Стр. 2
Страницы: | Стр.1 | Стр.2
Артыкул 66. Выдача асоб
1. Дагаворныя Бакi выдаюць адзiн аднаму па просьбе ў адпаведнасцi з палажэннямi гэтага Дагавора асоб, якiя знаходзяцца на iх тэрыторыi, для прыцягнення iх да крымiнальнай адказнасцi або для адбыцця пакарання.
2. Выдача для прыцягнення асобы да крымiнальнай адказнасцi ажыццяўляецца толькi за такiя дзеяннi, што ў адпаведнасцi з заканадаўствам абодвух Дагаворных Бакоў з'яўляюцца злачынствамi, за ўчыненне якiх прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi на тэрмiн звыш аднаго года або больш суровае пакаранне.
3. Выдача для адбыцця пакарання ажыццяўляецца толькi ў выпадку асуджэння асобы да пазбаўлення волi на тэрмiн не менш шасцi месяцаў або да больш суровага пакарання i за ўчыненне такога дзеяння, якое з'яўляецца крымiнальна каральным у адпаведнасцi з заканадаўствам абодвух Дагаворных Бакоў.
Артыкул 67. Абмежаваннi адносна смяротнай кары
Калi за ўчыненае злачынства прадугледжана смяротная кара па заканадаўству выклiкаючага Дагаворнага Боку, але яна не прадугледжана па заканадаўству выклiкаемага Дагаворнага Боку, то на тэрыторыi выклiкаючага Дагаворнага Боку немагчыма нi прыгаварыць асобу да смяротнай кары, нi прывесцi такi прыгавор да выканання.
Артыкул 68. Адмова ў выдачы
1. Выдача не адбываецца, калi:
1) асоба, аб выдачы якой накiравана просьба, з'яўляецца грамадзянiнам Дагаворнага Боку або ёй прадастаўлена права прытулку;
2) злачынства ўчынена на тэрыторыi выклiкаемага Дагаворнага Боку;
3) у адпаведнасцi з заканадаўствам выклiкаемага Дагаворнага Боку крымiнальная справа не можа быць узбуджана або прыгавор не можа быць прыведзены ў выкананне з-за тэрмiну даўнасцi або iншых прычын, прадугледжаных гэтым заканадаўствам;
4) на тэрыторыi выклiкаемага Дагаворнага Боку ў дачыненнi да асобы, аб выдачы якой накiравана просьба, у сувязi з гэтым жа злачынствам праводзiцца расследаванне або вынесены прыгавор, якi ўступiў у законную сiлу, цi пастановы аб адмове ва ўзбуджэннi крымiнальнага праследавання або аб спыненнi вядзення крымiнальнай справы;
5) дзеянне разглядаецца выклiкаемым Дагаворным Бокам як палiтычнае або воiнскае злачынства.
2. Выклiкаемы Дагаворны Бок iнфармуе выклiкаючы Дагаворны Бок аб вынiку разгляду просьбы аб выдачы. Пры адмове ў выдачы выклiкаемы Дагаворны Бок паведамляе выклiкаючаму Дагаворнаму Боку аб падставах такой адмовы.
Артыкул 69. Просьба аб выдачы
1. Просьба аб выдачы павiнна быць складзена ў пiсьмовай форме i змяшчаць:
1) назву выклiкаючага органа;
2) тэкст закона выклiкаючага Дагаворнага Боку, на падставе якога дзеянне прызнаецца злачынствам;
3) прозвiшча i iмя асобы, у дачыненнi да якой накiравана просьба аб выдачы, звесткi аб яе грамадзянстве, месцы жыхарства або месцы знаходжання i iншыя звесткi аб гэтай асобе, а таксама, па магчымасцi, апiсанне знешнасцi гэтай асобы, яе фатаграфiю i адпячаткi пальцаў;
4) даныя аб размеры матэрыяльнай шкоды, прычыненай злачынствам.
2. Да просьбы аб выдачы асобы для прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi павiнна быць прыкладзена засведчаная копiя пастановы аб узяццi гэтай асобы пад варту з апiсаннем фактычных акалiчнасцей справы.
