.Шамякiн).

Не сваiмi - чужымi нагамi гаспадар падышоў да каня (П.Глебка).



6. Працяжнiк ставiцца перад злучнiкам i памiж двума членамi сказа, калi другi з iх выражае вынiк, хуткую змену падзей, нечаканасць.

Напрыклад:

А ўбачыў Машу - i адразу падабрэў (I.Шамякiн).

Зiрнеш - i зрэдку дзе ўбачыш адзiнокi яблык, што блiшчыць мiж лiсця на апошнiм сонцы (Я.Сiпакоў).



7. Калi злучнiк i звязвае два аднародныя выказнiкi, з якiх другi выражаны ўсечанай формай дзеяслова, то памiж iмi заўсёды ставiцца працяжнiк - перад злучнiкам або пасля яго.

Напрыклад:

Пахiснулася хвоя - i бразь на зямлю (Я.Колас).

Да рэчкi жаданай прабралiся хлопцы i - стоп! (Я.Колас).



8. Працяжнiк ставiцца перад недапасаваным азначэннем, выражаным неазначальнай формай дзеяслова цi спалучэннем з гэтай формай.

Напрыклад:

Усiх непакоiла адна думка - выстаяць (М.Лынькоў).

Мiканор успомнiў бацькаў наказ - паглядзець, цi не прадаюць кос (I.Мележ).



9. Працяжнiк ставiцца перад неразвiтым або развiтым прыдаткам, якi стаiць у канцы сказа:

калi ў прыдатку тлумачыцца, удакладняецца змест азначаемага назоўнiка i перад iм без змянення сэнсу можна ўставiць словы iменна, а iменна.

Напрыклад:

Пацягнуўся лес сцяною - ельнiк, дуб i хваiна (Я.Колас).

За ўвесь час яна нi разу не глянула на свайго суседа - Лабановiча (Я.Колас);



калi прыдатак адносiцца да займеннiка.

Напрыклад:

Наперадзе iшоў ён - таварыш Дарожка (П.Пестрак).

Вось яна - дзявочая пекната (I.Шамякiн).

Ён паспеў ужо коратка перазнаёмiцца з усiмi ў гэтым доме i стаць быццам сваiм чалавекам - гэты малады i вясёлы хлопец (К.Чорны);



калi неабходна падкрэслiць адценне самастойнасцi прыдатка.

Напрыклад:

А вось i сам гаспадар гэтай хаты - Трахiм (К.Крапiва).

Андрэй сядзеў, апёршыся на край стала, i дапытлiва пазiраў на людзей - на моладзь i старых (П.Пестрак).



10. Працяжнiк ставiцца ў няпоўных складаных сказах на месцы прапушчанага члена сказа.

Напрыклад:

З аднаго боку дарогi стаяў рэдкi хвойнiк, а з другога - кусты ядлоўцу, а далей - алешнiк (Я.Колас).

Раны гояцца часам, а дружбаю - гора (А.Куляшоў).

Вось прабегла iмгненне, затым - залатая мiнута (Я.Янiшчыц).



11. Калi ўстаўная канструкцыя знаходзiцца памiж часткамi, дзе павiнна ставiцца коска, або ў канцы самой устаўной канструкцыi ёсць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнiкам i ставiцца перад другiм працяжнiкам.

Напрыклад:

Каб дабрацца да надзелу цёткi Насцi - так завуць жонку бацькавага брата, - трэба прайсцi каля будкi, у якой яшчэ нядаўна яны жылi... (I.Навуменка).

Дзяўчына - мачыха дазналася ўжо, што завуць яе Параска, - прывяла воз на двор "воласцi", сказала, што яна жыве тут, на першым паверсе, з боку двара (I.Мележ).



12. Працяжнiк ставiцца памiж часткамi складаназлучанага сказа, калi ў другой частцы падкрэслiваецца вынiк у адносiнах да першай, калi перадаецца нечаканасць, хуткая змена падзей або супрацьпастаўленне.

