Стр. 4
Страницы: | Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 | Стр.5 | Стр.6 |
Нягледзячы на трывожны час, рынак жыў сваiм звычайным жыццём (А.Якiмовiч).
У адпаведнасцi з законам, кожны мае права на працу.
Пры такiх акалiчнасных канструкцыях з некаторымi прыназоўнiкамi дапускаецца адсутнасць коскi, калi яны сэнсава i iнтанацыйна не выдзяляюцца.
Напрыклад:
А млын - добры пункт, дзе можна ў выпадку патрэбы схавацца (З.Бядуля).
У адпаведнасцi з надвор'ем гэтак жа часта змяняе свой колер i возера (В.Вольскi).
16. Коскамi выдзяляюцца iнфiнiтыўныя звароты, калi яны далучаюцца да выказнiка пры дапамозе злучнiкаў каб, для таго каб, з тым каб, замест таго каб i iнш.
Напрыклад:
На тое ён i лес, каб шумець (К.Крапiва).
Зрабiлi б што-небудзь карыснае, замест таго каб гуляць.
17. Не выдзяляецца коскамi iнфiнiтыўны зварот з каб, калi ён уваходзiць у пытальную сiнтаксiчную канструкцыю з пачатковым што: Што каб пайсцi ў адпачынак? А што каб сказаць? А што каб запрасiць iх у госцi? i iнш.
18. Коскамi могуць выдзяляцца акалiчнасцi, выражаныя прыслоўямi або прыслоўнымi зваротамi, што адносяцца да выказнiка i маюць значэнне заўвагi.
Напрыклад:
Хведар бег, аслабела i няўцямна, ужо не выбiраючы шляху (В.Быкаў).
Сабака ўсё брахаў, заложна i аднатонна (К.Крапiва).
§ 51. Коска пры словах i спалучэннях слоў, якiя ўдакладняюць або абмяжоўваюць значэнне iншых слоў у сказе
1. Коскамi выдзяляюцца акалiчнасцi, выражаныя словамi i спалучэннямi слоў са значэннем месца, часу, спосабу дзеяння i iнш., якiя стаяць побач i ўдакладняюць, канкрэтызуюць цi ўзмацняюць сэнс папярэднiх слоў, што маюць больш шырокае значэнне.
Напрыклад:
Тут, на высокай i даволi прасторнай пляцоўцы, i знайшло сабе цiхi прыпынак сяло Верхань (Я.Колас).
За дваром, на бярозах, была пасека - больш за дзясятак лiпавых вулляў (М.Лупсякоў).
Адтуль, недзе з-за ўзгорка, даносiлiся невыразныя, як бы прыглушаныя, гукi (К.Крапiва).
А было гэта тыдзень таму, у нядзелю, пад вечар (Я.Брыль).
2. Калi другая акалiчнасць мае больш шырокае значэнне, чым папярэдняя, то яна не ўдакладняе, а толькi паясняе папярэднюю i коскамi не выдзяляецца.
Напрыклад:
Зусiм iнакш iшло жыццё ў сасняку за горадам, дзе быў штаб фронту (I.Мележ).
Яшчэ зранку на другi дзень па вёсцы панеслася чутка пра гэта здарэнне.
3. Калi другая акалiчнасць у адносiнах да папярэдняй мае больш вузкае значэнне, але па сэнсе i iнтанацыйна не выдзяляецца, то памiж iмi коска не ставiцца.
Напрыклад:
А там за возерам, як струнка, пралегла роўненька чыгунка (Я.Колас).
На балоце паабапал дарогi раслi кусты лазы i алешнiку (Я.Колас).
Дзялiлi лужок найчасцей у нядзелю пад вечар (Я.Брыль).
4. Калi ў сказе стаяць побач адна за адной тры i больш акалiчнасцi, з якiх наступная ўдакладняе папярэднюю, але апошняя не мае ўдакладняльнага значэння, то пасля яе коска не ставiцца.
Напрыклад:
Там, на ўзлессi, на высокiм дрэве з разгалiстай кронай у гняздзе шчабяталi птушаняты.
5. У творах мастацкай лiтаратуры i ў перыядычным друку пры выдзяленнi ўдакладняльных акалiчнасцей з узмацняльным значэннем часам ужываецца працяжнiк.
Напрыклад:
Стрэлы чутны толькi недзе далёка - у лесе (Я.Скрыган).
6. Коскамi выдзяляюцца акалiчнасцi, выражаныя словамi i спалучэннямi слоў, якiя ўдакладняюць, падкрэслiваюць значэнне папярэдняга прыметнiка, займеннiка i iнш.
Напрыклад:
З яснага, без адзiнай хмурынкi, глыбокага неба россыпам зорак свяцiў поўны месячык (I.Шамякiн).
Крыху далей стаяла невялiкая, хат на дзесяць, вёсачка (Я.Сiпакоў).
Хвалiстыя, доўгiя, ледзь не ў пояс, валасы... былi незвычайнага, попельнага колеру (Т.Бондар).