Да просьбы аб выдачы для прывядзення прыгавору ў выкананне павiнны быць прыкладзены засведчаная копiя прыгавору з даведкай аб уступленнi яго ў законную сiлу. Калi асуджаны ўжо адбыў частку пакарання, то паведамляюцца даныя аб гэтым.
3. Просьба аб выдачы i прыкладзеныя дакументы павiнны быць выкананы на дзяржаўнай мове выклiкаючага Дагаворнага Боку з перакладам на дзяржаўную мову выклiкаемага Дагаворнага Боку.
Артыкул 70. Дапаўненнi да просьбы аб выдачы
Выклiкаемы Дагаворны Бок можа запатрабаваць дапаўненнi да просьбы аб выдачы, калi накiраваная выклiкаючым Дагаворным Бокам iнфармацыя з'яўляецца недастатковай для задавальнення просьбы аб выдачы. Выклiкаемы Дагаворны Бок можа назначыць для гэтага выклiкаючаму Дагаворнаму Боку апошнi тэрмiн да двух месяцаў. Гэты тэрмiн можа быць прадоўжаны па просьбе выклiкаючага Дагаворнага Боку пры наяўнасцi ўважлiвых прычын.
АРЫШТ З МЭТАЙ ВЫДАЧЫ
Артыкул 71
Пасля атрымання просьбы аб выдачы выклiкаемы Дагаворны Бок неадкладна прымае меры з мэтай арышту асобы, аб выдачы якой накiравана просьба, за выключэннем выпадкаў, калi вiдавочна, што ў адпаведнасцi з палажэннямi гэтага Дагавора выдача не дапускаецца.
Артыкул 72
1. Арышт можа быць ажыццеўлёны таксама да атрымання просьбы аб выдачы, калi выклiкаючы Дагаворны Бок папросiць аб гэтым, спасылаючыся на пастанову аб арышце або прыгавор, якiя з'яўляюцца падставай для просьбы аб выдачы. Папрасiць аб арышце можна па пошце, тэлеграмай або пры дапамозе iншых сродкаў, якiя выключаюць якiя-небудзь сумненнi.
2. Аб арышце, ажыццеўлёным у адпаведнасцi з пунктам 1 гэтага артыкула, або аб адмове ў арышце неабходна неадкладна iнфармаваць выклiкаючы Дагаворны Бок.
Артыкул 73. Вызваленне арыштаванай асобы
1. Асоба, арыштаваная ў адпаведнасцi з артыкулам 71 гэтага Дагавора, можа быць вызвалена выклiкаемым Дагаворным Бокам, калi ў тэрмiн, вызначаны ў артыкуле 70 гэтага Дагавора, не паступяць дадатковыя звесткi, якiя запытаны.
2. Асоба, арыштаваная ў адпаведнасцi з пунктам 1 артыкула 72 гэтага Дагавора, падлягае вызваленню, калi просьба аб выдачы не паступiць на працягу аднаго месяца з дня атрымання выклiкаючым Дагаворным Бокам паведамлення аб арышце гэтай асобы.
Артыкул 74. Адтэрмiноўка выдачы
Выклiкаемы Дагаворны Бок можа адтэрмiнаваць выдачу асобы, у дачыненнi да якой паступiла просьба аб выдачы, калi супраць яе на тэрыторыi гэтага Дагаворнага Боку праводзiцца расследаванне па крымiнальнай справе або яна асуджана за якое-небудзь iншае злачынства, да заканчэння расследавання крымiнальнай справы або поўнага адбыцця назначанага пакарання цi вызвалення гэтай асобы ад пакарання.
Артыкул 75. Часовая выдача
1. Часовая выдача асобы дапускаецца па абгрунтаванай просьбе выклiкаючага Дагаворнага Боку ў тым выпадку, калi адтэрмiноўка выдачы можа быць прычынай заканчэння тэрмiну даўнасцi для крымiнальнага праследавання або сур'ёзна ўскладняе расследаванне злачынства, учыненага гэтай асобай.
