ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
12 снежня 2005 г. № 70-З
АБ МУЗЕЯХ І МУЗЕЙНЫМ ФОНДЗЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Прыняты Палатай прадстаўнікоў 16 лістапада 2005 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 24 лістапада 2005 года
![Изменения и дополнения:
Закон Республики Беларусь от 18 июля 2007 г. № 265-З
(Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,
2007 г., № 173, 2/1362)]
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 1. Асноўныя тэрміны і іх азначэнні, якія
выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе
У гэтым Законе выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і
іх азначэнні:
музей - юрыдычная асоба або структурнае падраздзяленне
юрыдычнай асобы, якія рэалізуюць большасць відаў музейнай дзейнасці;
музейны прадмет - культурная каштоўнасць або выдзелены з
навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці унікальны
прыродны аб’ект, якія маюць культурную, гістарычную, навуковую і
(або) мастацкую вартасць і ўключаны ў музейны фонд у мэтах
захавання, вывучэння і папулярызацыі;
музейная калекцыя - сукупнасць музейных прадметаў, аб’яднаных
адной або некалькімі прыкметамі, якая з’яўляецца адным цэлым і
адначасова састаўной часткай музейнага фонду;
музейны фонд - навукова абгрунтаваная сукупнасць музейных
прадметаў і (або) музейных калекцый, якія захоўваюцца ў музеі;
прадмет музейнага значэння - культурная каштоўнасць або
выдзелены з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці
унікальны прыродны аб’ект, якія маюць прыкметы музейнага прадмета,
але не ўключаны ў музейны фонд;
музейная справа - сфера культуры, якая ўключае ў сябе
навуковыя, даследчыя і асветніцкія працэсы, накіраваныя на
выяўленне, камплектаванне, улік, захаванне, вывучэнне і
папулярызацыю культурных каштоўнасцей і (або) выдзеленых з
навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці унікальных
прыродных аб’ектаў;
музейны работнік - фізічная асоба, якая на падставе працоўнага
дагавора забяспечвае ажыццяўленне ў музеі музейнай дзейнасці.
Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб музеях і
Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь
1. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб музеях і Музейным
фондзе Рэспублікі Беларусь грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі
Беларусь і складаецца з Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1991
года «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (Ведамасці Вярхоўнага
Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 20, арт. 291; Национальный реестр
правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., № 87, 2/1031), гэтага
Закона і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
2. Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены
іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то
прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.
Артыкул 3. Дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы музейнай справы
1. Дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы музейнай справы ажыццяўляюць
Прэзiдэнт Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь,
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, мясцовыя выканаўчыя і
распарадчыя органы, іншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасці з іх
кампетэнцыяй.
2. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае дзяржаўную палітыку
ў сферы музейнай справы.
3. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечвае рэалізацыю
дзяржаўнай палітыкі ў сферы музейнай справы.
4. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь рэалізуе
дзяржаўную палітыку ў сферы музейнай справы, ажыццяўляе рэгуляванне
і кіраванне ў гэтай сферы і каардынуе дзейнасць у сферы музейнай
справы іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.
5. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах сваёй
кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння ў сферы музейнай
справы.
Артыкул 4. Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы
музейнай справы
Асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы музейнай
справы з’яўляюцца:
забеспячэнне агульнадаступнасці музейных прадметаў і музейных
калекцый;
забеспячэнне сацыяльна-эканамічных і іншых умоў для эфектыўнай
дзейнасці музеяў, садзейнічанне фарміраванню сучаснай інфраструктуры
і інфарматызацыі музейнай справы;
падтрымка дзяржаўных праграм развіцця музейнай справы;
забеспячэнне захаванасці Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь,
у тым ліку шляхам фінансавання кансервацыі і (або) рэстаўрацыі
музейных прадметаў і музейных калекцый за кошт сродкаў
рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц, не
забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
забеспячэнне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння
кваліфікацыі музейных работнікаў;
распрацоўка, прыняцце (выданне) актаў заканадаўства Рэспублікі
Беларусь у сферы музейнай справы і кантроль за іх выкананнем;
падтрымка фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў
у сферы музейнай справы;
садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы музейнай
справы, у тым ліку арганізацыя міжнародных музейных выставак у
Рэспубліцы Беларусь і выставак, створаных на аснове музейных
прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі
Беларусь, за межамі Рэспублікі Беларусь, фінансаванне ўдзелу ў
міжнародных музейных арганізацыях.
