Сёлета ў лютым і летась у ліпені на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў. Пераглядаю здымкі Валерыя Леванеўскага, зробленыя мною ў першыя гадзіны, калі ён апынуўся на свабодзе. Была сонечная раніца сярэдзіны траўня, і здымкі атрымаліся кантрасныя — такімі, якім здаўся яму самому сьвет навокал, упершыню бяз кратаў і калючага дроту.
Вось яны, тыя кадры: Валеры ў турэмным адзеньні з усьмешкай на твары.
Наступны — яны трымаюцца за рукі з Аляксандрам Васільевым, якога засудзілі разам зь ім, але выпусьцілі раней. А вось яны абняўшыся.
Далей Леванеўскі з прадпрымальнікамі, што прыехалі, каб прывітаць яго на свабодзе; у бярозавым гаі; упершыню за доўгі час з мабільным тэлефонам, размаўляць — сапраўднае задавальненьне!
Ён два гады знаходзіўся ў папраўчай калёніі за публічную абразу прэзыдэнта. На досьвітку яго з калёніі “Воўчыя норы”, што ў Івацэвіцкім раёне, завезьлі ў суседні Слонім, пакуль ніхто яшчэ не пасьпеў прыехаць яго сустрэць, і далі на дарогу 25 тысяч рублёў. Ён казаў, што трымаў у руках грошы ўпершыню за два гады, і гэта было таксама незвычайным адчуваньнем. У бліжэйшых плянах — заняцца здароўем, пачаць пісаць кнігу, прыблізная назва “Турэмныя зацемкі”, сказаў тады палітвязень.
Папросту трапіў з аднаго сьвету ў іншы
Сёньня Леванеўскі прызнаецца: “У мяне кожны дзень зьняволеньня ў памяці. Канешне, самая яркая падзея — вызваленьне. Калі я першы раз у жыцьці ашалеў ад свабоды, у мяне было менавіта такое пачуцьцё. Таму што я яшчэ ня верыў, мне здавалася, што могуць прыехаць і сказаць: мы памыліліся, ці — вы зьдзейсьнілі яшчэ нейкае парушэньне і мы вас забіраем. Таму што такія выпадкі здараліся”.
Леванеўскі нават гаворыць, што востра тады адчуў: ён папросту трапіў з аднаго сьвету ў іншы. Свабода спачатку стала моцным узрушэньнем. Яму цяпер нават здаецца, што адаптацыя была лягчэйшай, калі яго засадзілі за краты, бо ён быў гатовы да непрыемнасьцяў, да правакацыяў, быў напружаным фізычна. А тут высадзілі пасярод вуліцы без кайданкоў, без аховы і рабі, што хочаш.
“Што дапамагло у турме адаптавацца? — паўтарае спачатку маё пытаньне былы палітвязень, але адразу пачынае адказваць. -- Ну, канешне, кнігі, творчасьць таксама, вера. І пачуцьцё гумару бадай”.
Творчасьць якая? Многія не разумелі, чаму ён упарта складаў скаргі. А Валеры напісаў іх мноства, было, што за дзень дзьве-тры. А рэч у тым, раскрывае свой сакрэт Леванеўскі, што такім чынам ён фіксаваў факты, якія былі ў той дзень. Таму што ведаў: дзёньнікі ў любым разе зьнішчаць, і так яно і здарылася. Але зьмест тых дзён, парушэньні, ціск на яго — яны засталіся на паперы, таму што копіі скаргаў ён адпраўляў адвакату, дахаты, і цяпер па іх можна аднавіць падзеі, што адбываліся, зазначае Леванеўскі.
”У супрацьлеглым выпадку ты будзеш сядзець да званка”
Астраўцоў: “Добра, а што, Валеры, сёньня з вашай задумай наконт “Турэмных зацемак”?
“Кніга пішацца, але мусіў прадаць гатовыя часткі бяз аўтарскага права, што зробіш — фінансавыя праблемы, -- сьцісла патлумачыў былы палітвязень і крыху ўдакладніў: у некаторых тэкстах, што бачыў апублікаванымі, знаходжу свае эпізоды…”
Леванеўскі: “Арышт, суд, зьняволеньне. Цяпер стаўлюся да гэтага па-філязофску. Раней гэта было, канечне, шокам. Ня думаў, што ўлады здольныя на тое, каб за выказваньне меркаваньняў даць два гады. Усьвядоміў гэта прыблізна праз паўтара месяцы, калі прыйшоў сьледчы і прапанаваў падпісаць паперы: што Валеры адмаўляецца ад палітычнай дзейнасьці і прызнае, што ня меў рацыі. У супрацьлеглым выпадку ты будзеш сядзець да званка, сказаў сьледчы. Так і здарылася.