2. Асоба, часова выдадзеная, павiнна быць неадкладна перададзена назад пасля заканчэння працэсуальных дзеянняў, для правядзеяння якiх яна была выдадзена, аднак не пазней чым на працягу трох месяцаў з дня часовай выдачы. У неабходных выпадках гэты тэрмiн можа быць прадоўжаны выклiкаемым Дагаворным Бокам.
Артыкул 76. Сукупнасць просьб аб выдачы
Калi аб выдачы адной i той жа асобы просяць некалькi дзяржаў, то выклiкаемы Дагаворны Бок вырашае, каму з iх выдаць гэтую асобу. Пры прыняццi такога рашэння прымаюцца да ўвагi ўсе акалiчнасцi, асаблiва грамадзянства гэтай асобы, месца ўчынення, а таксама цяжар злачынства.
Артыкул 77. Абмежаваннi праследавання выдадзенай асобы
1. Без згоды выклiкаемага Дагаворнага Боку супраць выдадзенай асобы нельга ўзбудзiць крымiнальнае праследаванне, выканаць у дачыненнi да яе прыгавор, а таксама яна не можа быць выдадзена трэцяй дзяржаве ў сувязi з учыненнем гэтай асобай перад выдачай iншага злачыннага дзеяння, чым тое, за якое яна выдадзена.
2. Згоды выклiкаемага Дагаворнага Боку для ажыццяўлення дзеянняў, указаных у пункце 1 гэтага артыкула, не патрабуецца, калi:
1) выдадзеная асоба на працягу аднаго месяца пасля заканчэння крымiнальнага праследавання або адбыцця пакарання не пакiнула тэрыторыю выклiкаючага Дагаворнага Боку. У гэты тэрмiн не залiчваецца час, на працягу якога выдадзеная асоба не магла пакiнуць не па сваёй вiне тэрыторыю выклiкаючага Дагаворнага Боку;
2) выдадзеная асоба пакiнула тэрыторыю выклiкаючага Дагаворнага Боку, але добраахвотна вярнулася на гэту тэрыторыю.
Артыкул 78. Выкананне выдачы
Выклiкаемы Дагаворны Бок паведамляе выклiкаючаму Дагаворнаму Боку аб месцы i даце выдачы асобы. Калi выклiкаючы Дагаворны Бок не прыме асобу, якая падлягае выдачы, у назначаны тэрмiн, то яна можа быць вызвалена пасля заканчэння пятнаццацi дзён з даты, назначанай для выдачы.
Артыкул 79. Паўторная выдача
Калi выдадзеная асоба ўхiлiцца якiм-небудзь спосабам ад крымiнальнага праследавання або адбыцця пакарання i вернецца на тэрыторыю выклiкаемага Дагаворнага Боку, то яна можа быць выдадзена па паўторнай просьбе без неабходнасцi перасылкi дакументаў, прадугледжаных артыкулам 69 гэтага Дагавора.
Артыкул 80. Паведамленне аб вынiках
крымiнальнага праследавання
Выклiкаючы Дагаворны Бок неадкладна паведамляе выклiкаемаму Дагаворнаму Боку аб вынiку крымiнальнага праследавання супраць выдадзенай асобы. У выпадку ўступлення рашэння ў законную сiлу перасылаецца яго копiя.
Артыкул 81. Транзiт
1. Выклiкаемы аб выдачы дазволу на транзiт Дагаворны Бок па просьбе выклiкаючага Дагаворнага Боку дазваляе транзiт цераз сваю тэрыторыю асоб, выдадзеных выклiкаючаму Дагаворнаму Боку трэцяй дзяржавай. Выклiкаемы Дагаворны Бок можа не дазволiць транзiтную перавозку асоб, выдача якiх не дазваляецца ў адпаведнасцi з палажэннямi гэтага Дагавора.
2. Просьба аб выдачы дазволу на транзiт уносiцца i разглядаецца ў тым жа парадку, што i просьба аб выдачы.
3. Выклiкаемы аб выдачы дазволу на транзiт Дагаворны Бок ажыццяўляе транзiт спосабам, якi яму больш за ўсё падыходзiць.
4. Выдача дазволу на транзiт не патрабуецца, калi ён ажыццяўляецца паветраным шляхам без прамежкавай пасадкi.
