Кіраўнік музея В. Быкава- Мікола Мельнікаў, старшыня Гродзенскага гарадскога грамадскага аб'еднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл, удельнік ВАВ, дацэнт.
Рашэнне аб стварэнні музея Васіля Быкава ў Гародні аднадушна было прынята 7 ліпеня 2003 года на сходзе Гродзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл па прапанове ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Дамовіліся размясціць музей у офісе аб'яднання па вуліцы Савецкай (дом 31, комната 12). Пакойчык невялікі і для музея цеснаваты, але іншай плошчы ветэраны не мелі. Абавязкі кіраўніка музея аб'яднанне ўсклала на старшыню сваёй Рады ветэрана вайны, дацэнта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я.Купалы Мельнікава Мікалая Аляксандравіча, чалавека энергічнага і няўрымслівага рупліўца на ніве беларускага адраджэння.
Гэта, па-сутнасці, першы крок на Гродзеншчыне па ўвекавечанню памяці нашага вялікага земляка, сусветна вядомага пісьменніка.
Прызначэнне музея Васіля Быкава шматграннае, але найпершай і галоўнай задачай, абавязкам мы лічым зрабіць музей і яго працу своеасаблівым цэнтрам і асяродкам культурна-асветніцкай, літаратурнай і краяведчай дзейнасці на Прынёманшчыне па дастойнаму ўвекавечанню памяці вялікага пісьменніка і грамадзяніна нашай эпохі.
Праз розныя формы працы мы будзем імкнуцца найбольш поўна раскрыць людзям веліч Васіля Быкава для Бацькаўшчыны, зрабіць агульна вядомымі асноўныя старонкі і вехі яго жыцця і творчасці і такім чынам садзейнічаць хоць у нейкай ступені фарміраванню ў людзей такіх якасцей і каштоўнасцей як гуманізм і чалавечнасць, праўдалюбства і справядлівасць, патрыятызм і высокая грамадзянскасць, адказнасць перад сваім сумленнем, якія так высока цаніў, якімі даражыў Быкаў, дзе б яны ні праяўляліся - на вайне ці ў мірным жыцці.
Наш святы абавязак сказаць і давесці людзям, асабліва моладзі ды іншыя гарадзенцам, што Гародня - горад Быкава, дзе ён пражыў амаль чвэрць стагоддзя і дзе напісаў не толькі свае першыя апавяданні, але ці не бальшыню сваіх цудоўных сусветна вядромых твораў. Тут ён стаў Героем працы, лаурэатам Ленінскай, дзяржаўнай і інш.прэмій. Таму наша мэта і задача не аддаць забыццю імя слыннага гарадзенца і славутага пісьменніка сучаснасці. Мы будзем рабіць усё неабходнае, каб яго постаць, жыццё і творчасць сталі прадметам цікавасці ўсіх і на яго прыкладзе раслі і выхоўваліся нашы сучаснікі.
Дзейнасць музея В. Быкава — гэта хоць і невялікая, але ўжо свая гісторыя. Бо за гэтыя 2-3 гады яго фарміравання і працоўнага шляху на яго рахунку шмат добрых спраў і набыткаў. У асноўным завершана афармленне экспазіцыі і музей папоўніўся многімі новымі матэрыяламі. Але калі заглянуць у самы пачатак, то музей такі у нас з'явіўся не выпадкова, а стаў працягам працы па падтрымцы В.Быкава як пісьменніка-патрыёта яшчэ пры яго жыцці. Наша аб'яднанне ўжо з самага пачатку свайго існавання актыўна выступала ў абарону і падтрымку вялікага сына зямлі беларускай. Пра гэта сведчаць нашы шматлікія пісьмы, звароты, публікацыі ў прэце супраць знявагі народнага пісьменніка, вястуна праўды і людской справядлівасці. Сярод іх публікацыі: "Васіль Быкаў - сумленне нацыі", "Рукі прэч ад Васіля Быкава", "Яго творы даюць ратаванне" і інш. Двойчы выступалі ветэраны з прапановай вылучыць В.Быкава на Нобелеўскую прэмію". Пра ўсё гэта цяпер сведчаць стэнды экспазіцыі музея.
Жыццёвы і творцы шлях В.Быкава раскрыты на стэндах экспазіцыі "Васіль Быкаў - сумленне і гонар нацыі", "Васіль Быкаў на Гродзеншчыне", "На малой Радзіме вялікага сына" і іншых.
Сярод экспанатаў музея прыцягваюць увагу наведвальнікаў многія асабістыя дакументы пісьменніка і лісты як яго, так і да яго, чарнавыя рукапісы ягоных твораў, асабістыя рэчы пісьменніка - сярод іх кававарка, аўтаручкі і інш.
Вялікую дапамогу музею па збору матэрыялаў аказала жонка пісьменніка Ірына Міхайлаўна, яго сыны, а таксама сябры, пісьменнікі, журналісты, навукоўцы.