Стр. 2
Страницы: | Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 | Стр.5 | Стр.6 |
21. Суфiксы -ск- i -ств- пiшуцца:
калi ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пiсьме спалучэнне сс перадаецца адной лiтарай: матроскi, рускi, беларускi, хакаскi, папуаскi, тунгускi, лаоскi, гандураскi, уэльскi, адэскi, арзамаскi, вiльнюскi, чавускi, копыскi, палескi, залескi, прускi, тбiлiскi, кутаiскi, тунiскi, эскiмоскi, iндускi, пелапанескi;
калi ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне iх з суфiксальным с падаецца як дс, зс: горад - гарадскi, люд - людскi, грамада - грамадства, сусед - суседскi, параход - параходства, бяда - бедства, Бесядзь - бесядскi; француз - французскi, Каўказ - каўказскi, Сiлезiя - сiлезскi;
у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к з суфiксальным с на пiсьме перадаецца як ц: ляснiцтва, мастацтва, сваяцтва, спаборнiцтва, гарняцкi, казацкi, крыжацкi, сакавiцкi, асветнiцкi, наглядальнiцкi, славацкi, гарадоцкi, беластоцкi, уладзiвастоцкi, чашнiцкi;
у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пiсьме захоўваецца спалучэнне кс: арынокскi, нью-ёркскi, бангкокскi, бузулукскi, цюркскi, каракскi, каракалпакскi, квебекскi, таджыкскi, узбекскi;
у прыметнiках, утвораных ад геаграфiчных назваў на -ка, -кi, зычны к (калi перад iм ёсць iншы зычны) у канцы слова перад суфiксам -ск- знiкае: крупскi (Крупкi), дудзiнскi (Дудзiнка), церахоўскi (Церахоўка), ямайскi (Ямайка), вяцкi (Вятка); але: касабланкскi;
калi ўтваральны назоўнiк заканчваецца на лiтары -ск, то суфiкс -ск- злiваецца з iмi: Пiнск - пiнскi, Глуск - глускi, Новасiбiрск - новасiбiрскi, Дамаск - дамаскi, этруск - этрускi; але: баск - баскскi;
калi ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфiкс пачынаецца зычным с, то спалучэннi тс, цс, чс на пiсьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, балцкi, брацкi, адвакацкi, салдацкi, лабаранцкi, парламенцкi, брэсцкi, бейруцкi, па-фармалiсцку, па-iнтэлiгенцку, выдавецтва, кравецкi, iвянецкi, прыпяцкi, суэцкi, па-спажывецку, па-купецку, ткацкi, баранавiцкi, парыцкi, грэцкi (арэх), скрыпацкi, чытацкi, па-дзявоцку;
калi ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым лiку i пры чаргаваннi [г] - [ж], [х] - [ш]), а суфiкс пачынаецца зычным с, то спалучэннi жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькi адным с: таварыш - таварыства, харошы - хараство, мног / множ - мноства, убог / убож - убоства, бог / бож - боскi, птах / пташ - птаства, наш - наскi, а таксама княжыць - княства. У некаторых выпадках напiсанне такiх слоў вызначаецца па слоўнiку, чаргаванне [г] - [ж], [х] - [ш] адсутнiчае: Буг - бугскi, Гаага - гаагскi, Катанга - катангскi, казах - казахскi, Цюрых - цюрыхскi, Карабах - карабахскi, фелах - фелахскi, шах - шахскi, нiўх - нiўхскi, Пецярбург - пецярбургскi;
у прыметнiках, утвораных ад уласных назваў i назваў народаў, спалучэннi жс, шс перадаюцца нязменна: Нясвiж - нясвiжскi, Сураж - суражскi, Парыж - парыжскi, Балхаш - балхашскi, латыш - латышскi, чуваш - чувашскi, Волг / Волж - волжскi, чэх / чэш - чэшскi, Праг / Праж - пражскi, вараг / вараж - варажскi.
22. Падвоенае цц пiшацца:
у iнфiнiтыве зваротных дзеясловаў: змагацца, брацца, купацца, вучыцца, прасiцца, iмчацца;
у трэцяй асобе адзiночнага i множнага лiку зваротных дзеясловаў: змагаецца, змагаюцца, бярэцца, бяруцца, купаецца, купаюцца, вучыцца, вучацца, просiцца, просяцца, iмчыцца, iмчацца;
у лiчэбнiках адзiнаццаць - дваццаць, трыццаць i вытворных ад iх: адзiнаццаты, дваццатка, пятнаццацiгадовы.
Глава 6
ПРАВАПIС ВЯЛIКАЙ I МАЛОЙ ЛIТАР
§ 24. Агульныя правiлы правапiсу вялiкай i малой лiтар
1. З вялiкай лiтары пiшуцца:
першае слова ў сказе: Былi пагодныя днi. З сонцам ад рання да вечара, з сiнiм небам (I.Мележ). Уцякай, мароз-дзядуля! Чуеш ты, стары, цi не? (Я.Колас). Усю дарогу праз лес мяне суправаджала нябачная птушка тоненькiм жалобным плачам. Што яна страцiла? Па чым плакала? (I.Шамякiн). Найсмачнейшыя цяпер бруснiцы - як вiнныя яблыкi... Яны на пасецы растуць шышкамi. Як бабок на балоце (I.Пташнiкаў);
першае слова пасля клiчнiка, якiм выдзяляецца зваротак, а таксама выклiчнiк у пачатку сказа: Зямля Беларусi! Табой мы сагрэты, нiколi не сходзiш ты з нашых вачэй (П.Броўка). А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць! Гэтакi, здаецца, чалавек!.. (К.Крапiва);
першае слова ва ўстаўных сказах-рэмарках, якiя падаюцца ў дужках у пачатку тэксту i пасля кропкi, клiчнiка, пытальнiка i шматкроп'я ў канцы сказа: Г а р л а х в а ц к i. Не толькi сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Iдзе ў свой кабiнет.) (К.Крапiва). Я размяк. (Душа ў паэта чулая.) (П.Панчанка). С ы м о н. Калi пытаюся, то няхай кажа! (Да Данiлкi.) Ну! Чуеш цi не? (Я.Купала). С ы м о н. А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай.) (Я.Купала). Д а н i л к а. Я ж табе, мама, казаў! Зоська пайшла... (Глянуўшы на матку, не дагаворвае.) (Я.Купала).
2. Па традыцыi з вялiкай лiтары пачынаецца кожны новы радок (першае слова) у вершаваных тэкстах:
Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц памiж воблачкаў плыве,
Выйду зноў, як у мiнулы май,
Басанож прайдуся па траве.
(У.Караткевiч).
3. З вялiкай лiтары пiшацца першае слова пасля двукроп'я:
у пачатку простай мовы: Ён падумаў: "Нiхто цябе не бачыць, нiхто не ведае, якая ты слаўная i мiлая, - i дадаў: - Дурнi яны!" (Я.Колас);
у пачатку цытаты, якая з'яўляецца самастойным сказам: П.Глебка з поўнай падставай пiсаў: "Лiрычную плынь унёс у нашу празаiчную мову М.Лынькоў" (ЛiМ);
у сцвярджальнай частцы пастановы, рэзалюцыi, пратакола, акта i iншага рашэння.
Напрыклад:
Пастанавiлi:
Зацвердзiць справаздачу рэвiзiйнай камiсii аб фiнансавай дзейнасцi прафкама (з пратакола прафсаюзнага сходу).
З арыгiналам згодна:
Сакратар выканкама (подпiс) (з копii дакумента).
4. Калi цытата ўключаецца ў просты цi складаны сказ у якасцi яго граматычнай часткi, тады яна пачынаецца з малой лiтары: Якуб Колас справядлiва ўказваў, што "родная мова - гэта першая крынiца, праз якую мы пазнаём жыццё i акаляючы нас свет" (ЛiМ). Паводле глыбокага пераканання Дубоўкi, моўныя скарбы - у народзе, "настаўнiкаў, мудрэйшых, чым народ, не бывае" (Беларуская мова. Энцыклапедыя).
5. Пiшуцца з малой лiтары:
першае слова пасля шматкроп'я, калi яно стаiць у сярэдзiне сказа i абазначае прыпыненне ў маўленнi: Зямля... зямля... туды, туды, брат, будуй яе... ты дай ёй выгляд... (Я.Колас). Т у л я г а. Толькi я хацеў запытацца ў вас, цi не будзе гэта... подласцю? (К.Крапiва). А што вы скажаце на крытыка, Iван Ант.., выбачайце, Мацвеевiч? (З.Бядуля);
першае слова ў сярэдзiне сказа пасля шматкроп'я, якое абазначае, што частка гэтага сказа апушчана: З невялiкай i чыстай крынiцы лiрычнага пачуцця... пачынаецца раман-паэма аб жыццi беларускага простага люду (А.Адамовiч);
першае слова пасля клiчнiка, калi ён стаiць у сярэдзiне сказа: I кожны, хто мяне спытае, пачуе толькi адзiн крык: што хоць мной кожны пагарджае, я буду жыць! - бо я мужык! (Я.Купала);
першае слова ў словах аўтара, якiя iдуць пасля простай мовы з клiчнiкам, пытальнiкам або шматкроп'ем: "Надзя! Надзейка!.." - клiча жалейка (П.Броўка). - У школу я больш не пайду!.. - Як гэта - не пайду? А куды ты пойдзеш? - абурыўся Сяргей (I.Шамякiн);
першае слова ў рэмарках да слоў дзейнай асобы, калi рэмарцы не папярэднiчаюць кропка, клiчнiк, пытальнiк цi шматкроп'е: Г а р л а х в а ц к i. А можа, i праўда бландзiнка. Значыць, яна гэтае самае (круцiць рукой каля валасоў) пабландзiнiлася, а я i не заўважыў (К.Крапiва).