Артыкул 82. Расходы па выдачы i транзiту
Расходы па выдачы нясе той Дагаворны Бок, на тэрыторыi якога гэтыя расходы ўзнiклi. Расходы па транзiту нясе выклiкаючы Дагаворны Бок.
Раздзел трэцi
IНШЫЯ ПЫТАННI Ў АКАЗАННI ПРАВАВОЙ ДАПАМОГI
ПА КРЫМIНАЛЬНЫХ СПРАВАХ
Артыкул 83. Часовая перадача асоб, пазбаўленых волi
1. Калi ўзнiкне неабходнасць допыту ў якасцi сведкi асобы, пазбаўленай волi на тэрыторыi выклiкаемага Дагаворнага Боку, то кампетэнтныя органы гэтага Дагаворнага Боку могуць прыняць рашэнне аб часовай перадачы гэтай асобы на тэрыторыю выклiкаючага Дагаворнага Боку пры наяўнасцi просьб аб гэтым. Гэта асоба будзе заставацца пад арыштам i пасля заканчэння допыту будзе неадкладна перададзена выклiкаемаму Дагаворнаму Боку.
2. Калi ўзнiкне неабходнасць допыту ў якасцi сведкi асобы, пазбаўленай волi на тэрыторыi трэцяй дзяржавы, то кампетэнтныя органы выклiкаемага Дагаворнага Боку даюць дазвол на транзiт гэтай асобы цераз тэрыторыю сваёй дзяржавы пры наяўнасцi просьбы аб гэтым.
Артыкул 84. Выдача прадметаў
1. Прадметы, набытыя ў вынiку злачынства або ў вынiку абмену такiх, а таксама iншыя прадметы, якiя з'яўляюцца рэчавымi доказамi па крымiнальнай справе, выдаюцца выклiкаючаму Дагаворнаму Боку.
2. Выклiкаемы Дагаворны Бок можа часова адтэрмiнаваць выдачу прадметаў, указаных у пункце 1 гэтага артыкула, калi яны неабходныя яму для вядзення iншай крымiнальнай справы.
3. Правы трэцiх асоб на прадметы, указаныя ў пункце 1 гэтага артыкула i выдадзеныя выклiкаючаму Дагаворнаму Боку, захоўваюцца.
4. Пасля заканчэння вядзення крымiнальнай справы гэтыя прадметы вяртаюцца таму Дагаворнаму Боку, якi iх выдаў, або са згоды гэтага Дагаворнага Боку выдаюцца непасрэдна асобам, якiя маюць права на гэтыя прадметы.
5. Пры выдачы прадметаў у адпаведнасцi з гэтым артыкулам не прымяняюцца правiлы, якiя абмяжоўваюць увоз i вываз прадметаў i валютных каштоўнасцей.
ПАВЕДАМЛЕННI АБ АСУДЖЭННI
Артыкул 85
Дагаворныя Бакi паведамляюць адзiн аднаму аб уступiўшых у законную сiлу прыгаворах, вынесеных судамi аднаго з Дагаворных Бакоў у дачыненнi да грамадзян другога Дагаворнага Боку.
Артыкул 86
Дагаворныя Бакi прадастаўляюць адзiн аднаму па абгрунтаванай просьбе поўную iнфармацыю аб судзiмасцi ў адносiнах да кожнай асобы, якая асуджана на iх тэрыторыi.
Артыкул 87
Дагаворныя Бакi перасылаюць адзiн аднаму па просьбе адпячаткi пальцаў асоб, названых у артыкулах 85 i 86 гэтага Дагавора.
Артыкул 88. Удзел прадстаўнiкоў Дагаворных Бакоў
пры аказаннi прававой дапамогi
Прадстаўнiкi кампетэнтных органаў аднаго з Дагаворных Бакоў могуць прысутнiчаць пры выкананнi просьб аб аказаннi прававой дапамогi па крымiнальных справах на тэрыторыi другога Дагаворнага Боку. Згоду на iх прысутнасць даюць: з боку Рэспублiкi Беларусь - Мiнiстэрства юстыцыi або Пракуратура рэспублiкi, з боку Рэспублiкi Польшча - Мiнiстэрства юстыцыi.