7. Коскамi выдзяляюцца спалучэннi слоў i асобныя словы, якiя ўдакладняюць або абмяжоўваюць, выдзяляюць цi ўзмацняюць сэнс папярэднiх цi наступных слоў, далучаючыся да iх непасрэдна або пры дапамозе выразаў у тым лiку, у тым лiку i, апрача (апроч), акрамя, амаль, за выключэннем, галоўным чынам, па прозвiшчы (па мянушцы i iнш.), гэта значыць, так званы, або, цi (у значэннi "гэта значыць"), асаблiва, нават, напрыклад, як, у прыватнасцi, i ў прыватнасцi, i прытым i iнш.
Напрыклад:
Усе палешукi, у тым лiку i стараста, пiсаць не ўмелi (Я.Колас).
Вада ў Нёмане, нават каля берага, не iдзе, здаецца, а бяжыць (Я.Брыль).
Усе птушкi, i нават непаседлiвыя крыклiвыя вераб'i, схавалiся ад навальнiцы (Я.Маўр).
Добра памагае падбел супроць падагры, цi, як цяпер кажуць, адкладання солi (В.Вольскi).
8. Калi спалучэннi слоў з апрача, акрамя i iншымi маюць пры сабе ўзмацняльную часцiцу i, то яны звычайна коскамi не выдзяляюцца.
Напрыклад:
Пабываў ля крынiцы нехта i акрамя нас.
§ 52. Коска пры пабочных i ўстаўных канструкцыях
1. Коскамi выдзяляюцца пабочныя словы i канструкцыi, якiя стаяць у сярэдзiне або ў пачатку сказа: безумоўна, бясспрэчна, вядома, канечне, зразумела, напэўна, сапраўды, праўда, пэўна, вiдавочна, вiдаць, здаецца, здавалася, мабыць, магчыма, можа, мусiць, няйначай, бадай, знаць, нябось, часам, бывае, бывала, як вядома, як вiдаць, па ўсiм вiдаць, можа быць, чаго добрага, таго i глядзi, само сабой разумеецца i iнш.
Напрыклад:
I я, безумоўна, шчаслiвы i рад, што добра зародзiць густая пшанiца (П.Глебка).
Лабановiч, вiдавочна, быў задаволены, што не трэба доўга шукаць фурманкi (Я.Колас).
Захар Крымянец зiрнуў на зоркi, падумаў пра мароз, якi, няйначай, збярэцца да ранiцы (М.Лынькоў).
Але расстацца нам час наступае; пэўна, ужо доля такая ў нас (М.Багдановiч).
Хацелася мне, вядома, пачуць ад Коласа нешта незвычайнае, важнае (Я.Брыль).
Не можа быць, канечне, i размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака (У.Караткевiч).
Адразу пасвятлела. Вiдаць, ужо ўзышло сонца (I.Мележ).
Як радасна ён сустракаў, бывала, Вялiкдзень (Я.Колас).
2. Не выдзяляюцца коскамi тыя словы, якiя ўжываюцца ў ролi мадальнай часцiцы або са значэннем прыслоўя i выражаюць сцвярджэнне, узмацненне: можа, няйначай, пэўна, напэўна, канечне, сапраўды, часам, бывае, бывала, бадай, бадай што, мо (усечаная форма слова можа) i iнш., а таксама словы вiдаць, здавацца, якiя ў сказе выступаюць выказнiкам.
Напрыклад:
Можа за якой паўгадзiны батальён па вузкiх i слiзкiх ходах, траншэях быў выведзены ў лагчыну... (I.Шамякiн).
Цяпер зiма напэўна ляжа (Я.Колас).
Такiя корчмы-станцыi Мiнскi тракт меў бадай праз кожныя дзесяць кiламетраў (З.Бядуля).
Мiкiта - нелюдзiмы, удзень яго бадай што i не спаткаеш на людзях... (Я.Колас).
Дымiць туман. Мо лепш перачакаць, пакуль зара не прыадчынiць дзверы? (М.Танк).
Адтуль вiдаць адразу пяць азёр (Я.Брыль).
Часамi Лабановiчу здавалася, што вынiкi дасягнуты нязначныя (Я.Колас).
3. Выдзяляюцца коскамi спалучэннi слоў i сказы, якiя маюць значэнне эмацыянальнай ацэнкi фактаў рэчаiснасцi, а таксама перадаюць пачуццёвую рэакцыю на тыя факты, пра якiя гаворыцца ў сказе: на жаль, на вялiкi жаль, на шчасце, як на тое шчасце, на маё здзiўленне, як на тое лiха, як на грэх, як на тую бяду, хвароба на iх i iнш.
Напрыклад:
Аж тут, як на тое шчасце, стаiць сагнутая бярэзiна (С.Грахоўскi).
Хата была, на шчасце, ужо абжытая (П.Пестрак).
Але, на маё здзiўленне, ён адказвае зусiм не так, як я думаў (А.Асiпенка).
Як на грэх, лоў быў шчаслiвы (Я.Колас).
Нават сорам на хатнiх зiрнуць: цi не ўцямiлi, хвароба на iх, ад чаго мой тварык смяецца, ад чаго маё сэрцайка б'ецца (М.Багдановiч).
4. Коскамi выдзяляюцца словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя паказваюць на крынiцу паведамлення, на прыналежнасць выказанай думкi: па-мойму, па-твойму, па-ягонаму, па-вашаму, па-iхняму, маўляў, думаю, на мой погляд, з пункту гледжання (каго-небудзь), на думку (каго-небудзь), як вядома, як кажуць, як людзi кажуць, як той казаў i iнш.