§ 25. Вялiкая i малая лiтары ў асабовых назвах
1. З вялiкай лiтары пiшуцца:
iмёны, iмёны па бацьку, прозвiшчы, псеўданiмы, мянушкi, а таксама дадатковыя азначэннi пры гэтых назвах: Iван, Янка, Ясь, Яська, Ваня; Канстанцiн Мiхайлавiч Мiцкевiч (Якуб Колас), Iван Дамiнiкавiч Луцэвiч (Янка Купала), Алаiза Пашкевiч (Цётка), Сымон Якаўлевiч Баранаў (Сымон Баранавых); Алесь Булавешка, Мiхал Казiмiр Радзiвiл Рыбанька, Казiмiр Чацвёрты Ягелончык, Iаан Багаслоў, Кiрыла Тураўскi, Сiмяон Полацкi; Вiктор Гюго, Джэк Лондан, Вольфганг Амадэй Моцарт; Дон Кiхот, Дон Жуан, Нестар Летапiсец;
кожнае iмя ў састаўных iмёнах i прозвiшчах, калi яны пiшуцца асобна або праз злучок: Эрых Марыя Рэмарк, Iаган Себасцьян Бах, Джон Ноэль, Ханс Крысцiян Андэрсен, Джаванi Джакома Казанова, Жак Iў Кусто, Марыя-Луiза-Жазэфiна; Вiкенцiй Дунiн-Марцiнкевiч, Марыя Складоўская-Кюры;
прозвiшчы, а таксама iмёны ў множным лiку, калi яны выступаюць як назва роду, групы асоб цi ўжываюцца ў значэннi агульнай назвы: Мiцкевiчы, браты Гарэцкiя, маёнтак Тышкевiчаў, род Радзiвiлаў, абодва Жукi, бязродныя Iваны; Гагарыны, Заслонавы;
часткi састаўных асабовых iмёнаў кiтайцаў, карэйцаў, в'етнамцаў, бiрманцаў, iнданезiйцаў, тайландцаў, цэйлонцаў, японцаў: Ань Лушань, Ван Янмiнь, Сунь Ятсен, Тао Юаньмiнь, Цзян Гуанцы (Кiтай); Ан Чхан Хо, Чхве Чxi Вон, Пак Iн Но (Карэя); Нгуен Фук Ань, Нгуен Чай (В'етнам); Пi Маў Нiн, Такiн Кода Хмайн (Бiрма); Сутан Такдыр Алiшахбана, Прамудзья Ананта Тур, Утуi Тутанг Сантанi (Iнданезiя); Кулаб Сайпрадыт, П'я Тасiн (Тайланд); Карахара Карахiта (Японiя);
пачатковыя часткi Iбн, Бен, Шах-, Мак-, Сан-, Сант-, Сен-, Сент-, Тэр- у iншамоўных асабовых iмёнах, якiя пiшуцца асобна, разам або далучаюцца да iх праз злучок, а таксама пачатковыя О', Д', якiя пiшуцца праз апостраф: Iбн Сiна, Бен Алi, Шах-Джахак, Мак-Доўэл, Мак-Кiнлi, Сан-Мартын, Сант-Элiё, Сен-Жуст, Сент-Эцьен, Тэр-Петрасян, О'Генры, Д'Аламбер, Д'Артаньян;
клiчкi жывёл, птушак i iншых iстот: конь Варанок, карова Красуля, сабака Рэкс, кот Кузя, курыца Рабка, папугай Гоша;
прыналежныя прыметнiкi, утвораныя ад асабовых iмён i клiчак жывёл, мянушак пры дапамозе суфiксаў -ов-, -оў (-ав-, -аў), -ёв-, -ёў (-ев-, -еў), -ын-, -iн-: Кузьмоў сусед, Скарынавы выданнi, Багдановiчаў верш, Мiхасёвы прыгоды, Васiлёў голас, Зосьчыны бацькi, Рагулiна малако;
адносныя прыметнiкi, утвораныя ад iмён i прозвiшчаў, псеўданiмаў, калi такiя прыметнiкi ўваходзяць у склад састаўных уласных назваў: Купалаўская прэмiя (прэмiя iмя Янкi Купалы), Нобелеўская прэмiя, Коласаўская стыпендыя (стыпендыя iмя Якуба Коласа), Гарэцкiя чытаннi (чытаннi, прысвечаныя Максiму Гарэцкаму), Варфаламееўская ноч (гiстарычная падзея ў Парыжы ў ноч святога Варфаламея), Маркаўскiя рады (тэрмiналагiчная назва ў матэматыцы).
2. З малой лiтары пiшуцца:
агульныя назвы людзей, прадметаў, рэчываў i хiмiчных элементаў, адзiнак вымярэння, якiя ўтварылiся на аснове асабовых i геаграфiчных назваў: донжуан (быў донжуанам), донкiхот (такi донкiхот), эскулап; бефстроганаў, браўнiнг, дызель, кацюша, маўзер, маргарытка, наган, такай, форд, фрэнч, шавiёт; морфiй, амерыцый, палонiй, уран, фермiй; ампер, вольт, джоўль, ом, рэнтген, фарада;
асабовыя назвы (прозвiшчы, iмёны i iнш.) у форме множнага лiку, калi iх ужыванне выяўляе пагардлiвыя, зневажальныя адносiны: гарлахвацкiя, заблоцкiя, кручковы, пiсулькiны, тулягi;
назвы чалавека, утвораныя ад асабовых iмёнаў, якiя ўказваюць на яго прыналежнасць або прыхiльнасць да каго-, чаго-небудзь: гегельянец, купалавец, магаметанiн, махновец, талстовец;
прыметнiкi, утвораныя ад асабовых назваў, якiя ўжываюцца ў складзе ўстойлiвых спалучэнняў з назоўнiкамi (фразеалагiзмаў) або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: эзопаўская (эзопава) мова, пiрава перамога, ахiлесава пята, танталавы мукi, шамякаў суд, бальзакаўскi ўзрост, броўнаўскi рух, гегелеўская дыялектыка, купалаўскi верш, напалеонаўскiя планы, дэголеўская Францыя, рэнтгенаўскi здымак, сiдарава каза;
часткi ван, да, дзi, дзю, дон (донна), дэ, дэр, ла, ле, фон, эль i некаторыя iншыя ў iншамоўных асабовых назвах: Людвiг ван Бетховен, Леанарда да Вiнчы, Кола дзi Рыенца, дзю Гар, дон Фердынанд, Лопэ дэ Вега, ле Карбюзье, Ота фон Шанхаўзен; але ў асабовых назвах лiтаратурных герояў (Дон Кiхот, Дон Хуан), а таксама ў некаторых выпадках у прозвiшчах i iмёнах пiшуцца з вялiкай лiтары: Дзi Вiторыё, Дэ Лонг, Ван Гог, Эль Грэка, Ла Баэсi;
часткi ага, ад, ал, ас, ар, аш, бей, бек, задэ, аглы, уль, зуль, кызы, аль, паша, хан, шах, эд, эль i некаторыя iншыя ў iншамоўных асабовых назвах, якiя падаюцца звычайна пасля назвы або перад ёй i пiшуцца праз злучок: Iбрагiм-ага, Амар аш-Шарыф, Iбрагiм-бей, Амад-задэ, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Мамед-аглы, Сейф уль-Iслам, Зульфiя-кызы, Амад эд-Дзiн, Седах зуль-Факар, Сулейман-паша, Махамед эль-Кунi i iнш.
§ 26. Вялiкая i малая лiтары ў найменнях асоб, звязаных з рэлiгiямi, назвах мiфалагiчных i казачных герояў
1. З вялiкай лiтары пiшуцца:
найменнi найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлiгiйных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якiя змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вiшну; Госпад (Гасподзь), Усявышнi, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскi) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Мацi, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месiя;
прыметнiкi, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскi) суд, Божы (Боскi) храм, Божая (Боская) мiласць;
асабовыя iмёны (i ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнiкаў рэлiгiйных вучэнняў, а таксама бiблейскiх асоб (апосталаў, прарокаў, святых i iнш.): Iсус Хрыстос, Буда, Брахма; Iаан Хрысцiцель, Святы Павел;
iмёны легендарных i мiфiчных асоб, язычнiцкiх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун - удар грому, iуда (юда) - здраднiк, цмок - змей, тытан - волат, фурыя - злосная iстота;
уласныя назвы ўяўных i казачных iстот, герояў лiтаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз - ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга - агiдная старая, буцэфал - стары конь, атлант - у архiтэктуры;
агульныя назвы iстот, а таксама з'яў i прадметаў, калi яны персанiфiкуюцца, выступаюць у ролi iмёнаў герояў лiтаратурных твораў (у казках, байках i iнш.): Мядзведзь, Воўк, Лiса (Лiска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцiк-варкоцiк, Варона, Сарока-белабока, Воран, Певень, Бусел-клекатун, Карась-лежабок, Сонца, Праўда, Крыўда i iнш.
2. З малой лiтары пiшуцца:
слова бог (гасподзь) ва ўстойлiвых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўi, а не са зваротам да Бога паводле рэлiгiйнай абраднасцi i ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа), не давядзi бог (божа, госпадзi), ратуй божа, дзякаваць (дзякуй) богу (табе, госпадзi), бог з табой (з iм, з вамi), алах з iм;
слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэннi з асабовай назвай або з назоўнiкам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскi бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог - бог неба;
агульныя назвы ўяўных iстот: архангел, анёл, херувiм, фея, муза, дамавiк, лясун, русалка, гном, троль, здань, хохлiк i iнш.
§ 27. Вялiкая i малая лiтары ў геаграфiчных i астранамiчных назвах
1. З вялiкай лiтары пiшуцца:
уласныя назвы прыродных геаграфiчных аб'ектаў: кантынентаў, гор, рэк, азёраў, лясоў, балот i iнш.: Еўразiя, Антарктыда, Аўстралiя; Альпы, Кардыльеры; Манблан, Арарат; Везувiй, Фудзiяма; Дняпро (Днепр), Нёман, Прыпяць; Вiкторыя, Кiвач; Нарач, Свiцязь; Гiбралтар, Басфор; Тайвань, Готланд, Сахалiн; Таймыр; Сахара, Гобi; Акiянiя, Адрыятыка; Палессе, Панямонне, Задняпроўе; Струцiна, Бель; Вялле, Ельня, Налiбокi; Кручок, Альховец;
уласныя назвы краiн, iх аб'яднанняў i частак, паселiшчаў i iх частак, урочышчаў: Беларусь, Кiтай; Бенiлюкс, Антанта; Запарожжа, Сiбiр; Мiншчына, Лепельшчына, Случчына, Навагрудчына; Мiнск, Токiа, Мазыр, Орша; Вязынка, Мiкалаеўшчына, Слабада; Вал, Падол, Зарэчча, Цэнтр; Усход, Вяснянка, Зялёны Луг; Ляды, Паддуб'е; Цагельня, Царковiшча, Кальварыя; Нiўкi, Камянiца;
уласныя назвы астранамiчных аб'ектаў: Андрамеда; Стажары, Валапас; Сонца, Вега; Зямля, Юпiтэр; Месяц, Фобас;
назвы напрамкаў свету ў пераносным значэннi назваў адпаведнай групы краiн або тэрыторыi: Захад (краiны заходняй часткi Еўропы разам з ЗША), Усход (азiяцкiя краiны), народы Поўначы;
пачатковая службовая частка ў iншамоўных уласных геаграфiчных назвах, якая пiшацца з iмi праз злучок: Дан-Лэры (горад), Дэ-Кастры (горад), Ла-Пампа (правiнцыя), Ла-Манш (пралiў), Лос-Анджэлес (горад);
iншамоўныя родавыя агульныя назвы ў складаных уласных геаграфiчных назвах: Рыа-Грандэ (рыа - рака), Лоб-Нор (нор - возера), Iсык-Куль (куль - возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта - порт);
часткi складаных уласных геаграфiчных назваў, што пiшуцца праз злучок (назоўнiкi, прыметнiкi): Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгiя, Давыд-Гарадок, Брэст-Лiтоўскi, Буда-Кашалёва, Мiнск-Мазавецкi, Картуз-Бяроза;
першае слова ў састаўных уласных геаграфiчных i астранамiчных назвах: Атлантычны акiян, Цiхi акiян, Паўночны полюс, Балтыйскае мора, Мiнскае мора, Берынгаў пралiў, Белае возера, Асiповiцкае вадасховiшча, Лысая гара, Бярэзiнскi бiясферны запаведнiк, Палярная зорка;
усе часткi складанага прыметнiка ў састаўных уласных назвах, калi такiя часткi пiшуцца праз злучок: Азiяцка-Цiхаакiянскi рэгiён, Мiнска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскi канал, Паўночна-Заходнi край;
усе знамянальныя словы ў афiцыйных уласных назвах дзяржаў i iх аб'яднанняў: Рэспублiка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расiйская Федэрацыя, Злучаныя Штаты Амерыкi, Аб'яднаныя Арабскiя Эмiраты, Арабская Рэспублiка Егiпет, Кiтайская Народная Рэспублiка, Дзяржава Кувейт, Вялiкае Княства Лiтоўскае, Рускае i Жамойцкае;
усе знамянальныя словы ў вобразных састаўных уласных геаграфiчных i астранамiчных назвах, калi гэтыя ўласныя назвы ўжываюцца без агульнай родавай назвы: Стары Свет (краiны Еўропы i Азii), Блiзкi Усход, Чорная Афрыка, Крайняя Поўнач, Старыя Дарогi (горад), Зямля Каралевы Мод, Дзiкi Захад (у ЗША); у назоўным i родным склонах у спалучэннi з агульнай родавай назвай: туманнасць Конская Галава, бухта Залаты Рог, астравы Паўночная Зямля, пралiў Матачкiн Шар; мыс Добрай Надзеi, астравы Каралевы Шарлоты, залiў Святога Лаўрэнцiя.
