Затрыманыя Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў
Алесь Дашчынскі, Менск На выезьдзе з Горадні затрыманыя актывісты прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў. Аўтамабіль, на якім яны ехалі, прыкладна а 6.40 раніцы, спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі. Яны праверылі дакумэнты і зрабілі дагляд рэчаў. Міліцыянты сказалі, што аўтамабіль, на якім ехаў спадар Леванеўскі, нібыта знаходзіцца ў росшуку.
У спадара Леванеўскага забралі дакумэнты, і цяпер ён знаходзіцца ў аддзеле міліцыі Гарадзенскага раёна. Аляксандра Васільева ўжо дапыталі.
Дзяжурны Гарадзенскага раённага аддзелу міліцыі сказаў, што спадароў Леванеўскага і Васільева даставілі супрацоўнікі ДАІ.
“Яны ехалі на машыне, якая па нумарах супадае з машынай, на якой, паводле сьведак, учынілі крадзёж”.
Спадар Леванеўскі сказаў, што аўтамабіль, на якім яны ехалі, абшукваюць. Дзеяньні міліцыі ён пракамэнтаваў так:
“Гэта правакацыя, каб мяне не выпусьціць у Менск на мітынг прадпрымальнікаў, які адбудзецца сёньня”.
Учора машыну з Валерыем Леванеўскім і Аляксандарам Васільевым ў Горадні спыніў АМАП. У іх праверылі дакумэнты, а аўтамабіль, які належыў спадару Васільеву, абшукалі, спаслаўшыся на тое, што ён нібыта знаходзіцца ў росшуку з кастрычніка мінулага году. Пасьля гэтага абодвух адпусьцілі.