Напрыклад:

Момант - i ў веснiчках паказалася Аленка... (Я.Колас).

Сярэдзiна кастрычнiка - i такi мароз (I.Шамякiн).

Пытаўся, шукаў - i нi слыху ў адказ, нi следу нiдзе, нi далёкага рэха (П.Панчанка).

Узяўся чытаць - i не чыталася (М.Гарэцкi).



13. Працяжнiк ставiцца ў бяззлучнiкавых сказах памiж часткамi:

калi ў першай частцы ўказваецца на ўмову або час дзеяння, пра якое паведамляецца ў другой частцы.

Напрыклад:

Запяеш па душы, дасi ўцехi гасцям - поўны гуслi насыплю дукатаў (Я.Купала).

Вецер загуляе - хвойнiк, лозы гнуцца (Я.Колас).

Падрасцеш вялiкi - раскажу тады (П.Глебка);



калi ў другой частцы паказваецца вынiк або робiцца вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай частцы.

Напрыклад:

Шмат зорак у небе - добра жывёла расплодзiцца. Густая шэрань на галiны лягла - ад яблыкаў, ад iгруш дрэвы да самай зямлi прыгнуцца (Л.Дайнека).

Ранак луг расой купае - дзень гарачы будзе (А.Бачыла);



калi змест частак супрацьпастаўляецца цi супастаўляецца.

Напрыклад:

Клiкнуць хацелася - голас замёр (П.Броўка).

Мацi будзiла снедаць - ён не ўстаў (I.Навуменка);



калi ў сказе гаворыцца пра хуткую змену падзей або ў другой частцы паказваецца неадпаведнасць, нечаканы вынiк таго, пра што паведамляецца ў першай частцы.

Напрыклад:

Блiснула маланка - стала вiдна як удзень (С.Грахоўскi).

Глянуў я туды-сюды - нiкога не вiдаць (Я.Колас).

Ён паслухаў - цiха ўсюды (Я.Колас);



калi апошняя частка з'яўляецца абагульняльнай у адносiнах да папярэднiх.

Напрыклад:

Цiха булькатала вада ў канаве, сыпалася лiсце, чырыкалi недзе вераб'i - усё гэта было такiм звыклым, добрым, прыгожым (М.Гамолка).

Дол засланы шышкамi, цвiце сунiчнiк, бруснiчнiк, перагукваюцца птушкi, звiняць камары - усё тут знаёмае... (I.Навуменка);



калi другая частка з'яўляецца далучальным сказам.

Напрыклад:

I разгарэлася iгрышча - даўно такога не было (Я.Колас).

Андрэй быў у добрым гуморы - гэта адразу кiдалася ў вочы (М.Зарэцкi);



калi другая частка з'яўляецца параўнаннем у адносiнах да першай.

Напрыклад:

Слова сказаў - сякераю адсек (Прыказка).



14. Працяжнiк ставiцца памiж двума словамi, якiя абазначаюць прасторавыя, часавыя або колькасныя межы (гэтыя словы замяняюць словазлучэннi з прыназоўнiкамi ад (з)... да.

Напрыклад:

Пасажырскi поезд "Мiнск - Масква" прыбыў на станцыю Орша.

Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць - дваццаць глыбiнёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят (У.Караткевiч).



15. Працяжнiк ставiцца памiж двума цi некалькiмi найменнямi ў назвах вучэнняў, законаў, падзей i iнш.

Напрыклад:

Закон захавання матэрыi Ламаносава - Лавуазье быў вялiкiм навуковым адкрыццём ХVIII стагоддзя.

Шахматны матч Карпаў - Каспараў закончыўся ўнiчыю.



16. Працяжнiк не ставiцца, калi выказнiк, выражаны ўсечанай формай дзеяслова, iнтанацыйна не выдзяляецца.

Напрыклад:

Я тым часам шмыг за дзверы (З.Бядуля).