Артыкул 5. Правы і абавязкі наведвальнікаў музеяў
1. Наведвальнікі музеяў маюць права на:
1.1. наведванне музеяў у адпаведнасці з рэжымам іх работы, а
таксама карыстанне іх паслугамі;
1.2. атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб
дзейнасці музеяў, за выключэннем інфармацыі, якая з’яўляецца
дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайнай;
1.3. працу з музейнымі прадметамі і (або) музейнымі калекцыямі
ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
1.4. абскарджанне ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь незаконных дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб музеяў,
якія абмяжоўваюць правы наведвальнікаў.
2. Музеі, якія поўнасцю або часткова фінансуюцца за кошт
сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, прадастаўляюць
грамадзянам права бясплатнага наведвання экспазіцый і выставак,
створаных на аснове ўласных музейных фондаў, не радзей чым адзін раз
у месяц, а інвалідам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны,
ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы, дзецям да сямі гадоў,
дзецям-сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, асобам з
ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў,
навучэнцам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, музейным
работнікам - пастаянна.
Навучэнцам устаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне
агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і
вышэйшай адукацыі, прадастаўляецца права на не больш чым 50-
працэнтную скідку ад кошту ўваходнага білета для наведвання
экспазіцый і выставак, створаных музеямі, указанымі ў частцы першай
гэтага пункта, на аснове ўласных музейных фондаў.
Прадугледжанае часткамі першай і другой гэтага пункта
прадастаўленне права бясплатнага (ільготнага) наведвання экспазіцый
і выставак, створаных на аснове ўласных музейных фондаў, не
распаўсюджваецца на іншыя платныя паслугі музеяў.
3. У музеях, не ўказаных у частцы першай пункта 2 гэтага
артыкула, прадастаўленне права бясплатнага (ільготнага) наведвання
экспазіцый і выставак, створаных на аснове ўласных музейных фондаў,
вызначаецца заснавальнікамі гэтых музеяў.
4. Наведвальнікі музеяў абавязаны беражліва адносіцца да
музейных прадметаў і музейных калекцый і выконваць правілы для
наведвальнікаў музеяў.
Артыкул 6. Міжнародныя сувязі музеяў
Музеі Рэспублікі Беларусь удзельнічаюць у міжнародным
супрацоўніцтве ў сферы музейнай справы ў адпаведнасці з Законам
Рэспублікі Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» і іншымі
актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнароднымі
дагаворамі Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 7. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублікі
Беларусь аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі
Беларусь
За парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб музеях і
Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь настае адказнасць у адпаведнасці
з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 2
МУЗЕІ І АРГАНІЗАЦЫЯ ІХ ДЗЕЙНАСЦІ
Артыкул 8. Віды музеяў па форме ўласнасці
1. Музеі ў Рэспубліцы Беларусь падзяляюцца па форме ўласнасці
на дзяржаўныя і прыватныя.
2. Да дзяржаўных музеяў адносяцца музеі, створаныя дзяржаўнымі
органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі.
3. Да прыватных музеяў адносяцца музеі, створаныя фізічнымі
асобамі або недзяржаўнымі арганізацыямі.
Артыкул 9. Статус музеяў
1. Музеі з’яўляюцца некамерцыйнымі арганізацыямі, якія
ствараюцца ў форме ўстаноў культуры.
Музеі могуць уваходзіць у склад юрыдычных асоб у якасці
структурных падраздзяленняў, у тым ліку адасобленых.
2. Статус музеяў вызначаецца іх заснавальнікамі з улікам
палажэнняў гэтага Закона, іншых актаў заканадаўства Рэспублікі
Беларусь і ўказваецца ў статуце юрыдычнай асобы (далей - статут
музея) або ў палажэнні аб структурным падраздзяленні юрыдычнай
асобы.
3. У адпаведнасці з гэтым Законам Прэзідэнт Рэспублікі
Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь могуць устанаўліваць
асаблівасці прававога становішча некаторых музеяў.