Напрыклад:
Гэта, па-мойму, i ёсць сапраўдная сувязь з жыццём (К.Чорны).
Выходзiць, па-ягонаму, што ледзь не самi мы вiнаваты, а не той, што наша дабро крадзе (Я.Брыль).
Яшчэ, як той казаў, не ўсё скончана (Я.Брыль).
5. Коскамi выдзяляюцца словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя перадаюць адносiны да спосабу выражэння думкi, матывацыю спосабу выказвання цi выбару стылiстычных сродкаў мовы: адным словам, словам, што называецца, скажам, як гаворыцца, як гэта гаворыцца, iнакш кажучы, карацей кажучы, уласна кажучы, прасцей кажучы, шчыра кажучы, не пры вас кажучы, праўдзiвей сказаць, папраўдзе сказаць, так сказаць, з дазволу сказаць, я сказаў бы i iнш.
Напрыклад:
Скажам, аб вадзе гамонкi не было спрадвек, бо хапала нам заўсёды i азёр, i рэк (А.Астрэйка).
Шчыра кажучы, я толькi лiчуся брыгадзiрам (А.Асiпенка).
6. Коскамi выдзяляюцца словы, спалучэннi слоў i сказы, што выражаюць адносiны гаворачай асобы да слухача: бачыш (бач), прызнацца, кажаш, кажаце, ведаеш, ведаеце, разумееш, разумееце, паверце, выбачайце, даруйце, даруйце мне, калi ласка, калi хочаце ведаць, цi дасце веры, зрабiце ласку i iнш.
Напрыклад:
Але ж язык у цябе, даруй мне, як тая мянташка (М.Лынькоў).
Напiшы мне, калi ласка, пiсямко дахаты! (Я.Колас).
Я, шчыра прызнацца, i загад на вас падрыхтаваў (А.Асiпенка).
7. Коскамi выдзяляюцца словы i спалучэннi слоў, якiя служаць сродкамi сувязi асобных частак выказвання i ўказваюць на паслядоўнасць, абмежаванне, удакладненне, супастаўленне або аб'яднанне частак тэксту, на выражэнне вынiку, заключэння i пад.: па-першае, па-другое, па-трэцяе i iнш., першае, другое, трэцяе i iнш., нарэшце, значыць, дарэчы, наогул, аднак, прынамсi, наадварот, з аднаго боку, з другога боку, у сваю чаргу, разам з тым, у прыватнасцi, мiж iншым, мiж тым, да таго ж, такiм чынам, галоўным чынам, па крайняй меры i iнш.
Напрыклад:
Турсевiч - гэта мой настаўнiк i мой зямляк, прынамсi, аднае воласцi (Я.Колас).
Валодзька выпрасiў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён (Я.Брыль).
Спазнiлiся, аднак, на вялiкае спатканне, трэба было раней (В.Быкаў).
Мiкола быў, мiж тым, дома (К.Чорны).
З другога боку, Ядвiсi было цiкава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнiк... (Я.Колас).
Па крайняй меры, для яго нiчога ўжо не будзе (В.Быкаў).
Такiм чынам, усе няяснасцi, сумненнi, прынесеныя Саўкам, цяпер развеялiся (Я.Колас).
8. Калi слова нарэшце не выконвае функцыi пабочнага слова i выражае часавае значэнне, то яно коскамi не выдзяляецца.
Напрыклад:
Нарэшце да Панаса падыходзiць шырокi чалавек з жорсткiмi вусамi (Я.Колас).
Тым часам поезд з кожнай хвiлiнай наблiжаўся да вакзала i нарэшце спынiўся (Я.Колас).
Калi слова аднак у пачатку сказа цi другой часткi складаназлучанага сказа i пры аднародных членах ужываецца як супрацiўны злучнiк, яно коскай не аддзяляецца.
Напрыклад:
Турку стала лягчэй ад тае пахвалы, аднак ён прастадушна прызнаўся (В.Быкаў).
Трэба было паспаць. Аднак чамусьцi не спалася.
9. Спалучэннi слоў мiж тым, тым не менш, да таго ж, якiя ўжываюцца ў пачатку сказа або другой часткi складанага сказа, выконваюць функцыю злучнiка i коскай не аддзяляюцца.
Напрыклад:
У вас на мястэчка многа сiлы не патрабуецца, мiж тым вакол вялiкая патрэба ў людзях (Ц.Гартны).
На дварэ ноч. Мiж тым спаць не хочацца (I.Мележ).
Тым не меней ён [Лабановiч] устаў i рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына (Я.Колас).
Да таго ж Мiнiч яшчэ меў недахоп у вымаўленнi: ён шапялявiў (Я.Колас).
10. Коскамi выдзяляюцца словы i спалучэннi слоў, якiя не маюць уласна сiнтаксiчнага значэння i ўводзяцца ў сказ без якой-небудзь матывацыi: гэта, гэта самае, ну, вот, само сабой, знацца, значыцца, стала быць, так сказаць, брат ты мой, тудэма-сюдэма, калiна-малiна i iнш.
Напрыклад:
Зусiм не тое выйшла, зусiм не тое, што трэба было нашай, значыцца, вёсцы (М.Лынькоў).
Проста, ну, сiмпатызуюць адзiн другому маладыя, хiба ж iм i не пагаварыць, хiба ж iм i не пасмяяцца (М.Лынькоў).
