ПАГАДНЕННЕ ПАМІЖ УРАДАМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І УРАДАМ
РЭСПУБЛІКІ АЎСТРЫЯ АБ АБМЕНЕ ІНФАРМАЦЫЯЙ У ГАЛІНЕ
ЯДЗЕРНАЙ БЯСПЕКІ І АБАРОНЫ АД ІАНІЗУЮЧАГА
ВЫПРАМЕНЬВАННЯ*
Уступіла ў сілу 13 верасня 2005 года
______________________________
*Зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
ад 21 верасня 2000 г. № 1456 «Аб зацвярджэнні Пагаднення паміж
Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Аўстрыя аб абмене
інфармацыяй у галіне ядзернай бяспекі і абароны ад іанізуючага
выпраменьвання» (Национальный реестр правовых актов Республики
Беларусь, 2000 г., № 93, 5/4119).
Урад Рэспублікі Беларусь і Урад Рэспублікі Аўстрыя, у далейшым
называемыя «Дагаворныя Бакі»,
прымаючы да ўвагі Канвенцыю аб аператыўным паведамленні аб
ядзернай аварыі, а таксама Канвенцыю аб дапамозе ў выпадку ядзернай
аварыі або радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі, прынцыпы супрацоўніцтва ў
межах МАГАТЭ,
упэўненыя ў тым, што своечасовы абмен інфармацыяй і вопытам у
галіне ядзернай бяспекі і абароны ад іанізуючага выпраменьвання ў
значнай меры будзе садзейнічаць узмацненню бяспекі насельніцтва
дзяржаў абодвух Дагаворных Бакоў,
разумеючы перспектыўнасць пошуку і выкарыстання альтэрнатыўных
крыніц энергіі,
пагадзіліся аб наступным:
АРТЫКУЛ 1
1. Адзін Дагаворны Бок неадкладна паведамляе другому
Дагаворнаму Боку праз вызначаныя пункты сувязі аб кожнай ядзернай
аварыі, якая звязана з ядзернымі ўстаноўкамі або дзейнасцю, указанай
у пункце 2 дадзенага артыкула, у выніку якой адбыўся або можа
адбыцца выкід радыеактыўных рэчываў за межы тэрыторыі дзяржавы
Дагаворнага Боку і які мог бы мець вынікі для іншага Дагаворнага
Боку.
2. «Ядзерныя ўстаноўкі» і «дзейнасць», названыя ў пункце 1,
азначаюць:
а) ядзерныя рэактары;
б) устаноўкі ядзернага паліўнага цыкла;
в) устаноўкі для абыходжання з радыеактыўнымі адыходамі;
г) транспарціроўку і захаванне ядзернага паліва або
радыеактыўных адыходаў;
д) выраб, выкарыстанне, захаванне, перапрацоўку і перавозку
радыеізатопаў для сельскагаспадарчых, прамысловых, медыцынскіх мэтаў
і для правядзення навуковых даследаванняў у гэтых галінах.
АРТЫКУЛ 2
1. Паведамленне аб ядзерных аварыях, згодна з пунктам 1
артыкула 1, адбываецца не пазней пачатку правядзення мерапрыемстваў
па абароне свайго насельніцтва.
2. Дагаворныя Бакі інфармуюць адзін аднаго праз устаноўленыя
пункты сувязі аб вывадзе з эксплуатацыі ядзерных установак, а
таксама аб здарэннях на ядзерных устаноўках, якія, як мінімум,
з’яўляюцца:
інцыдэнтамі, якія суправаджаюцца значным пашкоджаннем прылад
забеспячэння бяспекі, але пры захаванні дастатковых рэзерваў
бяспекі, якія забяспечваюць кампенсацыю дадатковых пашкоджанняў;
здарэннем, якое прыводзіць да апраменьвання персаналу вышэй
дапушчальнай гадавой дозы, і/або здарэннем, якое прыводзіць да
наяўнасці на ўстаноўцы значнай колькасці радыеактыўнасці ў зонах, не
прызначаных дзеля гэтага па праекце, і якое патрабуе прымянення
рэабілітацыйных мер.