Думалі-думалі, за што канкрэтна пасадзіць, ды ўрэшце падвялі, што калі я абвінавачваю Аляксандра Рыгоравіча ў тым, што ён езьдзіць у Аўстрыю катацца на лыжах, а значыцца я зьдзейсьніў злачынства…”
Вялікага мітынгу гарадзенскіх прадпрымальнікаў, якія ўзьнялі партрэты Лукашэнкі і сталі патрабаваць ягонай адстаўкі, сам Леванеўскі ня ўбачыў, яго схапілі перад самым пачаткам. “Пасьля гэтага страйкавы рух пайшоў на спад”, -- падсумоўвае сёньня сам Леванеўскі.
І тады ён абвясьціў галадоўку, каб сустрэцца зь сям’ёю
Што было самым цяжкім у зьняволеньні? Ён адказвае не задумваючыся: разлука з блізкімі… Ён прасіў: не пазбаўляйце спатканьняў, лепей дайце “шызо”, хаця ўсе яго баяліся.
У сытуацыі Леванеўскага можна было разьлічваць на тры кароткія і таксама тройчы на год на даўжэйшыя — да трох дзён спатканьні з роднымі. Але яму тры разы запар не дазволілі іх, і тады ён абвясьціў галадоўку, каб сустрэцца зь сям’ёю.
“Тыя, хто сябраваў з адміністрацыяй, мог часта атрымліваць спатканьні або разьлічваць на тэлефонныя званкі”, -- гаворыць Леванеўскі.
А яму дазволілі патэлефанаваць толькі аднойчы, калі бацька памёр. Паабяцалі нават адпусьціць на пахаваньне. Усе дакумэнты аформіў, але разьвітацца з бацькам у рэшце не дазволілі. Душэўная траўма засталася.
“У мяне няма крыўды на ўлады”, -- тым жа часам сьцьвярджае былы палітвязень. Аднак робіць удакладненьне: ёсьць пэўныя службовыя асобы, якія, зь яго пункту гледжаньня, зьдзейсьнілі адносна яго правапарушэньні.
Леванеўскі на хвіліну задумваецца і працягвае: “Існуе закон, і таму ён патрабуе, каб тыя, хто ўціскаў ягоныя правы, адказалі за гэта”.
Напрыклад: судзьдзю, які яго судзіў, пазьней злавілі на хабары.
Леванеўскі мяркуе, што гэта Божы суд. Але хаця судзьдзю схапілі “на гарачым”, ён сам звольніўся з працы і пазьбег пакараньня, таму Леванеўскі напісаў скаргу генэральнаму пракурору. Ён зьвярнуўся таксама ў камісію ААН па правах чалавека.
Пацярпела ўся сям’я
У Валерыя Леванеўскага чацьвёра дзяцей: дачка і тры сыны, апроч меншага Антона, усе ўжо дарослыя. Яго жонка Марына мне расказвала: сьледчы ёй гаварыў: “Як гэта Ваш муж гэтак безадказна зрабіць, маючы такую вялікую сям’ю?
Я пытаюся сёньня у Валерыя, ці не шкадуе ён?
Так, сапраўды пацярпела ўся сям’я, згаджаецца ён. Жонка не магла знайсьці годную працу, маючы дзьве вышэйшыя адукацыі, дзецям таксама было складана. Фінансава было цяжка, і, каб не знаёмыя і сябры, было б яшчэ цяжэй.
А што датычыць шкадаваў ён ці не? Былы палітвязень, узважваючы словы, працягвае: “Што зробіш, так атрымалася, гэта ўжо здарылася, шкадаваць можна тады толькі наконт будучыні”.
Леванеўскі падсумоўвае: “А я, як і многія беларусы, гатовы ахвяраваць сабою дзеля будучыні Беларусі, таму што гэта ў тым ліку і будучыня маёй сям’і, маіх дзяцей, і я хачу, каб яны жылі ў гэтай краіне і жылі нармальна”.
Мы вяртаемся да турэмнага жыцьця: чаго яму хацелася зьесьці, якой стравы не хапала за кратамі?