Раздзел чацвёрты
ВЫКАНАННЕ СУДОВЫХ РАШЭННЯЎ ПА КРЫМIНАЛЬНЫХ СПРАВАХ
Артыкул 89. Вызначэнне тэрмiнаў
1. У разуменнi гэтага раздзела выраз "мера бяспекi" азначае:
1) у Рэспублiцы Беларусь - змяшчэнне ў псiхiятрычную бальнiцу агульнага або спецыяльнага тыпу;
2) у Рэспублiцы Польшча - змяшчэнне ў псiхiятрычную бальнiцу або iншую адпаведную медыцынскую ўстанову, а таксама накiраванне ў лячэбнiцу для алкаголiкаў i наркаманаў.
2. У разуменнi гэтага раздзела наступныя выразы азначаюць:
1) "дзяржава вынясення прыгавору" - дзяржава, у якой вынесена судовае рашэнне, што падлягае выкананню;
2) "дзяржава выканання прыгавору" - дзяржава, якая ўзяла або павiнна ўзяць на сябе выкананне судовага рашэння.
Артыкул 90. Асноўны прынцып
1. Дагаворныя Бакi абавязваюцца па ўзаемнай просьбе ў адпаведнасцi з палажэннямi гэтага Дагавора браць на сябе выкананне правамоцных рашэнняў па крымiнальных справах, у якiх суды аднаго Дагаворнага Боку ў дачыненнi да грамадзян другога Дагаворнага Боку назначылi пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi або прымянiлi меру бяспекi.
2. З просьбамi, аб якiх iдзе гаворка ў пункце 1 гэтага артыкула, выступаюць як кампетэнтныя цэнтральныя органы дзяржавы вынясення прыгавору, так i кампетэнтныя цэнтральныя органы дзяржавы выканання прыгавору.
Артыкул 91. Правы асуджанага
1. Асуджаны, яго законны прадстаўнiк, муж (жонка), сваяк па прамой лiнii, родныя брат цi сястра або асоба, якая ўпаўнаважана асуджаным, могуць звяртацца з заявай у кампетэнтныя цэнтральныя органы як дзяржавы вынясення прыгавору, так i дзяржавы выканання прыгавору аб учыненнi дзеянняў, пра якiя iдзе гаворка ў артыкуле 90 гэтага Дагавора.
2. Кожнаму асуджанаму, у дачыненнi да якога можа быць прыменены гэты раздзел, будзе паведамлена дзяржавай вынясення прыгавору аб iстотных палажэннях гэтага раздзела.
3. Кампетэнтныя цэнтральныя органы Дагаворных Бакоў паведамляюць пiсьмова асуджанаму аб рашэннях, якiя звязаны з узяццем на сябе выканання судовага рашэння.
Артыкул 92. Умовы ўзяцця на сябе выканання судовага рашэння
Узяцце на сябе выканання судовага рашэння наступае:
1) калi асуджаны з'яўляецца грамадзянiнам дзяржавы выканання прыгавору;
2) калi асуджаны выказаў згоду на яго перадачу ў дзяржаву выканання прыгавору для адбыцця назначанага пакарання; калi асуджаны або асоба, у дачыненнi да якой прыменены меры бяспекi, няздольныя выказаць сваю згоду, то такую згоду выказвае iх законны прадстаўнiк;
3) калi дзеянне, за якое назначана пакаранне або прыменена мера бяспекi, з'яўляецца крымiнальна каральным таксама па заканадаўству дзяржавы выканання прыгавору або было б крымiнальна каральным, калi б было ўчынена на тэрыторыi гэтай дзяржавы;
4) калi судовае рашэнне ўступiла ў законную сiлу;
5) калi на момант атрымання просьбы аб узяццi на сябе выканання судовага рашэння асуджанаму або асобе засталося адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi або меру бяспекi тэрмiнам не менш шасцi месяцаў. Гэта правiла не прымяняецца, калi асуджаны або асоба знаходзiцца на тэрыторыi дзяржавы выканання прыгавору.