Данiла шусь тут у вароты з жалезным ёмкiм сахаром (Я.Колас).



17. Працяжнiк памiж дзейнiкам i выказнiкам, выражанымi назоўнiкам або назоўнiкам i займеннiкам цi прыметнiкам, не ставiцца:

калi памiж галоўнымi членамi сказа стаiць прыслоўе або часцiца.

Напрыклад:

А мой бацька таксама партызан (I.Шамякiн).

Дзед Талаш не проста праваднiк у Букрэевай разведцы (Я.Колас);



калi памiж галоўнымi членамi сказа стаiць пабочнае слова цi адасоблены член сказа (акрамя прыдатка).

Напрыклад:

Хлопцы, вiдаць, добрыя рыбакi (Я.Сiпакоў).

Хлопец, апрануты ў салдацкi шынель, наш зямляк (К.Чорны);



калi дзейнiк стаiць пасля выказнiка.

Напрыклад:

Страшэнны штукар i свавольнiк гэты Нёман (Я.Колас);



калi перад выказнiкам ёсць адмоўе не.

Напрыклад:

Сам сабе чалавек не вораг (Прыказка).

Сляпы сляпому не павадыр (Прыказка);



калi пры выказнiку ўжываюцца параўнальныя злучнiкi як, усё роўна як, быццам, быццам бы, бы, нiбы, што.

Напрыклад:

Жыта як сцяна (I.Навуменка).

Аблокi нiбы воўна (Я.Янiшчыц).

Вясеннi луг што выстаўка народнага мастацтва (I.Шамякiн);



калi дзейнiк выражаны асабовым займеннiкам, а выказнiк - назоўнiкам у назоўным склоне.

Напрыклад:

Пасiвелы мой лес, я твой вечны паклоннiк, я твой вечны даўжнiк (Я.Сiпакоў);



калi дзейнiк выражаны назоўнiкам, а выказнiк - прыметнiкам.

Напрыклад:

Неба чыстае, васiльковае (А.Якiмовiч).

У познюю восень вада пад мастком чыстая i халодная (К.Чорны).



18. Працяжнiк можа ставiцца пры сэнсава-iнтанацыйным выдзяленнi:

выказнiка.

Напрыклад:

Рак - не рыба, кажан - не птушка (Прыказка).

Лёдам гасцiнец мой выбiты, вылiты, лёд - як магiла сама (Я.Купала).

Я - чалавек, мне трэба жыць, тварыць, а не гарэць у полымi напалму (А.Зарыцкi).

Неба - высокае, блакiтнае (Я.Маўр);



двух цi больш дапасаваных азначэнняў, што стаяць звычайна ў канцы сказа.

Напрыклад:

Сонца зайшло, i пачалося змярканне - цiхае, свежае, з расой i камарамi (Я.Брыль).

Запальвалiся то тут, то там зоры - вясёлыя, мiгатлiвыя (Б.Сачанка).

Паказалася нават сонца - чырвонае, нiзкае (Б.Сачанка);



прыдатка або групы аднародных прыдаткаў, якiя стаяць у сярэдзiне сказа пасля азначаемага назоўнiка, калi неабходна падкрэслiць самастойнасць прыдаткаў.

Напрыклад:

Начны драпежнiк - сава - бясшумна плыве ў паветры (В.Вольскi).

Грабцы - дзяўчаты, маладзiцы - штораз варушацца жывей, бо чуюць голас навальнiцы (Я.Колас). Калi патрабуецца пастаноўка пасля адасобленага прыдатка коскi, то другi працяжнiк апускаецца: Падаюць сняжынкi - дыяменты-росы, падаюць бялюткi за маiм акном (П.Трус);



даданых членаў сказа, якiя знаходзяцца ў канцы сказа.

Напрыклад:

Каля школы шчабяталi дзецi - звонка, радасна (Я.Колас);



даданай часткi складаназалежнага сказа, якая можа знаходзiцца перад галоўнай часткай або пасля яе.