Аказваецца, для Леванеўскага гэта вельмі простае пытаньне, яго звычайна задавальняе “чыста армейская ежа”. Іншая рэч, што ў калёніі на зьняволеных любяць “эканоміць”, куды яны паскардзяцца? А вось Леванеўскі не маўчаў. У выніку яму прыносілі ежу і паведамлялі: сёньня павінна быць семдзесят грамаў тушонкі, бралі з бляшанкі і на вачах клалі ў місу. “А калі няма мяса, — усё, да пабачэньня, есьці ня буду, -- успамінае палітвязень, -- а яны павінны выпадкі адмовы фіксаваць”.
Што забрала турма ў былога палітвязьня Леванеўскага?
Праблемы ўзьнікалі, калі ён за іншых асуджаных заступаўся. Але ня будзь ён Леванеўскім, каб не наладзіў змаганьне вязьняў за свае правы. І яны пачалі масава пісаць: дайце белага хлеба, дайце іншага, як належыць па нормах.
Два гады зьняволеньня не мінуюць бясьсьледна. Што забрала турма ў былога палітвязьня Леванеўскага?
“Назаўсёды забрала бацьку. Забрала рэшткі веры ў існаваньне прававой дзяржавы. Таму што раней заставаліся “астраўкі надзеі” на тое, што ў краіне яшчэ недзе могуць прытрымлівацца закону. Цяпер я проста бачу, гаворыць ён: гэта машына, якая ламае людзей, якія трапілі ў яе.
Не сакрэт, што ў Беларусі застаюцца палітзьняволеныя, хаця улады гэтага не прызнаюць. Я спадзяюся, што мой досьвед адстойваньня сваіх правоў прыдасца тым, хто сядзяць цяпер” -- кажа Леванеўскі.
”Я яго кахаю!”
Чым сёньня займаецца былы палітвязень? Адказ ня вельмі акрэсьлены: крыху прадпрымальніцкай дзейнасьцю, у асноўным распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня, цікавіцца, канешне, палітыкай. А таксама спрабуе гадаваць маладых лідэраў прадпрымальніцкага руху, бо зацікаўлены, каб Беларусь разьвівалася, а бяз граматнай і разумнай апазыцыі разьвіцьця грамадзтва ня будзе, перакананы Леванеўскі.
Узяўся наладзіць кампанію, каб вылучыць Аляксандра Казуліна на Нобэлеўскую прэмію за мір.
А што з наступствамі турэмнага тэрміну? Ён застаўся ў чорных сьпісах: не даюць свабодна нікуды выехаць, “заўжды адчуваюцца моцныя лапы і вочы радзімы”, -- прызнаецца ён.
Вяртаючыся ў той самы памятны для яго дзень вызваленьня, мы ўзгадваем яшчэ аб адным: першы за два гады келіх шампанскага быў, зразумела, за свабоду, другі тост — за тое, каб за перакананьні не саджалі за краты, але гэта хутчэй — як пажаданьне на будучыню.
Валеры Леванеўскі паказвае сябе цацачнага з разарванымі кайданкамі, цацку прыслалі яму зьняволеныя
Жонка Валерыя Марына тады сказала пра тое, што дапамагло ёй чакаць яго коратка, але ёміста: “Ну, што сказаць? Я яго кахаю!”
Валеры Леванеўскі нарадзіўся ў Горадні 15 жніўня 1963 году. Мае незакончаную вышэйшую адукацыю, прадпрымальнік. Валодае свабодна польскай мовай і крыху нямецкай. Жонка — Марына Леванеўская, чацьвёра дзяцей, трое зь якіх — дачка Кацярына і сыны Зьміцер і Уладзімер вучацца у вышэйшых навучальных установах.
Валеры Леванеўскі быў асуджаны на два гады зьняволеньня разам з Аляксандрам Васільевым, яны кіравалі незарэгістраваным агульнанацыянальным страйкамам прадпрымальнікаў краіны. Суд прызнаў іх вінаватымі ў нанясеньні публічнай абразы прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, злучанай з абвінавачаньнем яго ў цяжкім злачынстве.
Абвінавачаньне выкарыстала тэкст першатравеньскай ўлёткі, якую яны распаўсюдзілі. Ва ўлётцы быў заклік да гарадзенцаў прыйсьці на першатравеньскі мітынг, а таксама быў надрукаваны верш, у якім сьледзтва выявіла нібыта абразу прэзыдэнта. Удзельнікі мітынгу запатрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Лукашэнкі.
Тэрмін пакараньня Валеры Леванеўскі адбываў з 15 траўня 2004 году да 15 траўня 2006 году. Напачатку ён знаходзіўся ў Гарадзенскай турме N1, потым у Івацэвіцкай калёніі N22, у Баранавіцкай перасыльнай, у Магілёўскай N19, у рэспубліканскім турэмным шпіталі.