Артыкул 93. Злачынствы супраць фiнансавай сiстэмы
У справах аб злачынствах, якiя датычацца падаткаабкладання, мытных пошлiн, валютнага кантролю i iншых пытанняў, звязаных з даходамi, не можа наступiць адмова ва ўзяццi на сябе выканання судовага рашэння толькi на той падставе, што заканадаўства дзяржавы выканання прыгавору не прадугледжвае аналагiчнага вiду падаткаў, аплат або пошлiн цi не рэгулюе такiм жа чынам падаткаў, аплат, пошлiн, абмену валюты, як заканадаўства дзяржавы вынясення прыгавору.
Артыкул 94. Падставы для адмовы ва ўзяццi на сябе
выканання судовага рашэння
Судовае рашэнне не прымаецца да выканання:
1) калi дзеянне разглядаецца выклiкаемым Дагаворным Бокам як палiтычнае або воiнскае злачынства;
2) калi закончыўся тэрмiн даўнасцi выканання судовага рашэння згодна з заканадаўствам аднаго з Дагаворных Бакоў;
3) калi яно вынесена надзвычайным судом;
4) калi яно вынесена ў адсутнасць асуджанага;
5) калi асуджаны быў раней прыгавораны да пакарання або ў дачыненнi да асобы была прыменена мера бяспекi цi апраўданы за адно i тое ж дзеянне ў дзяржаве выканання прыгавору;
6) калi па меркаванню Дагаворнага Боку выкананне прыгавору парушыла б яго дзяржаўны суверэнiтэт, бяспеку або супярэчыла б асноўным прынцыпам дзеючага заканадаўства гэтай дзяржавы.
Артыкул 95. Просьба аб прыняццi да выканання судовага
рашэння i дадаткi да яе
1. Просьба аб прыняццi на сябе абавязку па выкананню судовых рашэнняў, прадугледжаных гэтым раздзелам, складаецца ў пiсьмовай форме.
2. Да просьбы дзяржавы вынясення прыгавору прыкладаюцца:
1) арыгiнал або засведчаная копiя судовага рашэння i пацвярджэнне аб тым, што яно ўступiла ў законную сiлу i падлягае выкананню;
2) тэкст прымененых прававых норм, а таксама палажэнняў, якiя датычацца ўмоўнага вызвалення;
3) па магчымасцi дакладныя даныя аб асуджаным або аб асобе, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi, аб iх грамадзянстве, месцы жыхарства або знаходжання;
4) даведка аб тэрмiне пазбаўлення волi або тэрмiне меры бяспекi, якiя падлягаюць залiку ў адбыты тэрмiн;
5) калi асуджаны або асоба, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi, знаходзяцца ў дзяржаве вынясення прыгавору - пратакол, складзены з удзелам асуджанага або асобы, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi, а ў выпадках, прадугледжаных гэтым Дагаворам, - з удзелам законнага прадстаўнiка, якi змяшчае iх згоду на перадачу судовага рашэння да выканання;
6) iншыя дакументы, якiя могуць мець значэнне для прыняцця рашэння па просьбе;
7) пераклад на мову другога Дагаворнага Боку просьбы i дакументаў, якiя пералiчаны ў гэтым пункце.
3. Да просьбы дзяржавы выканання прыгавору прыкладаюцца iнфармацыя i матэрыялы, пералiчаныя ў падпунктах 3, 6 i 7 пункта 2 гэтага артыкула, а таксама пiсьмовая згода асуджанага на перадачу выканання судовага рашэння.
4. У выпадку задавальнення просьбы, аб якой iдзе гаворка ў пункце 3, дзяржава вынясення прыгавору прыкладае да сваёй згоды дакументы, пералiчаныя ў падпунктах 1, 2 i 4 пункта 2 гэтага артыкула.
Артыкул 96. Дапаўненнi да просьбы
Калi выклiкаемы Дагаворны Бок прызнае перададзеныя яму дадзеныя дакументы недастатковымi, то ён звяртаецца за неабходнымi дапаўненнямi i можа выклiкаючаму Дагаворнаму Боку ўстанавiць тэрмiн. Па абгрунтаванай просьбе тэрмiн можа быць прадоўжаны. У выпадку адсутнасцi дапаўненняў просьба вырашаецца на падставе наяўных даных i дакументаў.