Тудэма-сюдэма, куды тут садзiцца! (Я.Купала).
Чаго яны, калiна-малiна, там? (I.Мележ).
11. Коскамi выдзяляюцца пабочныя словы i спалучэннi слоў, якiя ўваходзяць у склад iншых пабочных цi ўстаўных сказаў, адасобленых зваротаў, удакладняльных цi iншых выдзеленых знакамi прыпынку частак сказа.
Напрыклад:
Немцы, як ты, мабыць, ведаеш, аднавiлi завод у Гудове (Б.Сачанка).
Боты - i выцер iх, здаецца! - усё ж такi наслядзiлi на чыстай чырвонай падлозе (Я.Брыль).
Не будку мае Жук - палацы (хоць не свае, вядома, працы) (К.Крапiва).
Людзi слухалi ўважлiва, баючыся, вiдаць, прапусцiць хоць адно слова (П.Пестрак).
Мы зайшлi ў крайнюю хату, пабудаваную, напэўна, пасля вайны.
Не чакаючы, як вiдаць, далейшай размовы, жанчына хутка выйшла з хаты (П.Галавач).
12. Калi пабочнае слова стаiць перад адасобленым зваротам, пабочным сказам або ўдакладняльнай канструкцыяй, то яно ўваходзiць у iх склад i коскай не аддзяляецца.
Напрыклад:
Старшыня iмклiва абыходзiць вакол машыны, няйначай прыглядаючыся неспакойным вокам да яе паклажы (I.Шамякiн).
Плылi ў вясновую сiнь за акно мяккiя акорды, уздыхала мора, i, можа заслухаўшыся гэтай музычнай вясной, не падавалi свайго голасу гарматы (I.Навуменка).
Аднекуль, мабыць з печы, да iх кiнулася жанчына (В.Быкаў).
13. Памiж пабочнымi словамi, спалучэннямi слоў i сказамi, якiя iдуць адно за адным, ставiцца коска.
Напрыклад:
Словам, на наша шчасце, хата нейкiм чынам уцалела (З.Бядуля).
Само сабой, канечне, паставiлi мы i хату (Б.Сачанка).
14. Пабочныя словы, спалучэннi слоў i сказы аддзяляюцца коскамi ад папярэднiх злучнiкаў, якiя звязваюць члены сказа або часткi складанага сказа.
Напрыклад:
Санкоўскi з ходу далучыўся да песнi, i, можа, ад таго яна загучала яшчэ энергiчней (П.Пестрак).
Твае [мацi] у мяне бровы, твой лоб i нос. Твой неспакой. I, пэўна, твой лёс (А.Вярцiнскi).
Маёр спынiўся каля дзвярэй, заплюшчыў вочы i, здалося мне, пахiснуўся (I.Шамякiн).
Тады спрэчкi не разлучалi iх, а, наадварот, яшчэ болей умацоўвалi (Я.Колас).
15. Злучнiк а, калi ён складае адно цэлае з наступным пабочным кампанентам сказа, не аддзяляецца ад апошняга коскай: а можа, а магчыма, а значыцца, а мiж iншым, а па-другое.
Напрыклад:
- I штаб па кiраўнiцтву партызанскiм рухам будзе? - пытаў Багавiк.
- Будзе. А можа, ён ужо i ёсць (В.Быкаў).
16. Не аддзяляецца коскай ад пабочных кампанентаў узмацняльная часцiца i.
Напрыклад:
I сапраўды, гэта не кепская думка! (Я.Колас).
Дожджык, i праўда, так i поўз за каўнер (Я.Брыль).
17. Коска не ставiцца памiж пабочнымi словамi i часцiцамi, якiя да iх адносяцца i стаяць пасля iх.
Напрыклад:
Можа б ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? (Я.Колас).
Ну, напэўна ж ёсць прычына, калi кпiць з цябе яна? (Я.Колас).
18. Коскамi выдзяляюцца ўстаўныя словы, спалучэннi слоў i сказы, якiя выконваюць удакладняльную функцыю (тлумачэннi, заўвагi, дадатковыя звесткi i iнш.).
Напрыклад:
Доўгi час Закружжа, так называлi вёску прышлыя людзi, з навакольным светам звязвала звычайная лясная сцежка (А.Асiпенка).
Вiхрасты хлапчук, яму было год шэсць, штосьцi мармытаў праз сон i смяяўся (К.Чорны).
§ 53. Коска пры зваротку
1. Коскамi выдзяляюцца звароткi ў пачатку, у сярэдзiне i ў канцы сказа разам са словамi, якiя адносяцца да iх.
Напрыклад:
Сонца, умыйся расою на свiтальнай зары (А.Бялевiч).
Занiмай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад мiж народамi!.. (Я.Купала).
Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваiм (М.Танк).
Дык уздымi свой голас-звон з глыбiнь душы, пясняр свабоды (К.Буйло).
Вiдаць, па сур'ёзных справах да нас, Надзя? (М.Лынькоў).
2. Калi зваротак раздзяляецца на часткi iншымi словамi, то кожная з iх выдзяляецца коскамi.
Напрыклад:
Ой ты, мая рыбка, спi, залатая!
3. Калi памiж звароткамi-паўторамi ёсць займеннiк ты або вы, то ён адносiцца да першага зваротка i коска ставiцца пасля займеннiка.