Напрыклад:

Цанiце чалавека заўсёды пры жыццi. Калi заплюшчыць векi - ён згiне ў небыццi (П.Панчанка).

Што думаў бацька - не ведаю (Я.Брыль).

Хто птушку пакрыўдзiць - той сам сабе здрадзiць (П.Панчанка).

Тады магутная краiна - калi пявучы ў ёй народ (Я.Янiшчыц).

Смяюся, калi плакаць трэба. Журба - калi на вуснах смех (Я.Янiшчыц).



19. Працяжнiк можа ставiцца ў няпоўных простых сказах на месцы прапушчанага члена сказа.

Напрыклад:

Па суседству з Белым возерам знаходзiцца другое - Чорнае (В.Вольскi).

Праз шум эшалона прарваўся недалёкi гарматны выбух. Затым яшчэ некалькi - большай сiлы (I.Мележ).

У цёмным небе - карагоды сiняватых зорак (М.Багдановiч).



20. Працяжнiк можа ставiцца ў сказе, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасцi выказвання.

Напрыклад:

Ты што - забыўся? Параўн.: Ты што` забыўся?

I якiя людзi незвычайныя - таленты! Параўн.: I якiя людзi - незвычайныя таленты!



21. Працяжнiк можа ставiцца для выдзялення ўстаўных канструкцый.

Напрыклад:

Алеся - ёй было ўжо каля дзесяцi гадкоў - сядзела за праснiчкаю (Я.Колас).

Балота зрабiлася сiвое ад попелу, i па iм - уначы было вiдаць з вёскi - бегаў агонь, адгаралi высушаны альшэўнiк i нiцая лаза, што раслi высока на куп'i (I.Пташнiкаў).



Глава 18

ДУЖКI



§ 62. Правiлы пастаноўкi дужак



1. У дужкi бяруцца ўстаўныя словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя аб'яднаны з асноўным сказам сэнсавай сувяззю i служаць у якасцi заўваг, удакладненняў i пад.

Напрыклад:

У руках у яго вялiкая галка камякоў (бульбяной кашы) (К.Крапiва).

Узялi мы вуды, кацялок для юшкi, сачок (на ўсякi выпадак) i рушылi на рыбалку (А.Якiмовiч).

Мы, дзецi, сядзелi на нашым бярвеннi (бацька збiраўся ставiць новую хату i таму навазiў ужо многа лесу) i рабiлi сабе свiстулькi з вярбовых пруткоў (Я.Сiпакоў).

У яго тады жыла запаветная мара - стаць лётчыкам (калi не лiчыць таго, што адзiн час, нядаўна, ён захапляўся геалогiяй, каб знаходзiць затоеныя багаццi) (I.Мележ).



2. У дужкi бяруцца словы i спалучэннi слоў (разам з адпаведным знакам прыпынку), якiя выражаюць рэакцыю, адносiны слухачоў да чыёй-небудзь прамовы, выказвання, рэплiкi.

Напрыклад:

С т а р ш ы н я. ...Пажадаем жа яму далейшых поспехаў. (Бурныя апладысменты.)

А н д р э й. ...Да новай сустрэчы, сябры. (Апладысменты.)

Ц i м о х. ...Так мяне ашукалi! (Смех.)

Г а н н а. ...Хто не дбае, той не мае, людцы мае! (Гучны смех.)

Б р ы г а д з i р. ...Такое не часта сустракаецца. (Вясёлае ажыўленне ў зале.)

А н i с i м. ...Таму кожны павiнен атрымаць сваю долю. (Воклiчы: "Правiльна!")

С а к р а т а р. Цi будуць пытаннi да прысутных? (Галасы: "Хопiць!")



3. У дужкi бярэцца прозвiшча аўтара або прозвiшча аўтара i крынiца (назва твора), з якой прыводзiцца цытата.