2. З малой лiтары пiшуцца:
агульныя родавыя назвы геаграфiчных, астранамiчных i iншых падобных аб'ектаў у складзе ўласных назваў: Афрыканскi кантынент, Атлантычны акiян, Уральскiя горы, гара Казбек, рака Вiлiя, возера Свiцязь, пустыня Сахара, Белавежская пушча, зорка Венера, Лагойскi тракт, вулiца Касманаўтаў, праспект Незалежнасцi, плошча Перамогi, Князь-возера, Сапун-гара;
службовыя часткi ў складзе састаўных уласных геаграфiчных найменняў: Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале, Булонь-сэр-Мэр, Сьера-дэ-лас-Мiнас, Дар-эс-Салам, Салам-i-Гомес.
§ 28. Вялiкая i малая лiтары ў назвах дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый
1. З вялiкай лiтары пiшуцца:
усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай i судовай улады Рэспублiкi Беларусь i iншых краiн: Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўная Дума Федэральнага Сходу Расiйскай Федэрацыi, Нацыянальны Кангрэс (у Злучаных Штатах Амерыкi), Усекiтайскi Сход Народных Прадстаўнiкоў; але: Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь, Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;
першае слова ў найменнях рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання i iншых арганiзацый: Мiнiстэрства эканомiкi Рэспублiкi Беларусь (Мiнэканомiкi), Нацыянальная акадэмiя навук Беларусi, Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт, Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Янкi Купалы, Беларускi дзяржаўны музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя Рэспублiкi Беларусь (Белтэлерадыёкампанiя), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусi, Беларускi рэспублiканскi саюз моладзi, Мiнскi абласны (гарадскi, раённы) выканаўчы камiтэт, Мiнскае сувораўскае ваеннае вучылiшча, Новалукомская дзяржаўная раённая электрастанцыя, Нацыянальны алiмпiйскi камiтэт Рэспублiкi Беларусь, Еўрапейскi саюз (Еўрасаюз), Сусветны паштовы саюз, Мiжнародны алiмпiйскi камiтэт, Мiжнародная авiяцыйная федэрацыя;
простыя i састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый: Адмiнiстрацыя Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальны акадэмiчны Вялiкi тэатр балета Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўны лiтаратурны мемарыяльны музей Якуба Коласа, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Таварыства Чырвонага Крыжа, Савет Бяспекi Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый (ААН), Мiжнародны суд Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый, Арганiзацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА);
слова Савет у значэннi органа ўлады: Мiнскi абласны Савет дэпутатаў, сельскi Савет дэпутатаў; але: сельсавет;
словы Дом, Палац, якiя пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасцi, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Зiмовы палац, дом адпачынку.
2. З малой лiтары пiшуцца найменнi аддзелаў i iншых падраздзяленняў навуковых i адукацыйных устаноў, iх органаў кiравання, а таксама словы тыпу калегiя, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналiстыкi Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, савет па абароне дысертацый, калегiя Мiнiстэрства культуры, кафедра беларускай мовы; але: Агульны сход Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi.
§ 29. Вялiкая i малая лiтары ў найменнях пасад i званняў, ветлiвых зваротах i спецыяльных абазначэннях
З вялiкай лiтары пiшуцца:
словы або спалучэннi слоў, якiя з'яўляюцца афiцыйнымi назвамi асобы па вышэйшых дзяржаўных i рэлiгiйных пасадах: Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Прэм'ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь, Прэзiдэнт Расiйскай Федэрацыi, Старшыня Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымi Сiламi Рэспублiкi Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь, Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi, Кароль Iярданii, Каралева Аб'яднанага Каралеўства Вялiкабрытанii i Паўночнай Iрландыi, Iмператар Японii, Папа Рымскi, Патрыярх Маскоўскi i ўсяе Русi, Далай-Лама. У неафiцыйным ужываннi словы прэзiдэнт, старшыня, кароль, iмператар пiшуцца з малой лiтары: вiзiт прэзiдэнта, выступленне старшынi, прыём у караля, загад iмператара; але: выбары Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;
словы або спалучэннi слоў, якiя з'яўляюцца назвамi асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублiкi Беларусь i iншых краiн (акрамя слова кавалер): Герой Беларусi, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялiстычнай Працы, кавалер ордэна Ганаровага Легiёна;
у розных афiцыйных пасланнях, лiстах займеннiк Вы як форма ветлiвага звароту да адной асобы;
у высокiм стылiстычным ужываннi такiя агульныя назвы, як Радзiма, Айчына, Бацькаўшчына, Чалавек, Мацi, Настаўнiк, Майстар i iнш.;
словы ў назвах бакоў у пагадненнях, кантрактах i iншых дагаворах: Высокiя Дагаворныя Бакi, Аўтар i Выдавецтва, Заказчык i Выканаўца.
§ 30. Вялiкая лiтара ў назвах дзяржаўных i нацыянальных сiмвалаў, рэлiквiй, дзяржаўных узнагарод, прэмiй, грамат, прызоў
З вялiкай лiтары пiшуцца:
усе словы ў назвах дзяржаўных i нацыянальных, ваенных i культурных рэлiквiй: Сцяг Перамогi, Крыж Ефрасiннi Полацкай, Курган Славы, Курган Бессмяротнасцi, Востраў Слёз, Помнiк Перамогi;
усе словы ў поўных назвах ордэнаў i медалёў (акрамя слоў медаль, ордэн i ступень): медаль "Залатая Зорка" Героя Савецкага Саюза, медаль "Залатая Зорка" Героя Сацыялiстычнай Працы, ордэн Айчыны I (II, III) ступенi, ордэн Мацi, ордэн Пашаны, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легiёна (Францыя), Георгiеўскi Крыж; але: ордэн Дружбы народаў;
першае слова ў назвах дзяржаўных сiмвалаў, дзяржаўных i мiжнародных прэмiй, грамат, прызоў i iнш.: Дзяржаўны сцяг Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўны герб Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўная прэмiя Рэспублiкi Беларусь, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, Ганаровая грамата Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, Мiжнародная прэмiя Мiру, Нобелеўская прэмiя, Кубак свету, Кубак федэрацыi, Каралеўскi кубак.
§ 31. Вялiкая i малая лiтары ў назвах дакументаў, iх зводаў, унiкальных прадметаў, твораў
1. З вялiкай лiтары пiшуцца:
аднаслоўныя ўласныя назвы i першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных i мiжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, iх зводаў: Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь, Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб адукацыi", Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь "Аб узнагароджаннi мнагадзетных мацi ордэнам Мацi", Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, Статут Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый, Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Лiтоўская метрыка; але: распараджэнне (пратакол даручэнняў) Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь;
аднаслоўныя ўласныя назвы i першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва i iншых адзiнкавых i ўнiкальных прадметаў, твораў, iх зводаў: Дзявятая сiмфонiя Бетховена, Венера Мiлоская, Янтарны пакой, Алмазны фонд, Бiблiя, Стары Запавет, Каран, Талмуд.
2. З малой лiтары пiшуцца агульныя назвы стыляў у мастацтве i архiтэктуры: барока, ракако, готыка, ампiр, мадэрн.
§ 32. Вялiкая i малая лiтары ў назвах знамянальных падзей i дат, перыядаў i эпох, святаў
1. З вялiкай лiтары пiшуцца:
аднаслоўныя ўласныя назвы i першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей i дат, перыядаў i эпох: Варфаламееўская ноч, Адраджэнне, Рэфармацыя, Крыжовыя паходы, Лядовае пабоiшча, Крычаўскае паўстанне, Супрацiўленне, Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна;
аднаслоўныя ўласныя назвы i першае слова ў састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных i рэлiгiйных святаў: Дзень Канстытуцыi, Дзень Перамогi, Дзень Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь (Дзень Рэспублiкi), Новы год, Дзень жанчын, Свята працы, Дзень Кастрычнiцкай рэвалюцыi, Нараджэнне Хрыстова, Дзень памяцi, Дзень беларускай навукi, Дзень ведаў, Ушэсце Гасподняе, Уваскрэсенне Хрыстова, Вялiкая субота, Таццянiн дзень, Радаўнiца, Вялiкдзень, Каляды, Купалле, Дабравешчанне, Наўроз, Рамадан.
2. З малой лiтары пiшуцца назвы родаў i вiдаў знамянальных падзей i дат, перыядаў i эпох, асобных гадоў, дзён i iнш.: iмперыялiстычная вайна, лютаўская рэвалюцыя, паўстанне Тадэвуша Касцюшкi, кайназойская эра, неалiт, эпоха феадалiзму, капiталiстычная фармацыя, перыяд аднаўлення, залаты век, высакосны год, дзень адчыненых дзвярэй, санiтарны дзень, месячнiк дарожнай бяспекi.