Напрыклад:
Лета ты, лета прыгожа-квяцiстае, колькi ты ўносiш аздобы з сабой! (Я.Купала).
§ 54. Коска пры выклiчнiках i гукаперайманнях
1. Коскамi аддзяляюцца выклiчнiкi, калi яны не маюць падкрэсленай клiчнай iнтанацыi i знаходзяцца ў пачатку цi ў сярэдзiне сказа.
Напрыклад:
Ах, дружа-клён! Ну як яго не ўспомнiць?.. (П.Трус).
Мiлая! О, колькi радасцi даеш майму ты сэрцу маладому! (Я.Купала).
Ох, нашто ж ты, ночка, так прыгожа-мiла? (Я.Колас).
Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я.Колас).
Эй, дзяцюк малады, не тужы, не глядзi ты скрозь слёзы на свет... (Я.Купала).
2. Коскамi аддзяляюцца выклiчнiкi i гукаперайманнi, калi яны знаходзяцца ў сярэдзiне або ў канцы сказа цi паўтараюцца.
Напрыклад:
Раздолле ў лузе, эх, раздолле! (Я.Колас).
Шкада, ай, як шкада Iлiко (Э.Самуйлёнак).
Колькi ў лесе грыбоў, ай-яй-яй! (З.Бядуля).
Ну, ну, пашавельвайся, - падганяў ён Алеся (К.Крапiва).
Толькi ў другой палавiне, дзе спяць гаспадыня i яе дачка-вучанiца, размашыста i глуха стукаюць ходзiкi: як-так, як-так... (I.Шамякiн).
3. Не аддзяляюцца коскамi выклiчнiкi перад асабовымi займеннiкамi.
Напрыклад:
Ой ты, ночка, чарнявая ноч, агарнi цеплынёю мяне... (П.Панчанка).
Эх ты, - кажа яна, - лепш вось дахаты iдзi, а то будзе табе ад мацi (Я.Брыль).
4. Не з'яўляецца выклiчнiкам i не аддзяляецца коскай часцiца о пры зваротку, адмоўi, сцвярджэннi, а таксама не аддзяляюцца коскай узмацняльныя часцiцы, аднолькавыя па гукавым складзе з выклiчнiкамi.
Напрыклад:
Я не для вас, паны, о не, у час вольны песенькi складаю... (Я.Купала).
О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе (М.Лынькоў).
Мiколу ж аднаму ай-ёй як цяжка (Я.Брыль).
Я яшчэ ого якi дужы! (I.Шамякiн).
§ 55. Коска пры сцвярджальных, адмоўных i пытальных словах
1. Коскай аддзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя i пытальныя словы ў пачатку сказа, калi яны звязаны са сказам, якi раскрывае, канкрэтызуе iх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як i iнш.
Напрыклад:
Так, трэба прыняць гэтыя заўвагi.
Не, не такою я хацеў сустрэць цябе, сястра! (Я.Скрыган).
Што, грыбоў яшчэ няма? (Я.Колас).
Як, ты гэтага яшчэ не зрабiў?
Калi пры такiх словах стаяць узмацняльныя часцiцы, то коскай яны аддзяляюцца разам.
Напрыклад:
Ой не, пакiдаць таварыша ў бядзе нельга (Я.Маўр).
2. Калi сцвярджальныя, адмоўныя i пытальныя словы паўтараюцца, то яны раздзяляюцца коскамi.
Напрыклад:
Так, так, панi гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носiць (Я.Купала).
Але, але, яго мацi i мне паказвала лiст, у якiм ён пiша, што няйначай мусiць прыехаць на свята (Ц.Гартны).
Не, не, - адагнаў ад сябе змрочныя думкi Iван (Б.Сачанка).
Што, што ты сказаў?
3. Сцвярджальныя, адмоўныя i пытальныя словы ў сярэдзiне сказа выдзяляюцца коскамi з двух бакоў.
Напрыклад:
Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц.Гартны).
Ты не паверыш, не, такой навальнiцы ў нас не было нiколi!
4. У канцы сказа перад сцвярджальнымi, адмоўнымi i пытальнымi словамi ставiцца коска, а пасля - знак прыпынку ў адпаведнасцi з агульнымi правiламi.
Напрыклад:
Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (I.Мележ).
Я работы не баюся, не!
Глава 14
КОСКА Ў СКЛАДАНЫМ СКАЗЕ
§ 56. Коска ў складаназлучаным сказе
1. Коскай аддзяляюцца часткi складаназлучаных сказаў, якiя аб'яднаны злучнiкамi i, ды (у значэннi "i"), дый (ды i), або (альбо), цi.
Напрыклад:
Iдуць ад кожнага перона на ўсход i захад цягнiкi, i ад апошняга вагона далёка свецяць аганькi (С.Грахоўскi).
Праплыве гук баязлiва па-над лугам, па-над нiвай у знямелы свет, ды зноў цiха-цiха стане (Я.Колас).
Ад завеi не было вiдаць агнёў нават недалёкiх вёсак, ды i блiзкiя iшлi ў цемры ледзь прыкметнымi мутнымi знакамi (I.Мележ).
