Некаторыя кажуць: “Хай мяне пасадзяць, а працаваць ня буду!”
Сяргей Астраўцоў, Горадня Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытаньні папраўкі да Закону аб занятасьці насельніцтва, прывялі яго ў адпаведнасьць з дэкрэтам. Папраўкі датычаць палажэньняў прэзыдэнцкага дэкрэту аб тым, што бацькі, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, павінны кампэнсаваць дзяржаве ўтрыманьне іхніх дзяцей. Гэтых людзей цяпер уладкоўваюць на працу, часта прымусова, і гэта практыкуецца ад пачатку году.
У гарадзенскай службе занятасьці зазначаюць: паводле 18-га дэкрэту, тых, хто павінен кампэнсаваць дзяржаве кошт утрыманьня сваіх дзяцей, называюць “абавязанымі людзьмі”. Для іх на прадпрыемствах створана “броня”, і яны павінны зьявіцца туды для працаўладкаваньня. А на прадпрыемстве такога чалавека абавязаны ўзяць на працу цягам сутак. Гаворыць начальнік аддзелу службы занятасьці Аляксандар Дзямідзік:
“З пачатку году зьвярнуліся да нас 175 чалавек гэтых “абавязаных асобаў”, 128 працаўладкаваныя на сталую працу. У асноўным гэта, канешне, людзі, якія вядуць працяглы час асацыяльны лад жыцьця, па сутнасьці – злоўжываюць алькаголем. Усякае бывае, бывае прыходзяць у нецьвярозым стане і на работу, і сюды, у службу. Мы такіх, калі нападпітку, просім, каб яны былі ў нармальным стане”.
Галоўным вынікам Аляксандар Дзямідзік называе тое, што 128 чалавек уладкаваныя і працуюць. Іншыя на працу не прыйшлі, імі займаецца міліцыя: расшуквае, дастаўляе на прадпрыемствы:
“У нас на кантролі каля пяцідзесяці чалавек, якія яшчэ не працаўладкаваныя, зь іх пяць чалавек хворыя — сухоты, цукровы дыябэт, у судзе цяпер вырашаецца пытаньне аб тым, што яны як бы недзеяздольныя. Пяць чалавек знаходзяцца пад сьледзтвам, пяць чалавек у росшуку. Астатнія — тыя, што пайшлі на прадпрыемствы і не зьявіліся там”.
Спадар Дзямідзік зазначае: гэтыя людзі нярэдка ня маюць ні пашпарта, ні працоўнай кніжкі, без чаго на працу ня возьмуць. Такім чынам, ім аказваюць сапраўдную дапамогу, але ня ўсе яе цэняць: ”Добры заробак прадугледжвае добрае абсталяваньне, а хто даверыць алькаголіку добрае абсталяваньне!”
“А вынікі паказваюць, што гэтыя пяцьдзесят чалавек, якія ухіляюцца ад працаўладкаваньня, ня хочуць працаваць. Былі заявы некаторых, што хай мяне пасадзяць, а працаваць ня буду”.
Грамадзкі праваабаронца Валеры Леванеўскі скептычна ставіцца да прымусовага ўладкаваньня на працу бацькоў, у якіх забралі дзяцей:
“Добры заробак прадугледжвае добрае абсталяваньне, а хто даверыць алькаголіку добрае абсталяваньне, якое ён можа за пяць хвілінаў сапсаваць? Таму гэта хутчэй за ўсё будзе нізкааплатная работа, чалавек нават сябе ня зможа ўтрымліваць, ня кажучы пра тое, каб выплачваць грошы на дзяцей”.
“А калі чалавек п’е, а яго — на працу, ну, хай дзень ён ня будзе піць, але ўсё роўна залежнасьць у яго вялікая, як у наркамана. Таму ня думаю, што тут толькі сацыяльныя пытаньні, тут і мэдычныя. Спачатку трэба чалавека ад залежнасьці ад сьпіртнога вызваліць, а тады толькі гаварыць аб нейкай працы”.