Прадпрымальнікі адзначаюць дзень памяці Арнольда Пячэрскага
Радыё Свабода. Сёньня ў Менску прадпрымальнікі й актывісты дэмакратычнага руху адзначаюць дзень памяці Арнольда Пячэрскага, аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Беларусі 1990-х гадоў. Ён трагічна загінуў 24 красавіка 1999 году
Паплечнікі Арнольда Пячэрскага наведалі Кальварыйскія могілкі, дзе ён пахаваны.
У выступах ягоныя аднадумцы прыгадалі зробленае бізнэсоўцам за непрацяглае 36-гадовае жыцьцё.
Як зазначыў лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі, Арнольд быў умелым арганізатарам, які гуртаваў прадпрымальнікаў дзеля абароны інтарэсаў прадстаўнікоў недзяржаўнага сэктару.
Вячаслаў Сіўчык супрацоўнічаў зь Пячэрскім у справе выдавецкай дзейнасьці — адначасова той быў і сябрам руху БНФ. На старонках тагачаснага бюлетэню “Кірмаш” Сіўчык і Пячэрскі зьмяшчалі апэратыўныя матэрыялы пра падзеі прадпрымальніцкага жыцьця, апавядалі пра акцыі пратэсту бізнэсоўцаў.
Прадпрымальнік Арнольд Пячэрскі фінансава падтрымліваў “Малады фронт”. Былы лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец даслаў зь вёскі Сітна адмысловы ліст з успамінамі.
Увечары ў сядзібе БНФ адбудзецца вечарына памяці Арнольда Пячэрскага.