2. Перад злучнiкамi i, ды (у значэннi "i"), або, цi коска не ставiцца:
калi ў складаназлучаным сказе (звычайна ў пачатку) ёсць агульны член, якi адносiцца да першай i да другой частак, або агульная часцiца цi пабочнае слова.
Напрыклад:
Дзе-нiдзе ў гародчыках, ля ганкаў чырванелi вясновыя кветкi i зацвiтаў бэз (В.Быкаў).
Праз нейкi час вецер разагнаў хмары ў вышынi i дождж сцiх (I.Мележ).
Толькi верхавiны соснаў гулi ледзь чутна ды шалясцелi трапяткiя асiны (М.Лынькоў);
калi часткi складаназлучанага сказа з'яўляюцца безасабовымi (аднароднымi па значэннi), няпэўна-асабовымi або намiнатыўнымi сказамi, а таксама калi маюць форму пытальных, пабуджальных цi клiчных сказаў.
Напрыклад:
Цiшыня i прастор (Э.Агняцвет).
Колькi радасцi i колькi захаплення!
3. Коскай аддзяляюцца часткi, якiя аб'яднаны ў складаназлучаны сказ злучнiкамi але, а, ды (у значэннi "але"), ж (жа), аж, аднак, затое, толькi i iнш.
Напрыклад:
Наводдалек чулiся стрэлы, але тут было ўжо цiха (I.Мележ).
Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знiк з вачэй, расплыўся ў цемрадзi (Я.Колас).
I чужому навучайся, ды свайго не цурайся (Прыказка).
Мiкiта моцна пастукаў у дзверы, аднак з кабiнета нiхто не азваўся (М.Зарэцкi).
На вулiцы скрыпка грае, мяне ж мацi не пускае (Народнае).
Завярнуўся [Бруй] i хацеў ужо iсцi назад, аж з печы пачуўся голас: "Хто там?" (Я.Колас).
4. Коскай аддзяляюцца часткi, якiя аб'яднаны ў складаназлучаны сказ пры дапамозе паўторных злучнiкаў i... i, нi... нi, то... то, не то... не то, або (альбо)... або (альбо), цi... цi, цi то... цi то.
Напрыклад:
I хвалюецца пшанiца, i дрыжыць пяшчотна гай (П.Броўка).
Нi колас на нiве не ўскалыхнецца, нi лiст на дрэве не ўзварухнецца (Я.Колас).
Або iх [птушак] тут не было, або яны проста не адважвалiся падаваць голасу (Я.Колас).
Цi то стогне бура, цi то вiхор гуляе.
§ 57. Коска ў бяззлучнiкавым сказе
Коскай аддзяляюцца часткi складанага бяззлучнiкавага сказа, якiя па сэнсе i iнтанацыйна звязаны памiж сабой.
Напрыклад:
Цвiтуць лугi, жаўцее проса, уздымае жыта каласы (С.Грахоўскi).
Неба сеяла цяпло, цёплы дожджык церушыў, у думках радасна было, беглi песнi ад душы (Я.Купала).
Ад зямлi да самых чубоў на дрэвах не было нiводнай галiнкi, сляды ад усiх колiшнiх галiнак даўно заплылi жывой смалою, згладзiлiся, кара над iмi самкнулася (В.Карамазаў).
§ 58. Коска ў складаназалежным сказе
1. Коска ставiцца:
памiж галоўнай i даданай часткамi.
Напрыклад:
Пасаджу каля вёсак сады маладыя, каб ты вечна цвiла i ў шчасцi расла, дарагая мая Беларусь (П.Панчанка).
Яны выехалi з двара, калi апошняя жоўтая палоска зары дагарала на захадзе (У.Караткевiч).
Каб любiць Беларусь нашу мiлую, трэба ў розных краях пабываць... (А.Ставер).
Дзяды i бацькi нашу мову стваралi, каб звонка звiнела, была як агонь (П.Броўка);
памiж даданымi часткамi, якiя адносяцца да адной i больш галоўных частак.
Напрыклад:
Глянь туды, дзе машыны спяваюць, дзе палае ў горане сталь, дзе рабочыя песнi складаюць пад сталёвы напеў малатка (П.Трус).
А там, дзе разам мы прайшлi, вясеннi гул не моўкнуў, газоны пышна расцвiлi, зазiхацелi вокны (М.Танк).
Калi даданая частка стаiць у сярэдзiне галоўнай, яна выдзяляецца коскамi з двух бакоў.
Напрыклад:
Над ускрайкам лесу, дзе пачыналiся жоўтыя пяскi, зазвiнела песня ляснога жаваранка (Я.Колас).
2. Калi аднародныя даданыя часткi звязваюцца пры дапамозе адзiночных злучнiкаў i, ды (у значэннi "i"), або, цi, то памiж iмi коска не ставiцца.
Напрыклад:
Я люблю часiну навальнiцы, калi б'е пярун па ўсiх ладах i злуюцца ў хмарах блiскавiцы (П.Панчанка).
Некаторыя iшлi далей, дзе было начальства i дзе раздалiся гэтыя нечаканыя выбухi (В.Быкаў).
Як толькi разднела i ўзышло сонца, пачалi збiрацца вучнi (Я.Колас).
Перад супрацiўнымi злучнiкамi i перад злучнiкам i, якi паўтараецца памiж аднароднымi даданымi часткамi, коска ставiцца.