Артыкул 10. Парадак стварэння і ліквідацыі музеяў
1. Музеі ствараюцца і ліквідуюцца ў парадку, устаноўленым
Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі
Беларусь «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», гэтым Законам і іншымі
актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
2. Стварэнне дзяржаўных музеяў ажыццяўляецца Прэзідэнтам
Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь,
Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама іншымі
дзяржаўнымі органамі і дзяржаўнымі арганізацыямі па ўзгадненню з
Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
3. Абавязковымі ўмовамі для стварэння музея з’яўляюцца:
3.1. наяўнасць культурных каштоўнасцей і (або) выдзеленых з
навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці унікальных
прыродных аб’ектаў, а таксама навуковага праекта музея, у залежнасці
ад якіх вызначаецца профіль музея;
3.2. магчымасць заснавальніка музея забяспечыць музей будынкам
(памяшканнем), які адпавядае профілю музея і патрабаванням па
захоўванню музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама
неабходнымі фінансавымі сродкамі для арганізацыі і ажыццяўлення
музейнай дзейнасці;
3.3. іншыя ўмовы, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь.
4. Пры ліквідацыі дзяржаўнага музея яго музейны фонд
перадаецца іншым дзяржаўным музеям.
Пры ліквідацыі прыватнага музея яго заснавальнік абавязаны
забяспечыць цэласнасць і захаванасць музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь.
Пры ліквідацыі прыватнага музея ў выпадку прыняцця ўласнікам
музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, уключаных у Музейны
фонд Рэспублікі Беларусь, рашэння аб іх адчужэнні перавагу ў набыцці
гэтых музейных прадметаў і (або) музейных калекцый пры іншых роўных
умовах маюць дзяржаўныя органы і дзяржаўныя музеі.
Артыкул 11. Асноўныя задачы музеяў
Асноўнымі задачамі музеяў з’яўляюцца выяўленне,
камплектаванне, улік, захаванне, вывучэнне і папулярызацыя
культурных каштоўнасцей і (або) выдзеленых з навакольнага асяроддзя
ў выніку навуковай дзейнасці унікальных прыродных аб’ектаў у мэтах
забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей айчыннай і
сусветнай культуры, выкарыстання іх для інтэлектуальнага і
культурнага развіцця грамадства, у тым ліку для распаўсюджвання
ведаў аб навакольным асяроддзі, гісторыі і культуры.
Артыкул 12. Музейная дзейнасць
1. Музейная дзейнасць ажыццяўляецца музеямі і ўключае ў сябе
наступныя віды:
1.1. выяўленне прадметаў музейнага значэння;
1.2. камплектаванне музейных фондаў;
1.3. улік музейных прадметаў і музейных калекцый;
1.4. захоўванне музейных прадметаў і музейных калекцый,
забеспячэнне іх цэласнасці і захаванасці;
1.5. вывучэнне музейных прадметаў і музейных калекцый, у тым
ліку правядзенне на іх аснове навуковых даследаванняў архіўных,
бібліятэчных і іншых крыніц;
1.6. навуковую інвентарызацыю і каталагізацыю музейных
прадметаў і музейных калекцый;
1.7. навуковае і мастацкае праектаванне, стварэнне на аснове
музейных фондаў экспазіцый і выставак;
1.8. экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музеяў;
1.9. культурна-асветніцкую дзейнасць, звязаную з музейнымі
прадметамі і музейнымі калекцыямі;
1.10. папулярызацыю музейных прадметаў і музейных калекцый, у
тым ліку шляхам публічнага іх прадстаўлення, публікацыі адпаведных
матэрыялаў;
1.11. правядзенне навукова-практычных семінараў і канферэнцый,
іншых мерапрыемстваў у сферы музейнай справы;
1.12. кансервацыю і рэстаўрацыю музейных прадметаў і музейных
калекцый.
2. Юрыдычныя асобы, якія не з’яўляюцца музеямі, а таксама
фізічныя асобы могуць рэалізоўваць асобныя віды музейнай дзейнасці.
Артыкул 13. Экспазіцыі і выстаўкі музеяў
1. У музеях на аснове ўласных музейных фондаў ствараюцца
пастаянныя і часовыя экспазіцыі і выстаўкі.
2. Парадак стварэння і адкрыцця экспазіцый і выставак музеяў
устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 14. Правы і абавязкі музеяў
1. Музеі маюць права на:
1.1. дакументаванне ўсіх з’яў айчыннай і замежнай гісторыі і
культуры незалежна ад іх палітычнай, ідэалагічнай, гаспадарчай,
сацыяльнай або іншай накіраванасці, за выключэннем з’яў, звесткі аб
якіх з’яўляюцца дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайнай;
1.2. арганізацыю і правядзенне навукова-даследчых экспедыцый
для забеспячэння камплектавання музейных фондаў, а таксама на
выяўленне прадметаў музейнага значэння іншым спосабам, які не
супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь;
1.3. ажыццяўленне ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь прадпрымальніцкай і (або) іншай дзейнасці, якая прыносіць
даход, у тым ліку аказанне платных паслуг;
1.4. працу ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь, у архівах, бібліятэках і іншых арганізацыях.