Артыкул 97. Паведамленнi
1. Дагаворныя Бакi паведамляюць адзiн аднаму аб усiх акалiчнасцях, якiя маглi б паўплываць на выкананне судовага рашэння, у прыватнасцi аб памiлаваннi, аб амнiстыi, аб адмене i змяненнi судовага рашэння.
2. Дзяржава выканання прыгавору павiнна паведамiць дзяржаве вынясення прыгавору аб заканчэннi выканання судовага рашэння.
Артыкул 98. Выкананне судовага рашэння
1. Пры ўзяццi выканання судовага рашэння на сябе суды дзяржавы выканання прыгавору вызначаюць па свайму заканадаўству падлягаючае выкананню пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi або меру бяспекi, прымаючы да ўвагi ў максiмальнай ступенi пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi або меру бяспекi, якiя вызначаны ў дзяржаве вынясення прыгавору. У гэтым выпадку асуджаны не павiнен знаходзiцца ў становiшчы менш спрыяльным, чым тое, у якiм ён бы знаходзiўся, калi б выкананне судовага рашэння адбывалася ў дзяржаве вынясення прыгавору.
2. Выкананне судовага рашэння, у тым лiку ўмоўнае вызваленне, ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам дзяржавы выканання прыгавору. Калi прававыя нормы дзяржавы вынясення прыгавору, якiя датычацца ўмоўнага вызвалення, з'яўляюцца для асуджанага больш спрыяльнымi, то яны падлягаюць прымяненню.
3. У тэрмiн пакарання ў выглядзе пазбаўлення волi або прыняцця мер бяспекi ў дзяржаве выканання прыгавору залiчваецца адбыты тэрмiн пазбаўлення волi або прынятых мер бяспекi ў дзяржаве вынясення прыгавору.
4. Канверсiя (замена) пакарання або мер бяспекi адбываецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам дзяржавы выканання прыгавору. Пры гэтым кампетэнтны суд:
1) звязаны ўстаноўленымi фактамi ў той меры, як яны вызначаны або вынiкаюць з рашэння суда, вынесенага ў дзяржаве вынясення прыгавору;
2) не можа замянiць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi на пакаранне ў выглядзе грашовага штрафу.
Артыкул 99. Вынiкi ўзяцця выканання судовага
рашэння на сябе
1. У час выканання судовага рашэння ў дзяржаве выканання прыгавору дзяржава вынясення прыгавору не прадпрымае далейшых дзеянняў, звязаных з яго выкананнем.
2. Дзяржава вынясення прыгавору мае права на выкананне судовага рашэння ў астатняй частцы пакарання або меры бяспекi, калi асуджаны або асоба, ухiляючыся ад выканання судовага рашэння ў дзяржаве выканання прыгавору, пакiнулi яе тэрыторыю. Дзяржава выканання прыгавору неадкладна паведамляе дзяржаве вынясення прыгавору аб гэтых акалiчнасцях.
3. Паўнамоцтва дзяржавы вынясення прыгавору, аб якiм iдзе гаворка ў пункце 2, канчаткова спыняецца, калi пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi або мера бяспекi былi выкананы або калi ад iх адбыцця былi вызвалены асуджаны цi асоба, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi.
Артыкул 100. Памiлаванне i амнiстыя
1. Памiлаванне асуджанаму могуць прадаставiць як дзяржава вынясення прыгавору, так i дзяржава выканання прыгавору.
2. Амнiстыя можа быць аб'яўлена як дзяржавай выканання прыгавору, так i дзяржавай вынясення прыгавору. Амнiстыя прымяняецца да асуджанага дзяржавай выканання прыгавору.
Артыкул 101. Адмена або змяненне судовага рашэння
У адмене або змяненнi судовага рашэння, прынятага да выканання, кампетэнтнай з'яўляецца выключна дзяржава вынясення прыгавору.
Артыкул 102. Паведамленне аб выкананнi судовага рашэння
Выклiкаемы Дагаворны Бок паведамляе ў магчыма кароткi тэрмiн выклiкаючаму Дагаворнаму Боку, у якiм аб'ёме просьба аб прыняццi выканання рашэння на сябе была задаволена. Поўны або частковы адказ патрабуе абгрунтавання.
