В.Леванеўскі паскардзіўся на супрацоўнікаў КДБ у вайсковую пракуратуру
Радыё Свабода Заяву былога палітвязьня Валерыя Леванеўскага адносна дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ прыняла да разгляду Гарадзенская міжгарнізонная вайсковая пракуратура.
Спадар Леванеўскі патлумачыў нашаму Радыё, што 7 траўня 2004 году супрацоўнікі КДБ узламалі дзьверы ў ягонай кватэры, каб правесьці ператрус.
Ён зазначае: дома былі толькі двое непаўнагадовых дзяцей — ягоныя дачка Кацярына і сын Антон. Ім не сказалі, што будуць шукаць, хаця паводле закону — гэта абавязковае патрабаваньне.
Позна ўвечары Кацярыну Леванеўскую даставілі для допыту ў КДБ. Усё гэта — парушэньні закону, лічыць былы палітвязень.
Валеры Леванеўскі не ўскладае вялікіх спадзяваньняў на тое, што паводле праверкі вайсковай пракуратуры супраць супрацоўнікаў КДБ будзе ўзбуджана крымінальная справа.
Ён гаворыць: магчыма, аднак, што будуць прыняты нейкія меры пракурорскага рэагаваньня. Спадар Леванеўскі дапускае, што гэта зможа яго задаволіць, хаця не выключае таго, што яму давядзецца пазьней зьвяртацца таксама ў міжнародныя інстанцыі.
Валеры Леванеўскі два гады правёў у папраўчай калёніі, яго пакаралі ў 2004 годзе па абвінавачаньні ў публічнай абразе прэзыдэнта РБ. Разам зь ім судзілі ягонага паплечніка па прадпрымальніцкім руху Аляксандра Васільева, які таксама быў пакараны зьняволеньнем.