§ 33. Вялiкая лiтара ў назвах з двукоссем
З вялiкай лiтары пiшуцца ў двукоссi:
аднаслоўныя назвы i першае слова ў састаўных назвах арганiзацый: адкрытае акцыянернае таварыства "Камунарка", рэспублiканскае ўнiтарнае прадпрыемства "Мiнскi трактарны завод", установа "Рэдакцыя газеты "Рэспублiка", кiнатэатр "Перамога", гасцiнiца "Юбiлейная", рэстаран "Журавiнка", кафэ "Свiтанак", кандытарскi магазiн "Ласунак", кнiгарня "Слова", рэспублiканскае ўнiтарнае прадпрыемства "Выдавецтва "Адукацыя i выхаванне", спарткомплекс "Раўбiчы", санаторый "Крынiца", турбаза "Дняпро", медыцынская служба "Хуткая дапамога", Беларускi рэспублiканскi фонд "Узаемаразуменне i прымiрэнне", студыя "Сябры", установа адукацыi "Беларускi дзяржаўны педагагiчны ўнiверсiтэт iмя Максiма Танка";
аднаслоўныя назвы i першае слова ў састаўных назвах перыядычных выданняў, кнiг, атласаў, карт i iнш.: часопiс "Полымя", газета "Звязда", вiлейская раённая газета "Шлях Перамогi", iнфармацыйны бюлетэнь "Беларусiка", летапiс "Хронiка Быхаўца", даведнiк "Правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi", кнiга "Лiтоўскi статут", перыядычнае даведачнае выданне "Летапiс друку", карта "Рэспублiка Беларусь";
аднаслоўныя назвы i першае слова ў састаўных назвах лiтаратурных, публiцыстычных, навуковых твораў, твораў розных галiн мастацтва i iнш.: паэма Якуба Коласа "Новая зямля", камедыя Янкi Купалы "Паўлiнка", верш М.Багдановiча "Слуцкiя ткачыхi", песня "Ой, рэчанька", кiнафiльм Э.Клiмава "Iдзi i глядзi", карцiна В.К.Бялынiцкага-Бiрулi "Зазелянелi беларускiя бярозкi", габелен Г.Ю.Юзеевай-Шаблоўскай "Жанчыны Палесся", акварэль М.Л.Тарасiкава "Букет бэзу", опера А.В.Багатырова "У пушчах Палесся", танец "Лявонiха", казка "Сцяпан - вялiкi пан";
аднаслоўныя назвы i першае слова ў састаўных назвах прадметаў побыту, прамысловых i прадуктовых тавараў: набор мэблi "Вязынка", зубная паста "Лясная", пральны парашок "Ветразь", хлеб "Водар", сыр "Нарач", цукеркi "Крыжачок";
назвы вытворчых марак тэхнiчных вырабаў (машын, механiзмаў, прылад, збудаванняў i iнш.) бяруцца ў двукоссе i пiшуцца з вялiкай лiтары: аўтамабiль "Жыгулi", камбайн "Нiва", трактар "Беларус", тэлевiзар "Гарызонт", iанiзатар "Анiён-40Т", радыёпрыёмнiк "Селена-403". Назвы самiх вырабаў (акрамя назваў, што супадаюць з асабовымi i геаграфiчнымi назвамi) пiшуцца ў двукоссi з малой лiтары: "масквiч", "вольва", "боiнг" (самалёт), "гарызонт" (тэлевiзар); але: "Мiнск" (халадзiльнiк), "Волга" (аўтамабiль).
Глава 7
ПРАВIЛЫ НАПIСАННЯ РАЗАМ, ПРАЗ ЗЛУЧОК I АСОБНА
§ 34. Агульныя правiлы напiсання разам, праз злучок i асобна
1. Пiшуцца разам:
складанаскарочаныя словы i вытворныя ад iх: прадмаг, газпрам, журфак, прадмагаўскi, газпрамавец i iнш.;
складаныя словы i вытворныя ад iх з пачатковымi iншамоўнымi часткамi авiя-, агра-, астра-, аўдыя-, аўта-, аэра-, бiя-, варыя-, вела-, вiдэа-, гама-, геа-, грам-, заа-, кiна-, макра-, медыя-, мота-, неа-, палеа-, радыё-, сацыя-, спарт-, стэрэа-, танц-, тэле-, фота-, электра- i iнш.: авiябiлет, аграхiмiя, аўтаматакрос, аўдыявiзуальны, аэрафотаздымка, бiяабарона, варыяфiльм, веласпорт, вiдэафiльм, геапалiтычны, гамагенны, грамзапiс, заапарк, кiнастужка, макрадэфармацыя, медыятэкст, мотабол, неалiтычны, палеаантраполаг, радыёхваля, спартбаза, стэрэакiно, танцклас, тэлебачанне i iнш.;
словы з пачатковай часткай поў- (паў-): поўнач, поўдзень, паўгоддзе, паўлiтра, паўсвету, паўлыжкi, паўста, паўсотня, паўчвэрткi, паўчвэртка, паўчвэрцi, паўлiмона, паўяблыка, паўтары, паўтара, паўсукно, паўпалiто, паўаршына i iнш. Калi скарочаная цi падобная да прыстаўкi частка слова далучаецца да ўласнай назвы, яна пiшацца праз злучок: паў-Слуцка, паў-Ратамкi;
словы з прыстаўкамi i падобнымi да прыставак пачатковымi часткамi: а-, анты-, арта-, архi-, гiпер-, дыс-, дэз-, звыш-, iнтэр-, iнфра-, квазi-, контр-, мета-, мiж-, мiлi-, пан-, паст-, псеўда-, сiн-, супер-, транс-, ультра-, экс-, экстра- i iнш.: алагiзм, антыгуманны, архiважны, гiперправоднасць, дыстрафiя, дэзактывацыя, звышгукавы, iнтэрнацыянальны, iнтраспектыўны, iнфрачырвоны, квазiзоркавы, контрагент (выключэнне: контр-адмiрал), метатэза, мiжраённы, мiлiметр, панславiзм, пангерманскi, пастфактум, пастпазiцыя, псеўданародны, сiнгармонiя, супермаркет, трансатлантычны, ультрамодны, экстэрытарыяльны, экстраардынарны i iнш.;
складаныя словы, першай часткай якiх з'яўляюцца лiчэбнiкi: васьмiтысячнiк, двухбаковы, двухзначнасць, двухколка, двухмоўе, двухрогi, двухногi, двуххвостка, двухрадкоўе, трыццацiдвухгадовы, двухтысячагоддзе, сямiсотпяцiдзесяцiгоддзе, чатырохразовы, аднагодкi, адзiнакроўны, дванаццацiпавярховы, дзесяцiпрацэнтны, а таксама двукоссе, двукроп'е.
2. Пiшуцца праз злучок утварэннi, якiя з'яўляюцца:
паўторам слова для ўзмацнення яго значэння: сiнi-сiнi, ледзь-ледзь, горача-горача, хто-хто, ён-ён, хадзiлi-хадзiлi, а таксама цiп-цiп-цiп, го-го, трэсь-трэсь;
паўторам слова ў iншай лексiка-граматычнай форме: мама-мамуся, братка-брацейка, сама-саменька, як-нiяк, хто-нiхто, што-нiшто, дзе-нiдзе, калi-нiкалi, каму-нiкаму, сам-насам, крыж-накрыж, раз-пораз;
спалучэннем блiзкiх або супрацьлеглых па значэннi слоў: шум-гам, паiць-кармiць, бацька-мацi, хлеб-соль, рукi-ногi, шыта-крыта, больш-менш, сям-там, сяк-так, сёй-той, сюды-туды, сёння-заўтра, год-два, тры-чатыры, жыў-быў, бокам-скокам, а таксама пусцi-павалюся, узвей-вецер, гуляй-вецер.
3. Пiшуцца праз злучок складаныя словы, першай (або апошняй) часткай якiх з'яўляецца:
лiтара або лiтарная абрэвiятура любога алфавiта: К-мезон (ка-мезон), а-часцiца (альфа-часцiца), ЗВЧ-разрад, ДНК-залежны, Q-код (кю-код), п-падобны (пi-падобны);
--------------------------------
а - греческая буква "альфа"
п - греческая буква "пи"
лiчба любога злiчэння: 50-годдзе, 12-павярховы, 60-гадовы, 3-працэнтны, алiмпiяда-97, мода-2008.
4. Пiшуцца праз злучок лiтарныя скарачэннi складаных слоў: с.-г. - сельскагаспадарчы, с.-д. - сацыял-дэмакратычны, ст.-сл. - стараславянскi, i.-е. - iндаеўрапейскi.
Злучок ("вiсячы дэфiс") ставiцца пасля першай часткi складанага слова (лiчбы), калi другая частка апускаецца ў сувязi з наяўнасцю такой часткi ў наступным аднародным з iм складаным слове: газа- i водалiчыльнiк, сацыяльна- i культурназначны, фосфар- i серазмяшчальны, тэле- i радыёвяшчанне, адна-, двух- i трохвалентны, 5-, 10- i 12-павярховы.
§ 35. Складаныя назоўнiкi
1. Пiшуцца разам:
складаныя назоўнiкi з дзвюх i больш асноў, якiя спалучаюцца пры дапамозе злучальных галосных о (а), е (я): конезавод, льнозавод, далягляд, землетрасенне, птушкагадоўля, чалавекалюбства, бульбакапалка, хлебапякарня, свiнагадоўля, старадрук, чарназём, гарналыжнiк, самалёт, патолагаанатам, медыкапсiхолаг;
складаныя назоўнiкi, у якiх першай часткай з'яўляецца дзеяслоўная форма загаднага ладу на -i (-ы): вярцiшыйка, сарвiгалава, вярнiдуб, прайдзiсвет, пакацiгарошак; але: перакацi-поле;
складаныя назоўнiкi ад'ектыўнага тыпу скланення, калi яны з'яўляюцца навуковымi тэрмiнамi: галаваногiя, бруханогiя;
складаныя ўласныя назвы паселiшчаў з пачатковай часткай нова- (нава-), стара-, верхне- (верхня-), нiжне- (нiжня-), сярэдне- (сярэдня-) i iнш.: Новалукомль, Наваполацк, Навасады, Навагрудак, Старакожаўка, Верхнядзвiнск, Нiжнявартаўск, Сярэдняборск, Краснаполле, Крутагор'е, Светлагорск.