Напрыклад:

Каля пасады леснiковай цягнуўся гожаю падковай стары, высокi лес цянiсты (Я.Колас. "Новая зямля").



4. Пасля цытаты, непасрэдна за якой у гэтым жа радку ў дужках змяшчаецца спасылка на аўтара або на аўтара i крынiцу (г.зн. перад адкрывальнай дужкай), захоўваецца адпаведны знак прыпынку - пытальнiк, клiчнiк або шматкроп'е.

Напрыклад:

Эпiграфам да працы ўзяты словы: "А там, над Нёманам, плывуць чаўны ў прасторы, там спевы коцяцца ў нямую далячынь" (П.Трус. "Лiст да сястры").

Прыгадалiся знаёмыя радкi: "Чым сустрэла мяне мая вулiца, як я выходзiў?" (А.Куляшоў. "Сцяг брыгады").

Няхай для нас палеткi родзяць, няхай для нас сады цвiтуць! (П.Панчанка).

Насустрач цягнiку выходзяць з-за ўзгорка маладыя алешыны, дубы, хвоi... (П.Галавач).



5. Калi ж спасылка на аўтара цi на аўтара i крынiцу змяшчаецца асобна ўнiзе пад тэкстам, тады ў канцы тэксту (цытаты) ставiцца кропка цi iншы адпаведны знак прыпынку (пытальнiк, клiчнiк, шматкроп'е) i спасылка ў дужкi не бярэцца.

Напрыклад:

Любiце сваю зямлю аддана i да канца. Iншай нам не дадзена, дый не трэба.

У.Караткевiч.

...Максiм Багдановiч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзii як высокаталенавiты паэт i майстра паэтычнай формы. ...Тое, што напiсаў ён за сваё кароткае жыццё, ставiць яго ў першыя рады нашых лепшых песняроў.

Якуб Колас. "Выдатнейшы паэт i крытык".



6. У дужкi бяруцца рэмаркi аўтара ў драматургiчным творы.

Напрыклад:

А л ь ж б е т а (убягае, трымаючы ў руцэ клiнок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабiлася, мае мiленькiя?

П а ў л i н к а. Кабыла дзядзькава ўцякла цi хто ўкраў. (Iдзе, садзiцца на ложак i шые) (Я.Купала).



7. Пасля ўстаўной канструкцыi (перад закрывальнай дужкай) ставiцца пытальнiк, клiчнiк або шматкроп'е, якiя патрабуюцца кантэкстам, а кропка не ставiцца.

Напрыклад:

Быў узгорак, так як бубен, але Цiт пасеяў лубiн, дык (цi веры вы дасце?), як чарот, жытцо расце (К.Крапiва).

Змiтрок (добры ён хлопец!) чытае розную лiтаратуру (В.Каваль).

I толькi школа (я адразу ўбачыў яе i беспамылкова пазнаў) стаяла за гародамi, блiжэй да лесу (I.Шамякiн).



Глава 19

ДВУКОССЕ <*>



--------------------------------

<*> У адрозненне ад пунктуацыйных знакаў (кропкi, коскi i iнш.), двукоссе як спецыфiчны знак мае iншае прызначэнне - служыць асобым спосабам выдзялення слоў, спалучэнняў слоў, сказаў, тэксту. Тым не менш ужыванне двукосся па традыцыi разглядаецца ў раздзеле "Пунктуацыя".



§ 63. Правiлы пастаноўкi двукосся



1. У двукоссе бяруцца словы, якiя ўжыты ў iранiчным сэнсе або ў якiм-небудзь асобым, незвычайным значэннi.

Напрыклад:

"Высокае начальства" спачатку прыслала мне падзяку, што добра вучыў дзяцей у школе... (Я.Колас).

Аўтар "прышпiлiў" да персанажаў лiрычныя матывы, але нiдзе не развiў iх i не паставiў у дзейсную i вобразную залежнасць ад канфлiкту i iдэi (Полымя).