Інфармацыя, утрымліваючая папярэднюю ацэнку здарэння,
неадкладна перадаецца іншаму Дагаворнаму Боку.
3. Дагаворныя Бакі інфармуюць адзін аднаго аб усялякіх значных
прадбачаных або непрадбачаных здарэннях, якія не адносяцца да
ядзерных, але якія могуць прывесці да ядзернага здарэння або аварыі,
напрыклад пажар, землетрасенне або дыверсія.
4. У выпадках, калі адзін Дагаворны Бок валодае інфармацыяй аб
здарэнні або ядзернай аварыі, аб якіх не паведамлена ў межах
дадзенага артыкула, ён можа патрабаваць ад іншага Дагаворнага Боку
тлумачэнняў аб дадзеным здарэнні або ядзернай аварыі праз вызначаныя
пункты сувязі.
5. Кожны з Дагаворных Бакоў непасрэдна пасля ўступлення ў сілу
дадзенага Пагаднення паведаміць іншаму Дагаворнаму Боку аб
вызначаных пунктах сувязі.
6. Дагаворныя Бакі пасля ўзаемнага паведамлення аб вызначаных
пунктах сувязі ўзгадняюць дакладны спосаб перадачы інфармацыі.
Праверка працаздольнасці сістэм передачы інфармацыі праводзіцца не
радзей двух разоў у год.
АРТЫКУЛ 3
1. Дагаворны Бок перадае згодна з артыкулам 1 дадзенага
Пагаднення інфармацыю ў тым аб’ёме, які дазволіць другому
Дагаворнаму Боку прыняць рашэнне аб падрыхтоўцы або правядзенні
адпаведных мерапрыемстваў па абароне насельніцтва. Гэта інфармацыя
ўтрымлівае, у прыватнасці, дадзеныя аб:
а) часе, месцы і відзе ядзернай аварыі;
б) аварыйнай ядзернай устаноўцы або дзейнасці;
в) маемай на ўвазе або вызначанай прычыне і прадбачаным
развіцці ядзернай аварыі адносна трансмежнага выкіду радыеактыўных
рэчываў;
г) агульных прыкметах радыеактыўнага выкіду, а таксама, па
магчымасці, відзе, верагоднай фізічнай або хімічнай форме і
колькасці, складзе, а таксама эфектыўнай вышыні радыеактыўнага
выкіду;
д) інфармацыі аб існуючых і прагназуемых метэаралагічных і
гідралагічных умовах, якая неабходна для прагнозу трансмежнага
выкіду радыеактыўных рэчываў;
е) выніках маніторынгу за навакольным асяроддзем адносна
трансмежнага выкіду радыеактыўных рэчываў;
ж) распачатых і намячаемых (планаваных і пазапланавых)
абаронных мерапрыемствах за межамі пашкоджанай устаноўкі;
з) прагнозе паводзінаў радыеактыўнага выкіду з цягам часу.
2. Перадаваемая інфармацыя пастаянна дапаўняецца адпаведна
далейшаму развіццю сітуацыі. У далейшым адзін Дагаворны Бок перадае
другому Дагаворнаму Боку па яго просьбе тлумачэнні і дапаўненні
адносна перадаваемых дадзеных.
3. Гэтыя і іншыя дадатковыя дадзеныя будуць перадавацца да той
пары, пакуль існуе сітуацыя, названая ў пункце 1 артыкула 1
дадзенага Пагаднення, або да атрымання інфармацыі, дастатковай для
ацэнкі сітуацыі.
АРТЫКУЛ 4
У выпадку ўзнікнення абставін згодна з пунктам 1 артыкула 1
дадзенага Пагаднення Дагаворныя Бакі неадкладна праз вызначаныя
пункты сувязі дамаўляюцца аб неабходнасці супрацоўніцтва для
дасягнення гарантыі абароны здароўя і маёмасці свайго насельніцтва,
а таксама аб магчымым аказанні дапамогі.
АРТЫКУЛ 5
1. Кожны Дагаворны Бок праводзіць на сваёй тэрыторыі праграму
вымярэння іанізуючага выпраменьвання.