2. Пiшуцца праз злучок складаныя назоўнiкi:
у якiх скланяюцца ўсе словы: папараць-кветка, вагон-рэстаран, лётчык-касманаўт, член-карэспандэнт;
у якiх скланяецца толькi апошняе слова: жар-птушка, сон-трава, стоп-сiгнал, вакуум-насос, дызель-матор, генерал-маёр, прэм'ер-мiнiстр, норд-ост;
з аднаслоўным прыдаткам: лён-даўгунец, заяц-русак, нявеста-красуня, дзед-мароз, горад-герой. Пры адваротным парадку назоўнiка i аднаслоўнага прыдатка злучок не пiшацца: красуня дзяўчына;
са значэннем цэласнай адзiнкi вымярэння: кiлават-гадзiна, тона-кiламетр-гадзiна, самалёта-вылет, чалавека-дзень; але: працадзень;
якiя называюць прадстаўнiкоў палiтычных i iншых грамадскiх рухаў: лiберал-дэмакрат, нацыянал-патрыёт, сацыял-дэмакрат;
з пачатковымi часткамi арт-, вiцэ-, вэб-, лейб-, максi-, мiнi-, обер-, унтэр-, штаб- (штабс-), экс-, прэс-, блок-: арт-галерэя, вiцэ-прэм'ер, вэб-старонка, лейб-гвардыя, максi-прэс, мiнi-матч, обер-майстар, унтэр-афiцэр, штаб-ротмiстр, штабс-капiтан, экс-чэмпiён, экс-прэм'ер, прэс-сакратар, блок-сiгнал; але: блокпост.
3. Пiшуцца праз злучок:
субстантываваныя спалучэннi слоў, якiя з'яўляюцца назвамi раслiн: брат-i-сястра;
састаўныя прозвiшчы, iмёны i назвы геаграфiчных аб'ектаў: Бялынiцкi-Бiруля, Дунiн-Марцiнкевiч, Жан-Жак Русо, Бурат-Манголiя, Эльзас-Латарынгiя, Аўстра-Венгрыя, Камянец-Падольскi, Буда-Кашалёва, Пераяслаў-Хмяльнiцкi, Давыд-Гарадок, Камень-Кашырскi;
уласныя геаграфiчныя назвы, якiя з'яўляюцца спалучэннем назоўнiка з назоўнiкам у месным склоне i прыназоўнiкам на, а таксама падобнымi iншамоўнымi спалучэннямi слоў з дэ, сюр: Растоў-на-Доне, Франкфурт-на-Майне, Па-дэ-Кале, Булонь-сюр-Мэр;
iншамоўныя ўласныя iмёны з канцавымi часткамi -хан, -шах, -паша, -бей, -бай, -задэ, -аглы, -кызы, -бек i iнш.: Ахмат-шах, Асман-паша, Iзмаiл-бей, Курман-бай, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Зейнал-кызы, Асман-бек;
iншамоўныя ўласныя назвы асоб i геаграфiчных аб'ектаў з пачатковымi часткамi Ван-, Мак-, Нью-, Сан-, Санкт-, Сен-, Сент-: Ван-Дэйк, Мак-Магон, Мак-Кiнлi, Нью-Кастл, Сан-Себасцьян, Сан-Марына, Санкт-Пецярбург, Сен-Санс, Сент-Экзюперы;
уласныя назвы паселiшчаў з пачатковай часткай Усць-, Верх-, Соль-: Усць-Каменагорск, Верх-Iрмень, Соль-Iлецк.
4. Калi ў назве, якая складаецца з двух i больш назоўнiкаў, першы абазначае родавае паняцце, а другi з'яўляецца ўласным iмем, яны пiшуцца асобна: рака Днепр, горад Мiнск, вулкан Везувiй, маёр Кравец, дзед Янка.
5. Артыклi i часцiцы (да, дэ, ла, ле, ля i iнш.), а таксама словы дэр, дон, фон, ван у iншамоўных уласных назвах пiшуцца асобна: Леанарда да Вiнчы, Шарль дэ Кастэр, Анарэ дэ Бальзак, ла Валета, ла Мот, ле Шапелье, ля Крэзо, Ван дэр Мейлен, фон дэр Гольц, дон Хуан, Людвiг ван Бетховен.
6. Асобна пiшуцца словы ў геаграфiчных уласных назвах, якiя з'яўляюцца спалучэннем поўнага прыметнiка цi парадкавага лiчэбнiка з назоўнiкам: Стары Свержань, Белы Груд, Карнаты Дуб, Вялiкiя Радванiчы, Старыя Дарогi, Астрашыцкi Гарадок, Восьмая лiнiя (вулiца), Першая пасялковая (вулiца), Першы чыгуначны (завулак).
§ 36. Складаныя прыметнiкi
1. Пiшуцца разам прыметнiкi:
якiя суадносяцца са складанымi назоўнiкамi, што пiшуцца разам: чарназёмны (чарназём), водаправодны (водаправод), мастацтвазнаўчы (мастацтвазнаўства), iншаземны (iншаземец), радыёфiзiчны (радыёфiзiка), жалезабетонны (жалезабетон), самаходны (самаход), хваляводны (хвалявод);
якiя суадносяцца са словазлучэннямi з падпарадкавальнай сувяззю: каменнавугальны (каменны вугаль), народнапаэтычны (народная паэзiя), агульнаадукацыйны (агульная адукацыя), меднарудны, цэнтральнаеўрапейскi, уласнаручны, цвёрдапалiўны, круглагадовы, чырванабокi;
якiя суадносяцца са словазлучэннямi дзеясловаў з назоўнiкамi: дрэваапрацоўчы (апрацоўваць дрэва), масларобны (рабiць масла), мукамольны (малоць муку), касцярэзны, кветкаводчы, водазаборны, iльноцерабiльны, лесанарыхтоўчы, лёсавызначальны;
якiя суадносяцца са словазлучэннямi назоўнiкаў з лiчэбнiкамi i прыслоўямi адноснай меры колькасцi, аб'ёму, прасторы i iнш.: двухразовы (два разы), трохколавы, двухтысячагадовы, сямiсотпяцiдзесяцiгадовы, саракаградусны, пяцiдзесяцiпрацэнтны, саракатонны, шматразовы, мнагалюдны, усемагутны;
першай часткай якiх з'яўляюцца прыслоўi: моцнадзеючы (моцна дзейнiчаць), лёгкапаранены (лёгка паранiць), цяжкаўспрымальны (цяжка ўспрымаць), нiзкарослы, высокаадукаваны, слабасалёны, добраўпарадкаваны, малапрыкметны; але: дыяметральна процiлеглы (супрацьлеглы), чыста беларускi, яскрава вызначаны, выключна дасканалы, асаблiва адказны, колькасна акрэслены, рэзка адмоўны, кепска ўзараны, усенародна абраны, выпадкова сустрэты, своечасова прыняты, адносна спакойны, бясконца глыбокi, матэрыяльна зацiкаўлены;
складаныя прыметнiкi з дзвюх i больш лексiчных частак, якiя служаць для абазначэння навуковых i тэхнiчных паняццяў: старажытнаўсходнеславянскi, правабярэжназаходнебугскi, старабеларускамоўны, iндаеўрапейскi.
2. Пiшуцца праз злучок складаныя прыметнiкi:
утвораныя ад складаных назоўнiкаў, якiя пiшуцца праз злучок: вакуум-насосны, генерал-губернатарскi, унтэр-афiцэрскi, лiберал-дэмакратычны, давыд-гарадоцкi, санкт-пецярбургскi i iнш.;
часткi якiх абазначаюць разнародныя назвы адпаведнай прыкметы: прыродна-гаспадарчы, жыллёва-будаўнiчы, аграрна-сыравiнны, лячэбна-працэдурны, таварна-грашовы, электронна-вылiчальны, навукова-тэхнiчны, грамадска-палiтычны, сусветна-гiстарычны, народна-вызваленчы, сярэдне-верхнi, прытарна-салодкi i iнш.;
часткi якiх абазначаюць раўнапраўныя паняццi: рабоча-сялянскi, руска-беларускi;
часткi якiх абазначаюць асаблiвасцi цi адценнi разнароднай якасцi: кiсла-салодкi, жоўта-зялёны, горка-салёны, гучна-пявучы i iнш.;
часткi якiх абазначаюць напрамкi свету ў iх спалучэннi: паўночна-заходнi;
якiя ўваходзяць у склад геаграфiчных назваў з пачатковай часткай Усходне-, Заходне-, Паўднёва-, Паўночна-, Цэнтральна- i iнш.: Паўднёва-Афрыканская Рэспублiка, Заходне-Сiбiрская раўнiна, Цэнтральна-Азiяцкi рэгiён i iнш.;
пачатковай часткай якiх з'яўляюцца лiчба або лiтара любога алфавiта: 1000-гадовы, 5-павярховы, Т-падобны.
3. Складаныя прыметнiкi, утвораныя ад складаных уласных iмёнаў са злучком, калi яны маюць прыстаўку, пiшуцца разам: заiсыккульскi, перадцяньшанскi.
4. Складаныя прыметнiкi з пачатковай часткай ваенна- пiшуцца разам: ваеннапалонны, ваеннапалявы, ваеннаабавязаны.
§ 37. Лiчэбнiкi
1. Пiшуцца разам:
складаныя колькасныя лiчэбнiкi, апошняй часткай якiх з'яўляюцца -дзясят, -сце, -ста, -сот: шэсцьдзясят, дзвесце, трыста, пяцьсот;
складаныя парадкавыя лiчэбнiкi, апошняй часткай якiх з'яўляюцца -дзясяты, -соты, -тысячны, -мiльённы i iнш.: пяцiдзясяты, трохсоты, двухтысячны, сямiмiльённы, пяцiмiльярдны, двухсотпяцiдзесяцiвасьмiмiльённы i iнш.
2. Асобна пiшуцца састаўныя колькасныя, парадкавыя i дробавыя лiчэбнiкi: сто дваццаць пяць, трыццаць тры, тысяча пяцьсот адзiн, сто дваццаць пяты, трыццаць трэцi, тысяча пяцьсот першы, два з паловай, пяць з чвэрткай, тры пятыя, пяць дзясятых, сем сотых.
3. Пiшуцца праз злучок:
парадкавыя лiчэбнiкi, напiсаныя лiчбамi, пры спалучэннi iх з канчаткамi, часткамi канчаткаў, састаўнымi часткамi ў выглядзе слоў: 25-ы, на 10-м км, 31-га, 10-мiльённы, 18-мiльярдны;
лiчэбнiкi, напiсаныя словамi або лiчбамi, якiя абазначаюць прыблiзны лiк: восем-дзевяць гадоў, дзве-тры гадзiны, сёмае-восьмае стагоддзе, 2-3 гады.
4. Ставiцца працяжнiк:
у складаных i састаўных лiчэбнiках прыблiзнага лiку: праз трыццаць пяць - трыццаць сем гадоў, 50 - 60-я гады;
пры ўмоўным пералiчэннi: артыкулы 2 - 7, 1 - 10 класы.
