Хартыя'97. Валеры Леванеўскі выступіў з грамадзянскай ініцыятывай па вылучэнні ў кандыдаты на Нобелеўскую прэмію міру Аляксандра Казуліна. Былы палітвязень і лідэр прадпрымальнікаў лічыць, што Аляксандр Казулін годны Нобелеўскай прэміі міру, як змагар за свабоду беларускага народа.
Галоўны палітвязень Беларусі А.Казулін ахвяраваў сваёй міністэрскай пасадай, сваім дабрабытам і свабодай за дэмакратычную будучыню нашага народа. Валеры Леванеўскі лічыць, што подзвіг непрымірымага змагара з апошняй дыктатурай у Еўропе застанецца назаўжды ў гісторыі найноўшай гісторыі Беларусі і кандыдатура экс-кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь зойме сваё годнае месца нароўні з іншымі паважанымі сушукальнікамі гэтай прэстыжнай прэміі.
Акрамя таго, на думку Валерыя Леванеўскага, сама працэдура вылучэння ў сушукальнікі Нобелеўскай прэміі міру дазволіць яшчэ раз звярнуць увагу міжнароднай грамадскасці на праблемы палітвязняў у Беларусі і дазволіць А. Казуліну не толькі атрымаць жаданую свабоду, але і быць цалкам рэабілітаваным.
Валеры Леванеўскі абвясціў пра стварэнне аргкамітэта па вылучэнні на атрыманне Нобелеўскай прэміі А.Казуліна. Сама працэдура вылучэння кандыдата прадугледжвае пэўныя юрыдычныя і фармальныя працэдуры.
Цяпер Валеры Леванеўскі звярнуўся да вядучых палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, прадпрымальнікаў, устаноў, асацыяцыяў, грамадзян Беларусі, дыпламатаў, сябраў Нацыянальнай асамблеі і ўрадаў Дзяржаў, сябраў міжнародных судоў, асобаў, якім была прысуджаная Нобелеўская прэмія, з адкрытым лістом аб падтрымцы дадзенай грамадзянскай ініцыятывы ў Нарвежскім Нобелеўскім камітэце, які адказвае за адбор кандыдатаў.
Нататка:
Аляксандр Казулін – прафесар, доктар навук, акадэмік Акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, ганаровы прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, віцэ-прэзідэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, старшыня Таварыства «Беларусь–Аўстрыя», лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін кінуты за краты за арганізацыю акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года. 13 ліпеня Менскі суд прысудзіў Аляксандра Казуліна да 5,5 гадоў турэмнага зняволення. У турме Аляксандр Казулін абвясціў галадоўку, патрабуючы разгляду беларускага пытання ў Савеце Бяспекі ААН. Палітвязень галадаў 53 дні, страціўшы больш за 40 кілаграмаў вагі і беззваротна падарваўшы здароўе. Мужны палітык дамогся сваёй мэты – прадстаўнік ЗША падняў беларускай пытанне ў Радзе бяспекі ААН. Аляксандр Казулін прызнаны «Міжнароднай Амністыяй» Вязнем Сумлення.