Напрыклад:
Нарадзiўся я ў маi, як сады вакол цвiлi, а ў наднёманскiм гаi распявалi салаўi (А.Русак).
3. Коска не ставiцца перад злучнiкамi i, ды (у значэннi "i"), або, цi, што звязваюць дзве галоўныя часткi, да якiх адносiцца агульная даданая частка.
Напрыклад:
Ужо сонца праглядвала праз вершалiны хвой i пачынала адчувацца гарачыня летняга дня, калi настаўнiкi падышлi да балота (Я.Колас).
Калi наступае глыбокая восень, над зямлёй нiзка сцелецца туман або iмжыць дробны дождж (К.Чорны).
4. Калi даданая частка звязваецца з галоўнай пры дапамозе састаўных падпарадкавальных злучнiкаў (перш чым, затым што, пасля таго як, для таго каб, па меры таго як, да таго часу пакуль, з прычыны таго што, нягледзячы на тое што, дзякуючы таму што, у сувязi з тым што i iнш.), то коска ставiцца памiж даданай часткай i галоўнай, калi даданая пачынаецца такiм злучнiкам i стаiць перад галоўнай (злучнiк не разрываецца).
Напрыклад:
З той пары як пайшлi на аблаву, цягнецца iх паляванне да сённяшнiх дзён (А.Куляшоў).
Для таго каб праца давала плённыя вынiкi, трэба прывучыць да сталых i сур'ёзных адносiн да яе з малых гадоў (Я.Колас).
Па меры таго як неба святлела, цемра змянялася рэдкiм лёгкiм змрокам... (I.Мележ).
Калi даданая частка сказа стаiць пасля галоўнай, коска ставiцца або перад другой часткай састаўнога падпарадкавальнага злучнiка, або перад гэтым злучнiкам у поўным яго складзе ў залежнасцi ад сэнсу.
Напрыклад:
Я гэту мову ўзяў сабе таму, што зашмат у ёй было гаротных песень (М.Танк).
Бабка была спагадлiвая да чужога гора, таму што сама перажыла шмат пакут i нягод (Ю.Пшыркоў).
Ён паабяцаў не пакiдаць галерэю да таго часу, пакуль не адкрыецца новая экспазiцыя.
5. У залежнасцi ад сэнсу коска можа ставiцца пасля першай часткi састаўнога падпарадкавальнага злучнiка.
Напрыклад:
Перад тым, як iсцi ў поле, яна прыбiрала ў хаце, мыла падлогу, лавы (Б.Сачанка).
Па меры таго, як прыпыняўся дзе ў вёсцы Ельскi са сваiм атрадам, прыпыняўся i Сцяпан (П.Пестрак).
Нягледзячы на тое, што давялося несцi на плячах тол i боепрыпасы, адстаючых не было (I.Мележ).
Можа нават таму, што навокал было многа прастору, хлопцу раптам стала няўтульна (I.Чыгрынаў).
6. Коска не ставiцца перад як, калi, што i iнш., якiя ўваходзяць у склад устойлiвых выразаў тыпу як не трэба лепш, як нi ў чым не бывала, калi б то нi было, што б там нi было i iнш.
Напрыклад:
Усё было вылiчана i вымеркавана як не трэба лепш (К.Чорны).
Супакойся, прашу цябе. Што б там нi было, у нашых адносiнах нiчога не зменiцца (К.Крапiва).
У выразах не хто iншы, як..., не што iншае, як... перад як ставiцца коска.
Напрыклад:
Прыйшоў не хто iншы, як наш сусед.
Гэта не што iншае, як цяга да тае самае стыхii, у якой жылi iх ранейшыя продкi (К.Крапiва).
7. Калi побач стаяць два падпарадкавальныя злучнiкi (цi злучнiк i злучальнае слова), а таксама злучальны i падпарадкавальны злучнiкi (у сказах з рознымi вiдамi сувязi), то памiж iмi ставiцца коска.
Напрыклад:
Брыгадзе рабочых сказалi, што, калi своечасова будзе закончаны аб'ект, яны атрымаюць прэмiю.
Пот залiваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасцi, хлопец не кiдаў вёслаў (I.Шамякiн).
8. Перад другiм злучнiкам коска не ставiцца, калi галоўная частка пачынаецца словамi дык, то.
Напрыклад:
А яшчэ помнiць ён [Алесь], што калi прыходзiлi жаўнеры ў вёску, дык насмiхалiся з усiх, абзываючы "мужыкамi" (П.Броўка).
ён чалавек дарма што сур'ёзны, а калi разгаворыцца, дык люба слухаць (К.Крапiва).
Трэба было адпачыць, але Iван адчуваў, што калi ўпадзе ў снег, то напэўна болей ужо не ўстане (В.Быкаў).
9. Калi перад падпарадкавальным злучнiкам цi злучальным словам стаiць адмоўе не або злучальны злучнiк (i, цi, або i iнш.), якi звязаны з даданай часткай, то яна не аддзяляецца коскай ад галоўнай часткi.
Напрыклад:
Нам трэба ведаць не дзе ты быў, а што ты за дзень зрабiў.
Ён спакойны i калi заўзята працуе, i калi адпачывае.
10. Даданая частка ў пазiцыi пасля галоўнай, выражаная толькi адным злучальным словам або спалучэннем слоў, коскай не аддзяляецца.
Напрыклад:
Яны паехалi i не сказалi куды.