§ 38. Прыслоўi
1. Пiшуцца разам:
прыслоўi, утвораныя ад прыслоўяў прыставачным спосабам: назаўтра, назаўсёды, назаўжды, назусiм, намнога, наколькi, настолькi, нашмат, насупраць, заўчора, залетась, паслязаўтра, пазаўчора, пазалетась, замнога, задоўга i iнш. Ад такiх прыслоўяў трэба адрознiваць спалучэннi назоўнiкаў з прыназоўнiкамi, якiя ўжываюцца ў значэннi дапаўнення. Назоўнiкi з прыназоўнiкамi пiшуцца асобна: на заўтра (адкласцi), за дзякуй (рабiць), да заўтра (скончыць); ад цямна да вiдна, з цямна да цямна, да ранку, а таксама у адно, па двое, па трое i iнш.;
прыслоўi, якiя ўтвораны ў вынiку спалучэння прыназоўнiкаў у i на з рознымi склонавымi формамi колькасных i зборных лiчэбнiкаў: удвая, утрая, удваiх, утраiх, утрох, учатырох, усемярых, удвух, удзвюх, усямёх, надвое, натрое;
прыслоўi, утвораныя ад прыметнiкаў прыставачна-суфiксальным спосабам: дабяла, дачыста, дасуха, дасыта, здалёку, звысоку, зрэдку, справа, сослепу, змоладу, змалку, злёгку, паблiзу, папросту, пацiху, падоўгу, пароўну, улева, управа, навечна, надоўга, насуха, зажыва, зацемна, а таксама заадно, наўдалую, ушчыльную, урассыпную, упустую, збольшага, нашто, навошта, нiзашто, потым, надта, зусiм, затым, прытым i iнш. Спалучэннi прыназоўнiкаў з займеннiкамi пiшуцца асобна: на што, нi за што, з усiм, за тым.
2. Пiшуцца разам прыслоўi, якiя ўтвораны ў вынiку спалучэння:
прыназоўнiкаў i склонавай формы назоўнiкаў, якая самастойна не ўжываецца: бесперастанку, дашчэнту, досыць, замуж, запанiбрата, знячэўку, знянацку, навобмацак, наогул, напагатове, напавал, напалам, наперакор, наперарэз, напрост, напярэймы, насцеж, наўздагон, наўздзiў, наўпрост, наўскос, наўцёк, неўзабаве, неўпапад, паасобку, паблiзу, спакон, уваччу, удоўжкi (удоўж), упокат, употай, усутыч i iнш.;
прыназоўнiкаў з формамi назоўнiкаў i iншых часцiн мовы, калi да падобнай формы назоўнiка не можа быць далучана азначэнне або пастаўлена склонавае пытанне з адпаведным прыназоўнiкам: апоўднi, апоўначы, даволi, дадому, замужам, зроду, наадварот, наадрэз, накрыж, напаказ, напалавiну (напалову), напераменку, напракат, напралом, напрыклад, насiлу, насмерць (але: не на жыццё, а на смерць), наўдачу, навек, паволi, падрад, падчас, пакрысе, увосень, уброд, уголас, удзень, углыб, упершыню, уранку, ураннi, уразброд, усур'ёз i iнш.;
прыназоўнiкаў з формамi назоўнiкаў верх, нiз, перад, зад, бок, гара, высь, век, пачатак, раз, ноч, вечар, ранiца i iншых пры адсутнасцi пры iх азначэння або дапаўнення: зверху, наверх, уверх, уверсе, данiзу, знiзу (але: з верху да нiзу), нанiз, унiзе; наперад, уперад, уперадзе; ззаду, назад, узад; збоку, набок, убок, убаку; дагары, згары, угары, угару; увысь; удалеч; навек, навекi; спачатку, упачатку; адразу, ураз; уночы, поначы; звечара (але: з вечара да ранку), надвечар, увечары; зранку (але: з ранку да вечара), уранку. Спалучэннi прыназоўнiкаў з назоўнiкам пры наяўнасцi паясняльнага слова пiшуцца асобна: на верх гары, на нiз ямы, у высь завоблачную, у даль палёў, на векi вечныя, у пачатку года, з пачатку вясны.
3. Пiшуцца разам прыслоўi таксама, гэтаксама, штодзень, штоноч (штоночы), штовечар (штовечара), штотыдзень (штотыдня), штомесяц, штогод i iнш.
4. Пiшуцца праз злучок прыслоўi па-першае, па-другое, па-трэцяе i г.д., а таксама ўтвораныя ад прыметнiкаў i займеннiкаў прыслоўi, якiя пачынаюцца з па- i заканчваюцца на -ску (-цку), -i (-ы), -аму (-яму), -ому, -му (-йму): па-гаспадарску, па-беларуску, па-брацку, па-мастацку, па-бацькоўску, па-чалавечы, па-хлапечы, па-добраму, па-ранейшаму, па-даўняму, па-веснавому, па-мойму, па-свойму i iнш.
5. Асобна пiшуцца прыназоўнiк у i склонавая форма поўнага прыметнiка ў значэннi прыслоўя, калi яна пачынаецца з галоснай: у адкрытую.
6. Пiшуцца асобна блiзкiя па значэннi да прыслоўяў спалучэннi назоўнiка з прыназоўнiкам:
калi памiж прыназоўнiкам i назоўнiкам можна паставiць азначэнне: у момант (у адзiн момант), у тупiк (папаў у такi тупiк, што не выбрацца), да астатку (да самага астатку);
калi назоўнiк у пэўным (адным) значэннi захаваў хаця б некаторыя склонавыя формы з прыназоўнiкамi (за выключэннем назоўнiкаў верх, нiз, перад, зад, бок, гара, высь, далеч, век, пачатак, раз, ноч, вечар, ранак i iнш.): пад паху, пад пахi, пад пахамi; па часе, да часу, з часам, у час; праз меру, у меру, па меры; на памяць, на памяцi, па памяцi; на руку, не з рукi; да душы, па душы; у пару, да пары, не ў пару; за мяжой, за мяжу, з-за мяжы; за гранiцай, з-за гранiцы.
7. Пiшуцца асобна наступныя блiзкiя па значэннi да прыслоўяў спалучэннi назоўнiкаў з прыназоўнiкамi:
без: без упынку, без аглядкi, без разбору, без развагi, без толку, без канца; але: бясконца, безупынна, безаглядна, безразважна, бесталкова;
да: да адвалу, да зарэзу, да ўпаду, да смерцi;
на: на баку, на хаду, на ляту, на скаку, на вiду, на смак, на слых, на вока, на грэх, на дзiва, на славу, на смех, на гвалт, на злосць, на жаль;
з: з налёту, з разбегу, з разгону, з размаху, з наскоку, з ходу, з гарачкi.
8. Пiшуцца асобна:
спалучэннi часцiц не i нi з прыназоўнiкавымi формамi назоўнiкаў: не ў меру, не ў пару, не ў лад, не пад сiлу, не да смеху, не да спеху, не да смаку, не да твару, не на жарт, нi на ёту, нi за грош;
спалучэннi назоўнiкаў, якiя пачынаюцца з галоснай, з прыназоўнiкам у: у абхват, у абдымку, у абмен, у абрэз, у адзiночку, у абцяжку, у iмгненне i iнш.;
выразы: усё роўна, усё адно, як бачыш, як след, як мага i iнш.; але: якраз.
§ 39. Прыназоўнiкi, злучнiкi, часцiцы, выклiчнiкi
1. Пiшуцца разам:
прыназоўнiкi, якiя ўтварылiся ў вынiку злiцця прыназоўнiка з назоўнiкам: замест, наконт, накшталт, звыш;
прыслоўi, якiя ўжываюцца ў якасцi прыназоўнiкаў i з'яўляюцца вынiкам злiцця склонавых форм назоўнiкаў з прыназоўнiкамi: зверху, наперадзе, наперакор, насустрач (насустрэчу), уперад, уперадзе, услед (услед за цягнiком);
злучнiкi, якiя ўтварылiся ў вынiку злiцця прыназоўнiка з займеннiкам цi словамi колькi, столькi: затое, прычым, прытым, паколькi, настолькi. Такiя злучнiкi патрэбна адрознiваць ад словазлучэнняў прыназоўнiкаў з адпаведнымi займеннiкамi цi неазначальна-колькаснымi словамi: паволi рабiў, затое грунтоўна (але: за што ўзяў, за тое i аддаў); паколькi абяцаў, трэба зрабiць (але: бяром па столькi, па колькi дамовiлiся);
злучнiкi ажно, альбо (або), нiбы, нiбыта, каб;
злучнiк ды з часцiцай i (пераважна ў далучальным значэннi), утвараючы складаны злучнiк дый: зраблю дый годзе. Складаны злучнiк дый, якi ўжываецца пераважна для далучэння сцвярджэння закончанасцi, спынення дзеяння, неабходна адрознiваць ад састаўнога злучнiка ды з часцiцай i са значэннем далучэння: нiхто больш не прапанаваў, ды i нiчога не хацелася;
займеннiкi i прыслоўi з постфiксамi -сь, -сьцi: дзесь, хтось, дзесьцi, хтосьцi, кудысьцi, чыйсьцi, якiсьцi;
займеннiкi з пачатковай узмацняльнай часцiцай а: анiхто, анiяк, анiдзе, анiкуды. Часцiца а пiшацца разам з часцiцай нi: анi воблачка, анi нiчога, анi не хачу.
2. Пiшуцца асобна словы ў састаўных злучнiках: таму што, так што, хiба што, як толькi, як быццам, перш чым, гэта значыць, то так, а таксама ў словазлучэннях, якiя ўжываюцца ў функцыi пабочных слоў: можа быць, так кажучы, такiм чынам i iнш.
3. Пiшуцца праз злучок:
складаныя прыназоўнiкi з-за, з-пад, з-над, з-памiж, з-па-над, па-за, па-над;
складаныя выклiчнiкi, падзыўныя i гукапераймальныя словы: о-го-го, вой-вой-вой, о-ё-ёй, а-я-яй, дзю-дзю-дзю, ха-ха-ха, дзын-дзын-дзын, ку-ку, трах-тарарах, уга-уга i iнш.;
словы з прыстаўкай абы-, постфiксамi -небудзь, -колечы (-кольвечы, -кольвек), часцiцай то: абы-хто, абы-што, абы-дзе, абы-адкуль, хто-небудзь, дзе-небудзь, куды-небудзь, як-колечы (кольвечы), ён-то, сказаць-то сказаў.
4. Займеннiкi абы-хто i абы-што пры спалучэннi з прыназоўнiкамi пiшуцца асобна: абы ў каго, абы да каго, абы з чым.
5. Займеннiк абы-якi пры спалучэннi з прыназоўнiкамi перадаецца або трыма словамi (абы з якiмi), або двума (з абы-якiмi).
6. Словы, вытворныя ад прыслоўя абы-як, з прэфiксам абы пiшуцца разам: абыякавы, абыякава, абыякавасць, абыякаваты i iнш.
7. Часцiца такi пiшацца праз злучок у словах тыпу ўсё-такi, так-такi, а таксама ў тых выпадках, калi яна стаiць пасля дзеяслова: прыйшоў-такi сам. Ва ўсiх астатнiх выпадках часцiца такi пiшацца асобна: Ён такi надумаўся прыйсцi. Ён усё ж такi думае прыехаць.