2. Музеі абавязаны:
2.1. садзейнічаць рэалізацыі правоў наведвальнікаў музеяў,
прадугледжаных гэтым Законам;
2.2. абслугоўваць наведвальнікаў музеяў у адпаведнасці са
статутам музея або палажэннем аб структурным падраздзяленні
юрыдычнай асобы;
2.3. пашыраць доступ наведвальнікаў да музейных прадметаў і
музейных калекцый;
2.4. забяспечваць цэласнасць і захаванасць музейных прадметаў
і музейных калекцый;
2.5. рабіць справаздачы перад органамі дзяржаўнага кіравання ў
адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
2.6. забяспечваць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне
квалiфiкацыi музейных работнікаў;
2.7. прадастаўляць у адпаведнасці з гэтым Законам асобным
катэгорыям грамадзян права бясплатнага (ільготнага) наведвання
экспазіцый і выставак, створаных на аснове ўласных музейных фондаў;
2.8. разглядаць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь звароты грамадзян.
ГЛАВА 3
АСАБЛІВАСЦІ ПРАВАВОГА СТАНОВІШЧА І ПАРАДКУ ДЗЕЙНАСЦІ НЕКАТОРЫХ
МУЗЕЯЎ
Артыкул 15. Гісторыка-культурныя музеі-запаведнікі
1. Комплексы і ансамблі нерухомых матэрыяльных гісторыка-
культурных каштоўнасцей, якія маюць асаблівае культурнае,
гістарычнае, навуковае і (або) мастацкае значэнне, разам з
тэрыторыяй, гістарычна і культурна звязанай з імі, па прадстаўленню
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама па
прадстаўленнях іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання,
абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, узгодненых з
Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, ва ўстаноўленым парадку
могуць быць аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго
даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь гісторыка-
культурнымі музеямі-запаведнікамі.
2. Межы гісторыка-культурных музеяў-запаведнікаў, асаблівасці
іх прававога становішча, аховы і выкарыстання вызначаюцца Саветам
Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам
Рэспублікі Беларусь.
3. Ахова нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных
каштоўнасцей, якія ўваходзяць у склад гісторыка-культурных музеяў-
запаведнікаў, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам
Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
Артыкул 16. Нацыянальныя музеі
1. Музеям, зарэгістраваным як юрыдычныя асобы, маёмасць якіх
знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, можа быць прысвоены статус
«нацыянальны» пры ўмове ўнясення імі значнага ўкладу ў развіццё
музейнай справы Рэспублікі Беларусь.
2. Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення
статусу «нацыянальны» і асаблівасці прававога становішча музея з
такім статусам вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 17. Народныя музеі
1. Музеям, якія ўваходзяць у склад юрыдычнай асобы ў якасці
структурных падраздзяленняў, можа быць прысвоены статус «народны»
пры ўмове ажыццяўлення імі на адпаведным прафесійным узроўні
музейнай дзейнасці не менш чым дзесяць гадоў.
2. Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення
статусу «народны» і асаблівасці прававога становішча музея з такім
статусам вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 4
КАМПЛЕКТАВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ФОНДАЎ. МУЗЕЙНЫЯ ПРАДМЕТЫ І МУЗЕЙНЫЯ
КАЛЕКЦЫІ
Артыкул 18. Камплектаванне музейных фондаў
1. Камплектаванне музейных фондаў ажыццяўляецца шляхам:
1.1. набыцця прадметаў музейнага значэння;
1.2. дарэння музеям прадметаў музейнага значэння;
1.3. абмену ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь музейнымі прадметамі або прадметамі музейнага значэння,
музейнымі калекцыямі;
1.4. іншымі спосабамі, якія не супярэчаць заканадаўству
Рэспублікі Беларусь.
2. Прадметы музейнага значэння, накіраваныя (перададзеныя) ва
ўласнасць дзяржавы, перадаюцца дзяржаўным музеям у парадку,
устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 19. Асаблівасці выкарыстання і захоўвання музейных
прадметаў і музейных калекцый, распараджэння імі
1. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі ў працэсе музейнай
дзейнасці выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння агульнадаступнасці
культурных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, выкарыстання
іх для інтэлектуальнага і культурнага развіцця грамадства, у тым
ліку для распаўсюджвання ведаў аб навакольным асяроддзі, гісторыі і
культуры.
