Агульная колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта склала два з паловай дзясяткі
Апошнімі падалі адпаведныя заявы дэпутатка "палаты прадстаўнікоў" Натальля Машэрава, мастацкі кіраўнік тэатру сатыры "Хрыстафор" Яўген Крыжаноўскі, два невядомыя прэтэндэнты — менская бібліятэкарка Ніна Лабанава й дырэктар фірмы Валянцін Сямак, а таксама два вядомыя прадпрымальнікі Юры Данькоў і Валеры Леванеўскі.
Сярод галоўных падзеяў пятніцы — рэгістрацыя групы Зянона Пазьняка ды вылучэньне Натальлі Машэравай, а таксама дырэктара менскага заводу лядоўняў "Атлянт" Леаніда Калугіна й прафсаюзнага лідэра Аляксандра Ярашука. Юры Сьвірко, Менск Цэнтральная выбарчая камісія сёньня а 19-й гадзіне скончыла прыём сьпісаў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта
24-м прэтэндэнтам на пасаду беларускага прэзыдэнта стаў дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Сяргей Скрабец. Роўна а 19-й гадзіне 25-м стаў менскі пэнсіянэр Уладзімер Лапцэвіч, які ўжо некалькі разоў прыходзіў у Цэнтарвыбаркам, але для рэгістрацыі заўжды нечага не хапала.
Паводле Лідзіі Ярмошынай, усе кандыдаты будуць зарэгістраваныя не пазьней за 14 жніўня ды не раней за 9 жніўня, пасьля праверкі сабраных за іх подпісаў.