8. Пiшуцца асобна часцiцы бы (б), жа (ж): прыйшоў бы, прыйшла б, казаў жа, чаму ж, хто ж бы, як жа ж, а таксама што ў такiх спалучэннях, як пакуль што, амаль што, толькi што, сама што, хiба што i iнш.
§ 40. Правапiс не (ня) i нi
1. Не (ня) пiшацца разам:
калi без не (ня) слова не ўжываецца: небарака, неруш, неслух, невук, немаўля, невiдзiмка, незабудка, нечысць, нелюдзiм, нехрысць, нядзеля, нявестка, нягода, нястача, нябыт, нявер'е, нязгрэба, нядбальства; ненавiдзець, непакоiцца, нездаровiцца, недамагаць, няможацца, няволiць; непахiсны, непарушны, незабыўны, нелюдзiмы, нехлямяжы, нечуваны; няспынна, няўцям, няшчадна, нельга, няма;
з назоўнiкамi, калi адмоўе прыдае слову без гэтай часцiцы значэнне супрацьпастаўлення, адмаўлення: неспецыялiст, нечалавек, неметал, нятэрмiн, нелiнгвiст i iнш., напрыклад: рознiца памiж тэрмiнамi i нятэрмiнамi, кнiга прызначана ў асноўным для неспецыялiстаў, нелiнгвiсту гэтыя тэрмiны могуць быць незнаёмыя;
з прыметнiкамi i прыметнiкавымi прыслоўямi на -о (-а), калi спалучэнне iх з не служыць не для адмаўлення якога-небудзь паняцця, а для выражэння новага, супрацьлеглага паняцця: невысокi (нiзкi), нешырокi (вузкi), недалёкi (блiзкi), неспакойны (якi хвалюецца), невялiкi (малы), нелегальна (падпольна, скрыта), нямнога (мала) i iнш., а таксама з прыслоўем няйначай (абавязкова). Наяўнасць паясняльных слоў, як правiла, не ўплывае на напiсанне разам не з прыметнiкамi: незнаёмы нам аўтар, невядомыя навуцы факты, непрыгодны для будоўлi матэрыял, няправiльныя ў многiх адносiнах вывады;
у дзеяслоўнай прыстаўцы неда-, якая абазначае неадпаведнасць патрэбнай норме: недалiчваць (мець менш, чым трэба), недаацэньваць (ацэньваць нiжэй, чым належыць), недаважваць (адважваць менш, чым патрабуецца), недагледзець (дзiця), недавыканаць (выканаць менш за норму), недамерваць (адмерваць менш, чым трэба). Ад дзеясловаў з прыстаўкай неда- адрознiваюцца дзеясловы з прыстаўкай да-, якiя спалучаюцца з не i абазначаюць не даведзенае да канца дзеянне: не давучыцца да канца, не дачакацца цябе, не даскочыць да берага, не дасядзець да канца, не даглядзець фiльм;
з дзеепрыметнiкамi, пры якiх адсутнiчаюць паясняльныя словы цi супрацьпастаўленне: неасушаныя (балоты), нержавеючая (сталь), нечаканы (прыход), непрыбраны (пакой), незачыненыя (дзверы), няходжаная (сцежка); але: не засеянае жытам поле, не асушаныя да гэтага часу балоты. Не (ня) пiшацца разам з поўнымi дзеепрыметнiкамi i прыметнiкамi пры наяўнасцi пры iх слоў вельмi, надта, зусiм, выключна, абсалютна, незвычайна i iнш.: вельмi неабдуманы ўчынак, выключна неспрыяльнае надвор'е, абсалютна непрымальная прапанова, зусiм някепскi вынiк, надта няласкавы прыём;
з займеннiкамi, калi на часцiцу не падае нацiск i памiж не i займеннiкам няма прыназоўнiка, i з падобнымi займеннiкавымi прыслоўямi: не`хта, не`шта, не`кага, не`чага, не`каму, не`чаму; не`йкi, не`йчы, не`калi, не`куды, не`як, не`калькi, не`дзе, не`адкуль; але: не адкуль, не адтуль (пры нацiску на займеннiкавым прыслоўi);
у прыслоўях: нечакана, неабсяжна, неўзабаве, незадоўга, неўпапад, непадалёк, неўзаметку, няўцям, нехаця, нельга; у прыназоўнiку нягледзячы на; у часцiцах няўжо, няхай, постфiксе -небудзь (як-небудзь, хто-небудзь) i слове няма.
2. Не пiшацца асобна:
з дзеясловамi i дзеепрыслоўямi: не бачыў, не ведаў, не буду рабiць, не бяры, не рабi, не курыць; не ведаючы куды; рабiць не спяшаючыся; сказаць не падумаўшы;
са словамi iншых часцiн мовы, калi ёсць або падразумяваецца супрацьпастаўленне: не шчасце, а адно гора з вамi; любога колеру, толькi не жоўтага; заходзiць да нас, але не часта; не два - больш; не каму, а вам будзе лепш; не пашкоджаны, але не працуе нешта; вада не гарачая - ледзь цёплая; не далёка - зусiм блiзка;
з поўнымi дзеепрыметнiкамi, калi пры iх ёсць паясняльныя словы: да канца не вырашанае пытанне, не пакiнутая без увагi парада, даўно не стрыжаны, цалкам не ўпэўнены;
з дзеепрыметнiкамi ў кароткай форме: у пакоi (было) не прыбрана, твае правы (былi) не парушаны, дзверы не зачынены;
з прыметнiкамi, прыслоўямi, калi ў якасцi паясняльнага слова выступае займеннiк або займеннiкавае прыслоўе, якiя пачынаюцца з нi: нiкому не патрэбны, нiхто не галодны, нi да чаго не здольны;
з прыметнiкамi i прыслоўямi з паясняльным словам, якое мае ацэначнае значэнне якасцi: далёка не лепшы вынiк, сёння дзень зусiм не горшы за мiнулы, не спелы яшчэ яблык;
з нязменнымi словамi не трэба, не варта, не шкода, не супраць, якiя выступаюць у якасцi выказнiка;
з усiмi словамi, часткi якiх пiшуцца праз злучок: паступiў не па-сяброўску, зроблена не па-людску, не навукова-папулярны фiльм;
асобна пiшуцца часткi выразу не раз: Не раз прыходзiлася яму хадзiць праз гэты лес;
у зваротах не хто iншы, як; не што iншае, як; не хто iншы, а; не што iншае, а, у складзе якiх ёсць адносныя займеннiкi хто, што i азначальны займеннiк iншы (хто iншы, што iншае), якiя ў спалучэннi з не з'яўляюцца адмаўленнем iх сумеснага значэння: не хто iншы ўзяў, як ён; не хто iншы, а толькi ён; гэта не што iншае, як вапна; гэта не што iншае, а толькi нейкi звярок прашмыгнуў; але: нiхто iншы не быў, толькi ён; нiшто iншае не цiкавiць яго, адно толькi кнiгi.
3. Нi пiшацца разам:
у займеннiках, калi нi не аддзелена ад займеннiка прыназоўнiкам: нiхто, нiшто, нiкога, нiчога, нiякi, нiчый, нiякаму, нiчыйго, нiчыiм; але: нi ў кога, нi ў якiм, нi ў якiя, нi да чаго, нi да каго;
у прыслоўях нiколi, нiдзе, нiкуды, нiадкуль, нiяк, нiколькi, нiчуць, а таксама ў вытворных словах: нiчыйны, нiштаваты, нiякавата, нiякаватасць;
у слове нiбы (нiбыта).
4. Нi пiшацца асобна перад выказнiкам у даданых частках складаных сказаў, калi служыць для ўзмацнення сцвярджальнага значэння: Дзе б нi быў я, Мiнскам ганаруся; а таксама ва ўстойлiвых узмацняльных зваротах: што нi кажы; з кiм бы то нi было; што б там нi было.
Глава 8
ПРАВIЛЫ ПЕРАНОСУ
§ 41. Правiлы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў, умоўных графiчных скарачэнняў i iншых знакаў
1. З аднаго радка на другi слова пераносiцца па складах: во-ля, тра-ва, за-яц, га-ла-ва, ка-ва-лак, стра-ка-ты, пра-ве-рыць, пе-ра-кi-нуць.
2. Калi ў сярэдзiне слова памiж галоснымi маецца спалучэнне зычных, то пераносiцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка. Можна пераносiць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка; кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; ра-змова, раз-мова; за-става, зас-тава; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; дзя-цi-нства, дзя-цiн-ства, дзя-цiнс-тва, дзя-цiнст-ва; двац-цаць, два-ццаць; калос-се, кало-ссе; сол-лю, со-ллю; памяц-цю, памя-ццю; мыц-ца, мы-цца; паа-бапал, па-абапал; насен-не, насе-нне.
3. Пры пераносе нельга:
пакiдаць або пераносiць на наступны радок адну лiтару, нават калi яна адпавядае складу: аса-ка, лi-нiя, ра-дыё, еха-лi, па-коi;
разбiваць пераносам спалучэннi лiтар дж i дз, калi яны абазначаюць адзiн гук [дж], [дз']: ура-джай, са-джаць, ра-дзi-ма, ха-дзiць. Спалучэннi дж i дз можна разбiваць пераносам, калi д адносiцца да прыстаўкi, а з, ж - да кораня: пад-жары, ад-жаць, пад-земны, ад-значыць;
аддзяляць ад папярэдняй галоснай лiтары й i ў: сой-ка, бой-кi, май-стар, дай-сцi, зай-мацца, праў-да, слоў-нiк, маў-чаць, заў-тра, праў-нук;
аддзяляць мяккi знак i апостраф ад папярэдняй зычнай: буль-ба, прось-ба, вазь-му, бур'-ян, сем'-яў, мыш'-як.
4. У складаных словах кожная iх частка пераносiцца згодна з правiламi пераносу асобных слоў: се-на-ўбо-рка, збож-жа-зда-ча.
5. Не дзеляцца пры пераносе абрэвiятуры, якiя пiшуцца вялiкiмi лiтарамi або з'яўляюцца спалучэннем лiтар i лiчбаў, а таксама графiчныя скарачэннi слоў i выразаў: ААН, ЮНЕСКА, НАТА, АБСЕ, ДАI, АI-95, г.д., г.зн., стст.; не адрываюцца пры пераносе ад лiчбаў далучаныя да iх злучком канчаткi або часткi канчаткаў: а 19-й (гадзiне), 1-га (студзеня); не адрываюцца ад прозвiшчаў iнiцыялы: Я.Брыль, К.М.Мiцкевiч, Я.Ф.Карскi, Гурскi М.I.; не пераносяцца на наступны радок знакi прыпынку; не пераносiцца на наступны радок злучок (дэфiс), якi супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставiцца); пры пераносе нельга адрываць ад лiчбы скарочаныя назвы адзiнак вымярэння: 1990 г., XXI ст., 100 кг, 50 га, 2 км, 10 см, 1000 руб.