2. Забараняецца выкарыстанне музейных прадметаў і музейных
калекцый ва ўмовах, якія ствараюць пагрозу іх захаванню і (або)
могуць прывесці да іх пашкоджання, страты ці знішчэння. У мэтах
забеспячэння захавання музейных прадметаў і музейных калекцый і
выключэння выпадкаў іх пашкоджання, страты ці знішчэння ў музеях
устанаўліваецца навукова абгрунтаваны спецыяльны рэжым захоўвання
музейных прадметаў і музейных калекцый, праводзяцца іх кансервацыя і
(або) рэстаўрацыя.
3. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд Рэспублікі Беларусь, вывазу за межы Рэспублікі Беларусь на
пастаяннае захоўванне не падлягаюць, за выключэннем выпадкаў,
прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Часовы вываз музейных прадметаў і музейных калекцый за межы
Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам
Рэспублікі Беларусь.
4. Парадак перадачы музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, на часовае або
пастаяннае захоўванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
устанаўліваецца Палажэннем аб Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь.
4-1. Асаблівасці выкарыстання музейных прадметаў i музейных
калекцый, уключаных у культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду
каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь,
устанаўлiваюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь у сферы дзейнасцi
з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi.
-----------------------------------------------------------
Статья 19 дополнена пунктом 4-1 Законом Республики
Беларусь от 18 июля 2007 г. № 265-З
-----------------------------------------------------------
5. Выраб выяўленчай, друкаванай, сувенірнай і іншай
тыражаванай прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з
выкарыстаннем выяў музейных прадметаў і музейных калекцый, будынкаў
музеяў, аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыях музеяў, у тым ліку з
выкарыстаннем іх назваў і сімволікі, ажыццяўляюцца толькі з дазволу
музеяў.
Артыкул 20. Права ўласнасці на музейныя прадметы і музейныя
калекцыі
Музейныя прадметы і музейныя калекцыі могуць знаходзіцца ў
дзяржаўнай або прыватнай уласнасці, за выключэннем аб’ектаў, якія ў
адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь знаходзяцца
толькі ва ўласнасці дзяржавы.
ГЛАВА 5
МУЗЕЙНЫ ФОНД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 21. Агульныя палажэнні аб Музейным фондзе Рэспублікі
Беларусь
1. Музейны фонд Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сукупнасць
музейных фондаў дзяржаўных музеяў і асобных музейных прадметаў і
музейных калекцый прыватных музеяў, уключаных у Музейны фонд
Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з часткай другой пункта 1
артыкула 22 гэтага Закона.
2. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнай
спадчыны Рэспублікі Беларусь.
3. Палажэнне аб Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь
зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 22. Уключэнне музейных прадметаў і музейных калекцый у
Музейны фонд Рэспублікі Беларусь і іх выключэнне з
Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь
1. Парадак уключэння музейных прадметаў і музейных калекцый у
Музейны фонд Рэспублікі Беларусь і іх выключэння з Музейнага фонду
Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца Палажэннем аб Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь.
Музейныя прадметы і музейныя калекцыі прыватных музеяў
уключаюцца ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь на падставе пісьмова
аформленых заяў або згоды ўласнікаў гэтых музейных прадметаў і
музейных калекцый.
2. Музейны прадмет і музейная калекцыя выключаюцца з Музейнага
фонду Рэспублікі Беларусь, калі яны:
2.1. пашкоджаны ў такой ступені, што немагчыма іх
рэстаўрыраваць;
2.2. страцілі сваю культурную, гістарычную, навуковую і (або)
мастацкую вартасць;
2.3. страчаны ці знішчаны ў выніку ўздзеяння прыродных
фактараў;
2.4. выкрадзены, што пацвярджаецца адпаведнымі дзяржаўнымі
органамі;
2.5. знаходзяцца ў музейным фондзе прыватнага музея (на
падставе пісьмова аформленых заяў уласнікаў гэтых музейных прадметаў
і музейных калекцый);
2.6. абменьваюцца згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь
адпаведна на іншы музейны прадмет, які знаходзіцца ў замежным музеі,
або прадмет музейнага значэння і на іншую музейную калекцыю, якая
знаходзіцца ў замежным музеі.
3. Музейнаму прадмету і музейнай калекцыі ў адпаведнасці з
заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай
спадчыны можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай
каштоўнасці.