2. Праграма вымярэнняў павінна ўключаць вызначэнне актыўнай
канцэнтрацыі або ўтрыманне радыенуклідаў у наступных субстанцыях:
паветра (уключаючы аэразолі), пітная вада, паверхневыя воды, глеба,
прадукты харчавання. Вынікі вымярэння павінны ўтрымліваць
дастатковыя дадзеныя аб агульнай і разавай дозе апраменьвання
насельніцтва дзяржаў Дагаворных Бакоў.
3. Вынікі вымярэнняў павінны перадавацца адзін раз у год
другому Дагаворнаму Боку. Пры значным адхіленні ад нармальнага стану
інфармацыя павінна неадкладна перадавацца другому Дагаворнаму Боку
праз вызначаныя пункты сувязі. Па запыце аднаго Дагаворнага Боку
другі Дагаворны Бок перадае дадатковыя дадзеныя ў мэтах гэтага
Пагаднення. Дагаворныя Бакі імкнуцца да стварэння агульнай сістэмы
ранняга выяўлення радыеактыўнага забруджвання, у якой маглі б
прымаць удзел і іншыя дзяржавы.
АРТЫКУЛ 6
1. Дагаворныя Бакі інфармуюць адзін аднаго як мінімум адзін
раз у два гады аб уласных ядзерных праграмах, аб вопыце, набытым у
выніку эксплуатацыі ядзерных установак, і аб прававых асновах
ядзернай бяспекі і абароны ад іанізуючага выпраменьвання.
2. Дагаворныя Бакі таксама інфармуюць адзін аднаго аб ядзерных
устаноўках, якія існуюць, будуюцца і праектуюцца, і ўзаемна
прадастаўляюць дадзеныя, прыведзеныя ў Дадатку да гэтага Пагаднення,
у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам дзяржаў Дагаворных
Бакоў.
3. Інфармацыя згодна з пунктам 2 дадзенага артыкула павінна
перадавацца Дагаворнымі Бакамі неадкладна. Аб прадугледжаным уводзе
ў эксплуатацыю ядзерных установак, якія будуюцца, Дагаворныя Бакі
інфармуюць адзін аднаго за шэсць месяцаў.
АРТЫКУЛ 7
1. Дагаворныя Бакі праводзяць не радзей аднаго разу ў два гады
сумесныя пасяджэнні экспертаў, якія, у прыватнасці:
а) ацэньваюць выкананне дадзенага Пагаднення;
б) абмяркоўваюць інфармацыю, якая перадаецца згодна з
артыкулам 6 дадзенага Пагаднення;
в) ацэньваюць вынікі праграм вымярэнняў, якія былі праведзены
згодна з артыкулам 5 дадзенага Пагаднення;
г) абмяркоўваюць актуальныя пытанні ядзернай бяспекі і абароны
ад іанізуючага выпраменьвання.
2. Інфармацыя аб змесце, ходзе і выніках сумесных пасяджэнняў
экспертаў перадаецца кампетэнтным органам для разгляду.
3. Час і месца сумесных пасяджэнняў экспертаў і склад
дэлегацый вызначаюцца каардынатарамі Дагаворных Бакоў па ўзаемнай
дамоўленасці.
4. Пры неабходнасці па ўзаемнай згодзе Дагаворных Бакоў могуць
быць праведзены дадатковыя пасяджэнні экспертаў згодна з пунктам 1
дадзенага артыкула.
АРТЫКУЛ 8
1. Для рэалізацыі дадзенага Пагаднення кожны Дагаворны Бок
вызначае каардынатара, менавіта:
а) беларускі бок - Міністэрства па надзвычайных сітуацыях;
б) аўстрыйскі бок - Федэральнае Міністэрства замежных спраў.
2. Каардынатары, у прыватнасці, забяспечваюць:
а) абмен інфармацыяй, якая перадаецца ў межах супрацоўніцтва,
згодна з палажэннем артыкулаў 5 і 6 дадзенага Пагаднення, калі ў
асобных выпадках не вызначаны іншы спосаб перадачы інфармацыі, а
таксама ў тых выпадках, калі інфармацыя не можа быць перададзена
праз вызначаныя пункты сувязі;
б) арганізацыю сумесных пасяджэнняў экспертаў згодна з
артыкулам 7 дадзенага Пагаднення.