Раздзел II
ПУНКТУАЦЫЯ
Глава 9
КРОПКА
§ 42. Правiлы пастаноўкi кропкi
1. Кропка ставiцца ў канцы закончанага апавядальнага сказа: Вечар быў цёмны i цiхi. Побач з чыгункай стаяў высокi стары лес, таемны, пануры i важны. На станцыi шумеў паравоз таварнага цягнiка, шумеў цiха i роўна, як бы баючыся парушыць спакой гэтага лесу. Замаўкаюць птушыныя звонкiя спевы, калi восень прыходзiць у край наш лясны. Позняя ноч. Цiшыня.
2. Калi ў канцы апавядальнага сказа ў дужках указваецца аўтар або даецца пашпартызацыя, то кропка ставiцца пасля дужак: Жнеi спяваюць у полi, жыта густое жнучы (М.Танк). Госця, маладая дзяўчына, сядзела ў пакоi i цiха размаўляла з мацi (У.Караткевiч). Выдатны паэт i крытык Максiм Багдановiч вылучаўся глыбокай i шырокай адукацыяй, тонкiм разуменнем паэзii (ЛiМ).
3. Пасля слоў i сказаў, якiя з'яўляюцца загалоўкамi да тэкстаў, папер рознага прызначэння, а таксама кнiг, карцiн, фiльмаў i iншых твораў, пасля надпiсаў на шыльдах кропка не ставiцца. Калi ж загаловак, назва або надпiс складаюцца з двух або некалькiх сказаў, то кропка пасля апошняга сказа не ставiцца: Рэстаран "Ружа". Сямейныя абеды
4. Кропкай звычайна аддзяляецца "назоўны тэмы" - назва прадмета, асобы цi з'явы, пра якую будзе iсцi гаворка ў наступным тэксце.
Напрыклад:
Пiхты. Вынослiвыя, гонкiя, стройныя. Яны, як громаадводы, тырчаць з тайгi. Без сукоў, адны голыя ствалы. Толькi на самай макавiне дзе-нiдзе рэдзенькiя кароценькiя лапкi (Я.Сiпакоў).
Дзед Мiронавiч. З-за яго i запiсваю гэта. Дзед - у капелюшы, з сахаром у руцэ. А барада... раскошная, як у прарока (Я.Брыль).
5. Кропка ставiцца ў канцы пабуджальных сказаў, калi просьба цi пажаданне выказаны спакойным тонам, без клiчнай iнтанацыi.
Напрыклад:
Нiколi не спыняйцеся на паўдарозе (Я.Колас).
Не шумiце, вербы, ля майго акна (П.Броўка).
Бярыце, дзецi, кошыкi, паедзем мы на пошукi тугiх баравiкоў (П.Панчанка).
Не хiтруй, Аўсееў. Тут табе не кiрмаш - таргавацца. Табе загадана, ты i выконвай (В.Быкаў).
6. Кропка ставiцца ў канцы складаных сказаў з ускосным пытаннем.
Напрыклад:
Пятро падышоў i спытаў у шафёра, цi можна пад'ехаць (I.Шамякiн).
Дзед Талаш i Мартын Рыль сталi раiцца аб тым, што рабiць далей i куды iсцi (Я.Колас).
Мiхалка i не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар (К.Чорны).
7. Кропка ставiцца пасля сцвярджальных цi адмоўных слоў-сказаў так, не i iх сiнонiмаў (ага, але, эге, ну, добра i iнш.) пры адсутнасцi клiчнай або пытальнай iнтанацыi.
Напрыклад:
"У бiблiятэку збiраецеся?" - "Так".
"А вы, уласна кажучы, хто? Iнжынер?" - "Не. Настаўнiца" (I.Шамякiн).
"Ты мяне слухаеш?" - "Ага" (Я.Колас).
8. Кропка ставiцца перад злучнiкамi i, ды, а, але, аднак i iнш., калi яны звязваюць памiж сабой самастойныя сказы.
Напрыклад:
Лабановiч борздзенька кiнуўся да форткi. Але там было ўсё цiха (Я.Колас).
Саўчанка дазволiў разлiкам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нiшах, не надта спiцца (I.Шамякiн).
9. Кропкай аддзяляюцца асобныя часткi выказвання пры парцэляцыi.
Напрыклад:
Людзi змагаюцца i перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць... (I.Шамякiн).
"Тады будзе мiр. I шчасце. I жыццё", - сказаў я не без некаторага пафасу (В.Быкаў).
10. Кропка ставiцца ў канцы рубрык пералiчэння, калi гэтыя рубрыкi з'яўляюцца самастойнымi сказамi. Паслядоўнасць пунктаў пазначаецца лiчбамi з кропкай.
Напрыклад:
У пастанове былi запiсаны чатыры пункты:
1. Арганiзаваць саюз настаўнiкаў на падставе пастановы сходу ад 9 лiпеня 1906 года.
2. Саюз ставiць сабе асноўнай мэтай - весцi барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды iдэi рэвалюцыi сярод насельнiцтва i распаўсюджання рэвалюцыйнай лiтаратуры. Кожнаму члену арганiзаванага настаўнiцкага саюза ставiцца ў абавязак - стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасцi членаў у саюз настаўнiкаў.
3. Арганiзаванаму настаўнiцкаму саюзу далучыцца да Усерасiйскага саюза настаўнiкаў i ўвайсцi з iм у цесныя зносiны.
4. Для вядзення спраў саюза выбiраецца бюро ў складзе 3-х асоб: Садовiча, Райскага i Тукалы (Я.Колас).
11. Кропка ставiцца пасля ўмоўных графiчных скарачэнняў (акрамя стандартных скарочаных абазначэнняў метрычных мер): г. Мiнск; в. Лебядзiнец; г. Капыль Мiнскай вобл.; але: 100 г, 5 см, 3 сек i iнш.
Калi ўмоўным графiчным скарачэннем заканчваецца сказ, то ў канцы сказа другая кропка не ставiцца.
Напрыклад:
Iснуюць iндукцыйная электрычная зварка (токамi высокай частаты), зварка электронным промнем i iнш.
12. Кропкай аддзяляюцца назвы дзеючых асоб у драматургiчных творах, калi гэтыя iмёны запiсваюцца ў адным радку з рэплiкай.
Напрыклад:
Ч а р н а в у с. Можа, я занадта рэзка выступiў. Трэба будзе пагаварыць з iм.
В е р а. Я лiчу, што вы вельмi добра выступiлi, i няма чаго вам прабачэння прасiць (К.Крапiва).
13. Кропка ставiцца ў спасылках (у тым лiку i падрадковых) пры ўказаннi на крынiцу цытаты пасля прозвiшча аўтара, калi ўслед за iм iдзе назва твора гэтага аўтара.
Напрыклад:
Было лета, самая зялёная пара яго (I.Мележ. "Подых навальнiцы").
Тварэц мовы - народ. Задача ж пiсьменнiка - у фармiраваннi, адборы лепшага, у прывядзеннi мовы да лiтаратурных норм. Як бачым, задача немалая. Мы павiнны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую i выразную (Я.Колас. "Развiваць i ўзбагачаць лiтаратурную мову").
Глава 10
ПЫТАЛЬНIК
§ 43. Правiлы пастаноўкi пытальнiка
1. Пытальнiк ставiцца ў канцы простага сказа (у тым лiку слова-сказа), якiм выражаецца прамое пытанне.
Напрыклад:
Дзе вы, песнi жнiўныя? Хто вас адвячоркамi панясе над нiваю? (П.Броўка).
Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? (Я.Колас).
- Няўжо дачакалiся? Няўжо праўда? - бы дзiця, радавалася дзяўчына (В.Быкаў).
- Га? - не зразумеў пытанне дзед (Я.Колас).
2. Пытальнiк ставiцца ў канцы складаназалежнага сказа, калi пытанне выражана ў галоўнай i даданай частках або толькi ў галоўнай.
Напрыклад:
Цi ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак? (Я.Колас).
Хто згадае, чаго сэрца плача? (П.Трус).
Край мой родны! Дзе ж у свеце край другi такi знайсцi, дзе б магла так, поруч з смеццем, гожасць пышная ўзрасцi? (Я.Колас).
Што можа быць даражэйшае сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? (К.Крапiва).
Пытальнiк можа ставiцца ў канцы складаназалежнага сказа i тады, калi прамое пытанне заключаецца ў даданай частцы.
Напрыклад:
I скажы, дзядок, адкуль хмары гэтыя выходзяць? (Я.Колас).
3. Пытальнiк ставiцца ў канцы складаназлучанага i бяззлучнiкавага складанага сказа, калi кожная яго частка або толькi апошняя частка выражае пытанне.
Напрыклад:
Цi гэта казку лес складае, цi даль ачнулася нямая i немасць песняй парушала? (Я.Колас).
Яго пакрыўдзiлi, зняважылi, а ён будзе кланяцца iм? (Я.Колас).
Стамiўся ў дарозе, ды дзе спачываць? (П.Броўка).
Паслухай добра: чуеш песнi? (Я.Колас).
4. У пытальных сказах з аднароднымi членамi сказа пытальнiк можа ставiцца пасля кожнага аднароднага члена з мэтай раздзялення пытання.
Напрыклад:
Вольна iшлi яны [калгаснiкi] пушчай, прыцiшыўшы крокi... Стрэл адзiнокi рэхам трывожна глухiм дакацiўся да iх. Што гэта? Стрэл паляўнiчы? Цi знак таямнiчы? (А.Куляшоў).
Глава 11
КЛIЧНIК
§ 44. Правiлы пастаноўкi клiчнiка
1. Клiчнiк ставiцца ў канцы простага i складанага сказаў, якiя вымаўляюцца з клiчнай iнтанацыяй.
Напрыклад:
Эх, i прывабныя стаяць летнiя дзянькi! (I.Навуменка).
Што за дзяўчына! Што за натура! (Я.Колас).
Як хацеў бы я па палях прайсцi i ўпiцца iх пахам, росамi, паглядзець, зiрнуць, як жыты растуць, як калосiкi налiваюцца! (Я.Колас).
Цыц! Не смець казаць мянушку, а то знiму на вас папружку! (Я.Колас).
"Рукi ўгору!" - грымнуў тут дзядзька Мiрон... (М.Лынькоў).
Ён не служка тут больш - квiта! (Я.Колас).
Калi часткi складанага сказа з'яўляюцца клiчнымi, то яны раздзяляюцца коскай або iншым знакам прыпынку, а ў канцы сказа ставiцца клiчнiк.
Напрыклад:
Якiя знаёмыя назвы i словы, якая цудоўная родная мова! (П.Панчанка).
Ты паслухай, Апанас, што за голас, што за бас! (Я.Колас).
Параўн.: Колькi хараства i чароўнага прывабу ў сiнiх далях! Колькi новых малюнкаў, свежых матываў i таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам i сэрцу падарожнага! (Я.Колас).
Страницы: | Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 | Стр.5 | Стр.6 |
|