Артыкул 23. Цэнтралізаваны ўлік музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь
1. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд Рэспублікі Беларусь, падлягаюць цэнтралізаванаму ўліку.
2. Цэнтралізаваны ўлік музейных прадметаў і музейных калекцый
ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь праз
вядзенне Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, у
якім змяшчаюцца асноўныя звесткі аб кожным музейным прадмеце і
кожнай музейнай калекцыі, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі
Беларусь.
3. Уласнікі музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных
у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, абавязаны забяспечыць
прадстаўленне ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь дакладнай
інфармацыі аб гэтых музейных прадметах і музейных калекцыях для
ўнясення яе ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.
4. Парадак вядзення Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду
Рэспублікі Беларусь і парадак прадстаўлення ў Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь інфармацыі для ўнясення яе ў Дзяржаўны каталог
Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь устанаўліваюцца Палажэннем аб
Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 24. Дзяржаўны кантроль за станам Музейнага фонду
Рэспублікі Беларусь
1. Дзяржаўны кантроль за станам Музейнага фонду Рэспублікі
Беларусь ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь,
мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі дзяржаўнымі
органамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.
2. Дзяржаўны кантроль за станам Музейнага фонду Рэспублікі
Беларусь ажыццяўляецца ў формах:
2.1. праверкі цэласнасці і захаванасці музейных прадметаў і
музейных калекцый;
2.2. праверкі ўліковых дакументаў музейных прадметаў і
музейных калекцый;
2.3. у іншых формах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь.
3. Парадак ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю за станам
Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца заканадаўствам
Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 6
МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ І ФІНАНСАВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ МУЗЕЯЎ
Артыкул 25. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне музеяў
1. Заснавальнік музея павінен забяспечыць музей будынкам
(памяшканнем), які адпавядае профілю музея і патрабаванням па
захоўванню музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама
абсталяваннем і фінансавымі, тэхнічнымі і іншымі сродкамі,
неабходнымі для ажыццяўлення музейнай дзейнасці.
2. Размяшчэнне музеяў у будынках (памяшканнях), якія не
адпавядаюць патрабаванням па захоўванню музейных прадметаў і
музейных калекцый, і перавод музеяў у будынкі (памяшканні), якія
пагаршаюць умовы іх дзейнасці, не дапускаюцца.
3. У выпадку перадачы іншым арганізацыям будынка (памяшкання),
у якім размешчаны дзяржаўны музей, дзяржаўныя органы, якія
ажыццяўляюць перадачу, прадастаўляюць дзяржаўнаму музею раўнацэнны
будынак (памяшканне) і забяспечваюць за свой кошт перамяшчэнне
музейнага фонду і абсталявання музея.
Артыкул 26. Фінансаванне музеяў
Фінансаванне музеяў ажыццяўляецца за кошт:
сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў (для
дзяржаўных музеяў);
сродкаў заснавальніка (для прыватных музеяў);
прыбытку ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці музеяў, якая
прыносіць даход, у тым ліку сродкаў, атрыманых ад продажу білетаў,
экскурсійнага абслугоўвання, выставачнай дзейнасці, вырабу і
рэалізацыі выяўленчай, друкаванай, сувенірнай і іншай тыражаванай
прадукцыі, іншых відаў паслуг, аказанне якіх не супярэчыць
заканадаўству Рэспублікі Беларусь;
ахвяраванняў музеям;
іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам Рэспублікі
Беларусь.
ГЛАВА 7
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 27. Уступленне ў сілу гэтага Закона
Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго
афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула
28, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага
Закона.
Артыкул 28. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь
у адпаведнасць з гэтым Законам
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін
пасля афіцыйнага апублікавання гэтага Закона:
прывесці нарматыўныя прававыя акты Урада Рэспублікі Беларусь у
адпаведнасць з гэтым Законам;
забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі
дзяржаўнага кіравання, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі
Беларусь, іх нарматыўных прававых актаў, якія супярэчаць гэтаму
Закону;
прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў
гэтага Закона.
Артыкул 29. Прызнанне заканадаўчага акта Рэспублікі Беларусь
страціўшым сілу
У сувязі з прыняццем гэтага Закона прызнаць страціўшым сілу
Закон Рэспублікі Беларусь ад 5 верасня 1996 года «Аб музеях і
Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета
Рэспублiкi Беларусь, 1996 г., № 28, арт. 512).
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка
|