Не праходзiць i дня, каб на ўчастку пагранатрада вартавыя гранiцы не затрымлiвалi перавозчыкаў "левых" грузаў (З газет).



2. У двукоссе бяруцца назвы:

ганаровых званняў, некаторых ордэнаў i медалёў: ганаровае званне "Народны паэт Беларусi", ганаровае званне "Заслужаны настаўнiк Рэспублiкi Беларусь", ордэн "За службу Радзiме", медаль "За адвагу", але: ордэн Мацi, медаль Францыска Скарыны;

лiтаратурных твораў, навуковых прац, газет, часопiсаў, рубрык, спектакляў, танцаў, музычных твораў, карцiн i пад.: паэма "Сымон-музыка", раман "Людзi на балоце", камедыя "Паўлiнка", манаграфiя Л.М.Шакуна "Словаўтварэнне", газета "Лiтаратура i мастацтва", часопiс "Полымя", спектакль "Несцерка", песня "Александрына", народны танец "Бульба", опера "Кастусь Калiноўскi", сюiта "На Палессi", карцiна "Абаронцы Брэсцкай крэпасцi";

прадпрыемстваў, устаноў, вытворчых аб'яднанняў, станцый, санаторыяў, гасцiнiц, кiнатэатраў i iншых арганiзацый: адкрытае акцыянернае таварыства "Камунарка", рэспублiканскае ўнiтарнае прадпрыемства "Мiнскi трактарны завод", установа "Рэдакцыя газеты "Рэспублiка", гасцiнiца "Еўропа", кiнатэатр "Радзiма", установа адукацыi "Беларускi дзяржаўны педагагiчны ўнiверсiтэт iмя Максiма Танка", станцыя метро "Нямiга";

марак машын, вытворчых, кандытарскiх, парфумерных вырабаў i пад.: "Нiва", "Волга", "Опель" (аўтамабiлi); "Ласунак", "Мiнскi грыльяж" (цукеркi); "Лясны ландыш" (духi).

3. У двукоссе не бяруцца назвы, у склад якiх уваходзяць словы iмя, памяцi.

Напрыклад:

Калгас iмя Гастэлы.

Алея памяцi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў.



4. У двукоссе бяруцца словы iншых часцiн мовы, што выступаюць у ролi назоўнiкаў.

Напрыклад:

Увесь час у яго гэтае "гэй" на языку верцiцца (Я.Колас).

Нi стуку, нi груку, нi кашлю, а толькi далёкае "ку-ку" цi крык перапёлкi... (А.Бачыла).

У гэтым "ну-ну" Саўка пачуў нотку спогадзi, i яму стала лягчэй (Я.Колас).

А хiба зямлi гэтай "дзякуй" не скажу? (К.Кiрэенка).

Усё гэта, вядома, вельмi цiкава, але было тут i сваё "аднак" (Я.Брыль).

Мацi стаяла, слухала, цi не пачуе ў лесе знаёмае "но" (Я.Колас).



Глава 20

ЗНАКI ПРЫПЫНКУ I ДВУКОССЕ ПРЫ ПРОСТАЙ МОВЕ I ЦЫТАТАХ



§ 64. Правiлы пастаноўкi знакаў прыпынку i двукосся пры простай мове i цытатах



1. У залежнасцi ад месца слоў аўтара, якiя ўводзяць простую мову, ставяцца наступныя знакi прыпынку:

калi простая мова запiсваецца ў радок, яна заключаецца ў двукоссе.

Напрыклад:

Барвiна працiснуўся праз натоўп да Андрэя i Санкоўскага i з ходу сказаў: "Пойдзем" (П.Пестрак).

Пасланцы народныя сказалi: "Адной сям'ёю жыць народ наш будзе ад гэтых пор на вечныя вякi" (П.Панчанка);



калi простая мова пачынаецца з абзаца, перад ёй ставiцца працяжнiк.