3. Аб усіх змяненнях пры прызначэнні сваіх каардынатараў
Дагаворныя Бакі інфармуюць адзін аднаго па дыпламатычных каналах.
АРТЫКУЛ 9
Змест інфармацыі, якая накіроўваецца адным Дагаворным Бокам
другому Дагаворнаму Боку згодна з артыкуламі 2, 3, 5, 6 дадзенага
Пагаднення, можа выкарыстоўвацца другім Дагаворным Бокам без
абмежавання, калі гэта інфармацыя не была накіравана ў
канфідэнцыяльным парадку.
АРТЫКУЛ 10
Узаемны абмен інфармацыяй згодна з дадзеным Пагадненнем
ажыццяўляецца на бязвыплатнай аснове. Калі атрыманне дадатковай
інфармацыі звязана са значнымі выдаткамі, гэтыя выдаткі пакрывае
Дагаворны Бок, які запытвае гэтую дадатковую інфармацыю.
АРТЫКУЛ 11
Спрэчкі адносна тлумачэння і прымянення дадзенага Пагаднення
рэгулююцца шляхам перамоў паміж Дагаворнымі Бакамі.
АРТЫКУЛ 12
1. Дадзенае Пагадненне ўступае ў сілу праз тры месяцы з дня
атрымання па дыпламатычных каналах апошняга паведамлення аднаго з
Дагаворных Бакоў аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных
для ўступлення ў сілу дадзенага Пагаднення.
2. Дадатак да дадзенага Пагаднення з’яўляецца яго неад’емнай
часткай.
3. Дадзенае Пагадненне заключана на неабмежаваны тэрмін. Кожны
з Дагаворных Бакоў можа накіраваць паведамленне аб сваім намеры
спыніць дзеянне дадзенага Пагаднення. У гэтым выпадку Пагадненне
перастае дзейнічаць праз шэсць месяцаў пасля атрымання адным з
Дагаворных Бакоў адпаведнага пісьмовага паведамлення другога
Дагаворнага Боку па дыпламатычных каналах.
Заключана ў г. Мінску 9 чэрвеня 2000 г. у двух экзэмплярах,
кожны на беларускай і нямецкай мовах, прычым абодва тэксты маюць
аднолькавую юрыдычную сілу.
ДАДАТАК
да Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі
Аўстрыя аб абмене інфармацыяй у галіне ядзернай бяспекі і абароны ад
iанiзуючага выпраменьвання
Згодна з пунктам 2 артыкула 6 павінны перадавацца наступныя
дадзеныя:
а) назва ядзернай устаноўкі;
б) месца і адрас ядзернай устаноўкі;
в) аператар ядзернай устаноўкі;
г) прызначэнне;
д) асноўныя тэхнічныя характарыстыкі ядзернай устаноўкі;
е) статус ядзернай устаноўкі (праектуемая, будуемая, дзеючая,
выведзеная з эксплуатацыі);
ж) эксплуатацыйныя параметры;
з) дэталёвае апісанне месцазнаходжання ўстаноўкі.
Адносна ядзерных рэактараў павінны дадаткова перадавацца
наступныя дадзеныя:
а) тып рэактара;
б) магутнасць актыўнай зоны рэактара;
в) характарыстыка актыўнай зоны рэактара (геаметрыя, паліва,
нагрузка, абагачэнне, выгаранне, удзельная магутнасць);
г) корпус рэактара;
д) сродкі ахаладжэння і сістэма ахаладжэння рэактара
(першасная і другасная);
е) парагенератар;
ж) дапушчальныя значэнні і ўмовы выкіду радыеактыўных рэчываў
у навакольнае асяроддзе, дапушчальныя значэнні і ўмовы захавання
радыеактыўных рэчываў і ўмовы абыходжання з адпрацаваным ядзерным
палівам;
з) сістэма гарантый ядзернай бяспекі, за выключэннем сістэмы
фізічнай абароны.
|