Алег Грузьдзіловіч, Менск Болей за два дзясяткі вязьняў Івацэвіцкай калёніі патрапілі ў турэмны шпіталь з прыкметамі атручваньня няякаснай вадой. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў сьцьвярджаюць, што праблема ўжо вырашаная. Між тым незалежныя экспэрты кажуць, што з вадой ў беларускіх турмах падчас летняй сьпякоты заўсёды праблемы.
Уладзімір толькі што наведаў пляменьніка, які ляжыць у рэспубліканскім турэмным шпіталі. У дворыку каля шпіталя Уладзімір спадзяецца сустрэцца з турэмным лекарам, каб спраўдзіць дыягназ хваробы сваяка. Уладзімір: “Адны кажуць, што гэта экзэма, другія, што псарыяз. Але дакладна невядома. Відаць, ужо інфэкцыя пранікла ў кроў. Чыр’і такія па ўсім целе, асабліва ногі. Да гангрэны даходзіць”.
Пляменьнік Уладзіміра адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Пра гэтую калёнію сярод беларускіх вязьняў ходзяць чуткі, што вада там – самая дрэнная. Якраз днямі прыйшло паведамленьне: 24 вязьні Івацэвіцкай калёніі патрапілі ў турэмны шпіталь з падазрэньнем на атручваньне вадой. Начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімір Коўчур супакойвае: сытуацыя нібыта выпраўленая.
Коўчур: “Нічога там ужо няма. Усе працуюць. Нікога нават з калёніі не вывозілі на агляд. Адміністрацыя калёніі перастрахавалася”.
Былы палітзьняволены, лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі за два гады зьняволеньня пабываў ў некалькіх калёніях. Леванеўскі кажа: ў сьпякоту вада паўсюдна дрэнная. Паводле былога вязьня, за станам вады мусіць сачыць турэмная санітарная служба, але часта гэтага ня робяць. Такое Леванеўскі назіраў у той жа Івацэвіцкай калёніі, дзе адсядзеў болей за год.
Леванеўскі: “Тэхналёгія якая? У ёмістасьць (там гэта воданапорная вежа) запампоўваецца вада і для яе ачысткі мусяць выкарыстоўваць спэцыяльныя таблеткі. Але мне ніводнага разу не ўдалося бачыць, як гэтыя таблеткі ўжывалі, хаця я быў санітарам мэдычнай часткі і мусіў пра гэта ведаць. Баюся, зараз тое самае. Проста няма каму за гэтым сачыць, бо пачаліся адпачынкі”.
Валер Леванеўскі згадаў: ад вады ў вязьняў рэгулярна хварэлі страўнікі, а пасьля душу ва ўсіх часалася скура. Скаргі не дапамагалі: чарговая камісія заўсёды канстатавала, што ўсе нормы выконваюцца.
Я паспрабаваў даведацца ў санітарна-эпідэміялягічнай службе дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, ці прымаюцца надзвычайныя захады ў сувязі зь сьпякотай, якая стаіць ужо трэці тыдзень. “Усе супрацоўнікі выехалі з праверкамі на аб’екты”, -- паведаміла сакратарка дэпартамэнту. Тэлефоны санітарнай службы сапраўды два дні запар маўчалі. Начальнік дэпартамэнту Уладзімір Коўчур сказаў, што паўсюль абстаноўка нармальная.
Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” ў Магілёве, з гэтым нязгодны. Душ у інтэрнаце другі тыдзень не працуе і яшчэ столькі ж працаваць ня будзе. У лазьню палітзьняволенага не пускаюць. Вадой з крану для прыгатаваньня ежы Артур карыстацца ня можа.
Фінькевіч: “Вада тут абсалютна жорсткая, як ў Фрунзенскім раёне Менску. Я спрабую неяк гэту ваду не ўжываць, купляю чыстую ваду ў бутэльках. Альбо п’ю ваду кіпячоную з кавай, гарбатай, але нават з кавай адчуваецца, што вада дрэнная”.
Артур Фінькевіч кажа, што ніколі ня бачыў, каб нейкая служба цікавілася якасьцю вады на магілёўскай “хіміі”.