Напрыклад:

Васiль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзiцца, але Ганна добра, шчыра просiць:

- Скажы што-небудзь!.. (I.Мележ).

Нехта гучна клiкаў з другога берага:

- Гэй, паромшчык, давай пераправу! (М.Лынькоў);



калi словы аўтара стаяць перад простай мовай, то пасля iх ставiцца двукроп'е, а простая мова, якая пачынаецца не з абзаца, заключаецца ў двукоссе.

Напрыклад:

У прамове на ўрачыстым сходзе Якуб Колас гаварыў: "Маё слова, хоць i вузкiмi дарогамi, але даходзiла да народа";



калi словы аўтара стаяць у сярэдзiне простай мовы, падзяляючы яе на дзве часткi, то перад словамi аўтара ў залежнасцi ад iнтанацыйнага афармлення першай часткi простай мовы ставяцца пытальнiк, клiчнiк, шматкроп'е цi коска i ўслед за гэтымi знакамi - працяжнiк, а пасля слоў аўтара - або кропка i працяжнiк (калi першая частка простай мовы з'яўляецца закончаным сказам), або коска i працяжнiк (калi першая частка простай мовы не з'яўляецца закончаным сказам).

Напрыклад:

"Хiба ж можам мы з табою займацца несур'ёзнымi справамi? - пытаннем на пытанне адказала Надзя i прыгарнула да сябе Майку, прытулiла, як туляць дарослыя малых дзяцей. - Расказвай, як жывеш, як ваюеш?" (М.Лынькоў).

"Сцяпанка, - сказаў чалавек, - iдзi пасядзi ў цяньку, ты стамiўся" (К.Чорны).

"Эх, вадзiчка... - працягваў Сава, выцiраючы твар крысом курткi, - кветкамi пахне" (П.Пестрак).



2. У словах аўтара могуць ужывацца два дзеясловы са значэннем маўлення, думкi цi блiзкiя да iх па значэннi; пры гэтым калi другi дзеяслоў адносiцца да другой часткi простай мовы, то пасля слоў аўтара ставяцца двукроп'е i працяжнiк.

Напрыклад:

"Я сказаў бы вам, ды толькi не ведаю, як прымеце вы тое, што я скажу, - цiха адзываецца ён. I, момант счакаўшы, дадае: - Я думаю, што з гэтага нiчога не будзе" (Я.Колас).

"Ведаеш, мама, каго я прывяла? - весела сказала дачка i таемна прашаптала: - Гэта той самы госць, якога мы ўсе калiсьцi ратавалi ад немцаў" (Я.Маўр).



3. Калi ў складзе слоў аўтара, што стаяць перад простай мовай, няма дзеясловаў са значэннем маўлення, думкi цi блiзкiх да iх па значэннi, то ў канцы слоў аўтара ставiцца кропка.

Напрыклад:

Урэшце дзед дастае з кiшэнi кавалак хлеба.

- Еш, Вiхор... На-а-а... (З.Бядуля).

Вiктар заплюшчыў вочы i на ўвесь пакой прытворна захроп. "Хай думае, што я сплю..." (Б.Сачанка).



4. Калi словы аўтара iдуць за простай мовай, то пасля простай мовы ў адпаведнасцi з iнтанацыяй ставяцца пытальнiк, клiчнiк, шматкроп'е цi коска (на месцы кропкi), а за гэтымi знакамi - працяжнiк.

Напрыклад:

- Што вы сёння нешта не ў гуморы? - запыталася Ядвiся i глянула на настаўнiка (Я.Колас).

- Эх, што за мясцiна! - пачаў ён [Лабановiч] i раптам перапынiў самога сябе (Я.Колас).



Страницы: | Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 | Стр.5 | Стр.6 |




< Главная страница

Новости законодательства

Новости Спецпроекта "Тюрьма"

Новости сайта
Новости Беларуси

Полезные ресурсы

Счетчики
Rambler's Top100
TopList