Артыкул 103. Перадача
1. Калi асуджаны або асоба, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi, знаходзiцца на тэрыторыi дзяржавы вынясення прыгавору, то гэта дзяржава прыме неадкладна ўсе неабходныя меры для iх перадачы органам дзяржавы выканання прыгавору.
2. Дзяржава вынясення прыгавору i дзяржава выканання прыгавору ўзгадняюць час i месца перадачы асуджанага або асобы, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi, з органам дзяржавы выканання прыгавору, а па меры неабходнасцi - з органам транзiтнай дзяржавы.
3. Канваiруючыя асобы аднаго з Дагаворных Бакоў, якiя павiнны давезцi паветраным шляхам асуджанага або асобу, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi, на тэрыторыю другога Дагаворнага Боку або забраць iх з тэрыторыi гэтага Дагаворнага Боку, маюць права прымянiць на тэрыторыi другога Дагаворнага Боку, згодна з заканадаўствам гэтага Дагаворнага Боку, неабходныя меры для недапушчэння ўцёкаў асуджанага або асобы, у дачыненнi да якой прыменена мера бяспекi, да моманту перадачы або прыняцця ўказаных асоб.
4. Пасля ўзяцця выканання судовага рашэння дзяржавай выканання прыгавору на сябе дзяржава вынясення прыгавору можа адтэрмiнаваць перадачу асуджанага з мэтай правядзення крымiнальнай справы ў сувязi з iншым злачынствам або з мэтай выканання судовага рашэння па справе аб iншым злачынстве.
Артыкул 104. Прынцып спецыялiзацыi
1. Калi асуджаны быў перададзены ў адпаведнасцi з гэтым Дагаворам з дзяржавы вынясення прыгавору ў дзяржаву выканання прыгавору, ён не можа праследавацца, асуджацца або iншым чынам падвяргацца абмежаванню волi ў сувязi з дзеяннем, учыненым перад перадачай, якога не датычыцца згода на ўзяцце выканання на сябе.
2. Абмежаваннi, аб якiх iдзе гаворка ў пункце 1, не прымяняюцца, калi:
1) дзяржава вынясення прыгавору выкажа згоду на ўзбуджэнне крымiнальнай справы, выкананне пакарання або меры бяспекi;
2) перададзены асуджаны застаўся ў дзяржаве выканання прыгавору больш чым на 45 дзён пасля канчатковага вызвалення, хаця меў права i мог пакiнуць тэрыторыю гэтай дзяржавы або калi пакiнуў тэрыторыю гэтай дзяржавы i добраахвотна вярнуўся.
Частка чацвёртая
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI
Артыкул 105. Суадносiны з iншымi мiжнароднымi дагаворамi
Палажэннi гэтага Дагавора не парушаюць правоў i абавязацельстваў, якiя ўзнiкаюць з iншых дагавораў, што заключаны кожным з Дагаворных Бакоў.
Артыкул 106. Уступленне ў сiлу
Гэты Дагавор падлягае ратыфiкацыi i ўступiць у сiлу пасля заканчэння 60 дзён з дня абмену ратыфiкацыйнымi граматамi. Абмен ратыфiкацыйнымi граматамi адбудзецца ў г. Варшаве.
Артыкул 107. Тэрмiн дзеяння Дагавора
Гэты Дагавор заключаецца тэрмiнам на пяць гадоў. Яго дзеянне будзе прадаўжацца на пяцiгадовы тэрмiн, калi адзiн з Дагаворных Бакоў не паведамiць другому Дагаворнаму Боку аб жаданнi дэнансаваць Дагавор за шэсць месяцаў да заканчэння гэтага тэрмiну.
Учынена ў г. Мiнску 26 кастрычнiка 1994 г. у двух экзэмплярах, кожны на беларускай i польскай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сiлу.
У доказ чаго Упаўнаважаныя Дагаворных Бакоў падпiсалi гэты Дагавор i паставiлi пячаткi.
За Рэспублiку Беларусь У.СЯНЬКО
Страницы: | Стр.1 | Стр.2
|