Андрэй Клімаў з калёніі піша, што яму не хапае інфармацыі з волі. Палітвязень просіць сяброў і неабыякавых людзей дасылаць яму лісты. Сваю просьбу Андрэй Клімаў выказаў у лісьце да былога палітвязьня Валера Леванеўскага.
“Піша, каб ліставаліся зь ім у калёніі, і ўсім перадае прывітаньне, – расказвае Валер Леванеўскі. – Яму баліць сэрца, ён прастыў, у карантыне яму вельмі цяжка. У пакоі толькі два вязьні ня паляць, а ўсе астатнія паляць, дыхаць няма чым.
Піша, што да канца ня верыў, што яго пасадзяць за такую рэч, як артыкул у інтэрнэце, і толькі цяпер ён гэта сапраўды ўсьвядоміў.
Вось такія кароткія зьвесткі. Ён просіць усіх пісаць яму як мага болей, яму не хапае інфармацыі з волі”.
Андрэя Клімава асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму за антыўрадавы артыкул у інтэрнэце. Паседжаньне суду было закрытым, таму многія падрабязнасьці справы невядомыя.
Адрас Клімава ў калёніі
247760 Гомельская вобласьць, г. Мазыр. ІК-20 Клімаву Андрэю Яўгенавічу
Ад канца 1990-х гадоў гэта ўжо трэцяе пакараньне Андрэя Клімава, якога ў сьвеце прызналі вязьнем сумленьня.