Невядома хто тут гаспадар.
Глава 15
КРОПКА З КОСКАЙ
§ 59. Правiлы пастаноўкi кропкi з коскай
1. Кропка з коскай ставiцца памiж адносна незалежнымi састаўнымi часткамi сказа, якiя аб'ядноўваюцца ў адзiн складаны сказ без злучнiкаў, а самi часткi разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.
Напрыклад:
Чарнеецца сажаю вечар. Дождж б'ецца аб хвалi ракi; гуляе, гудзе над ёй вецер, заводзiць, што ў полi ваўкi (М.Багдановiч).
Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыцiх; мацней i выразней сталi шумець ялiны; свежы вецер скрозь гойдаў верхавiнамi; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей i шырэй абкладвала хмара (В.Быкаў).
Кропка з коскай можа ставiцца на стыку частак бяззлучнiкавага сказа з адносна незалежнымi часткамi, калi памiж iмi знаходзiцца пабочнае слова. У гэтым выпадку кропка з коскай паказвае, да якой з частак адносiцца пабочнае слова.
Напрыклад:
Але якое гэта запрашэнне - адзiн сказ у канцы, як бы мiж iншым, для ветлiвасцi; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць (I.Шамякiн).
2. Кропка з коскай ставiцца памiж часткамi складанага сказа, якiя звязваюцца памiж сабой:
далучальнымi злучнiкамi але, толькi, аднак, усё ж, тым не менш i iнш., асаблiва калi гэтыя часткi разгорнутыя i (або) маюць свае знакi прыпынку.
Напрыклад:
Марозiк крэпiць, лёд таўшчэе, i рэчка вольная нямее, да дна вадзiца вымярзае i ходу, бедная, не мае, i цесна там ёй, i нямiла яе халодная магiла; але дарма: жывую сiлу не запраторыш ты ў магiлу, мароз бязжаласны i люты! (Я.Колас).
Гойдалася ў цэбры вада, льючыся праз край, i твару свайго выразна разгледзець у вадзе Агата не магла; толькi бялелi ў вадзе рукi, i гэта цешыла яе (К.Чорны);
далучальнымi злучнiкамi i i ды (у значэннi "i") толькi ў тым выпадку, калi яны аб'ядноўваюць дзве састаўныя часткi, якiя без гэтых злучнiкаў былi б самастойнымi сказамi, раздзеленымi кропкай.
Напрыклад:
На ёй [ялiнцы] валоскiя арэхi, а з пазалочанай паперкi глядзяць панадныя цукеркi; i больш на ёй няма нiчога, ды хiба ж дзецям трэба многа? (Я.Колас).
3. Перад злучнiкам а кропка з коскай ставiцца толькi ў тым выпадку, калi састаўныя часткi, якiя звязваюцца гэтым злучнiкам, разгорнутыя i маюць свае знакi прыпынку.
Напрыклад:
Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавiты i няўломак, а волас мае цёмна-русы, i зухаўскiя яго вусы ў меру доўгi, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялiчкi, глядзяць прыветна, як сунiчкi, але раптоўна i адразу не расчытаеш iх выразу... (Я.Колас).
4. Кропка з коскай ставiцца памiж развiтымi аднароднымi членамi, калi пры адным з iх ёсць коскi.
Напрыклад:
Хлопец злёгку задрыжаў i ўзяў скрыпку паслухмяна; струны звонкiя наладзiў, раз-другi смычком правёў i аддаўся ўвесь абладзе, чарам струнных галасоў (Я.Колас).
Я выйшаў на вулiцу i адчуў, як сцюдзёнае марознае паветра апалiла мне твар; пачуў, як звонка рыпiць снег; убачыў, як гарыць на сонцы аснежанае поле... (А.Астапенка).
Наталля... то адкрывала сумку, то закрывала; то зашпiльвала на сабе кофтачку, то, як ад гарачынi, расшпiльвала яе (Я.Скрыган).
5. Кропка з коскай ставiцца памiж разгорнутымi даданымi часткамi складаназалежнага сказа, падпарадкаванымi адной i той жа галоўнай, калi памiж даданымi няма злучальнага злучнiка, асаблiва калi ў сярэдзiне такiх даданых ёсць свае даданыя часткi.
Напрыклад:
Калi з-пад завялых шыпулек паказалiся i смачна запахлi спачатку маленькiя шэра-сiнiя струменьчыкi дыму, а потым, вельмi хутка разросшыся, вялiкiмi клубамi паплылi над бульбоўнiкам; калi, нарэшце, праз голле прабiлiся жвавыя i белаватыя на ранку языкi полымя, на ўчастку неяк адразу ўсё змянiлася (А.Кулакоўскi).
Нягледзячы на тое, што крыўда раз-пораз загаралася ў душы Кляновiча, яго цешылi перспектывы, што вось ён зоймецца даследаваннем глебаў; што будзе арганiзоўваць севазвароты, адкрываць розныя курсы; ...што ён едзе ў такую вобласць, дзе яшчэ не звялася мясцовая чырвоная парода кароў, аб якой Кляновiч даўно думае; што гэтую пароду няслушна закiнулi... (П.Пестрак).
Страницы: | Стр.1 | Стр.2 | Стр.3 | Стр.4 | Стр.5 | Стр.6 |
|