Право
Загрузить Adobe Flash Player
Навигация
Новые документы

Реклама

Законодательство России

Долой пост президента Беларуси

Ресурсы в тему
ПОИСК ДОКУМЕНТОВ

Постановления СМ РБ

Постановления других органов Республики Беларусь

Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.10.2005 № 1177 "Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Палажэнне аб бесперапынным прафесiйным навучаннi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў"

Документ утратил силу
< Главная страница

Зарегистрировано в НРПА РБ 28 октября 2005 г. N 5/16676



У мэтах ажыццяўлення дзяржаўнай палiтыкi па арганiзацыi i правядзенню бесперапыннага прафесiйнага навучання кадраў Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

Унесцi ў Палажэнне аб бесперапынным прафесiйным навучаннi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў, зацверджанае пастановай Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 11 студзеня 1995 г. N 20 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., N 118, 5/11311; 2004 г., N 86, 5/14277), змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi (прыкладаецца).



Прэм'ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь С.СIДОРСКI



                                               ЗАЦВЕРДЖАНА
                                               Пастанова
                                               Кабiнета Мiнiстраў
                                               Рэспублiкi Беларусь
                                               11.01.1995 N 20
                                               (у рэдакцыi пастановы
                                               Савета Мiнiстраў
                                               Рэспублiкi Беларусь
                                               25.10.2005 N 1177)


Глава 1 АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

1. Дадзенае Палажэнне рэгулюе адносiны па бесперапыннаму прафесiйнаму навучанню кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання i арганiзацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублiкi Беларусь, iншых дзяржаўных арганiзацый (далей - кiруючыя работнiкi i спецыялiсты) з улiкам патрабаванняў Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 2004 г. N 354 "О работе с руководящими кадрами в системе государственных органов и иных государственных организаций" (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2004 г., N 120, 1/5712).

2. Пад бесперапынным прафесiйным навучаннем для мэт дадзенага Палажэння разумеецца працэс прафесiйнага ўдасканалення i самаўдасканалення кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў на ўзроўнi ўжо атрыманай iмi раней вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыi, якi адбываецца на працягу ўсёй працоўнай дзейнасцi.

3. Кiраўнiкi рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання i арганiзацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублiкi Беларусь, iншых дзяржаўных арганiзацый (далей - дзяржаўныя органы i арганiзацыi) нясуць персанальную адказнасць за арганiзацыю бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў, забеспячэнне высокага ўзроўню iх квалiфiкацыi ў адпаведнасцi з умовамi сучаснага сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэспублiкi, своечасовую падрыхтоўку да выканання новых працоўных функцый.

4. Бесперапыннае прафесiйнае навучанне кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ажыццяўляецца як на тэрыторыi рэспублiкi ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, так i за яе межамi ў рамках iснуючых мiжнародных дагавораў.

5. Асноўнымi прынцыпамi бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў з'яўляюцца:

сiстэмнасць;

пераемнасць;

навуковасць;

абавязковасць;

перспектыўнасць;

арыентацыя на развiццё кiруючага работнiка i спецыялiста як асобы;

iндывiдуалiзацыя i дыферэнцыяцыя навучальнага працэсу;

спалучэнне арганiзаванага навучання з самаадукацыяй.

6. Мэтамi бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў з'яўляюцца:

забеспячэнне эфектыўнай дзейнасцi дзяржаўных органаў i арганiзацый;

напаўненне рынка працы спецыялiстамi з высокiм узроўнем агульнай культуры i прафесiйнай кампетэнтнасцi;

навучанне рэзерву кiруючых кадраў;

фармiраванне, стымуляванне i задавальненне патрэбнасцей кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў у пастаянным прафесiйным удасканаленнi;

забеспячэнне сацыяльнай абароненасцi;

захаванне i развiццё адзiнай адукацыйнай прасторы.

7. Фiнансаванне мерапрыемстваў па бесперапыннаму прафесiйнаму навучанню кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў, а таксама за кошт сродкаў арганiзацый i ўласных сродкаў фiзiчных асоб.

8. Парадак матэрыяльнага забеспячэння кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў, якiя праходзяць навучанне ў сiстэме павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў, устанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.



Глава 2 АРГАНIЗАЦЫЯ БЕСПЕРАПЫННАГА ПРАФЕСIЙНАГА НАВУЧАННЯ КIРУЮЧЫХ РАБОТНIКАЎ I СПЕЦЫЯЛIСТАЎ

9. Бесперапыннае прафесiйнае навучанне кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ажыццяўляецца ў наступных вiдах:

сiстэматычнае самастойнае навучанне (самаадукацыя);

навучанне ў арганiзацыях (па месцы работы);

павышэнне квалiфiкацыi;

перападрыхтоўка;

стажыроўка.

10. Бесперапыннае прафесiйнае навучанне кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў забяспечваецца:

установамi (iх падраздзяленнямi), якiя забяспечваюць павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў (далей - установы (iх падраздзяленнi);

арганiзацыямi, якiя ажыццяўляюць навучанне сваiх супрацоўнiкаў па месцы iх работы, а таксама могуць праводзiць стажыроўку кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

самастойна кiруючымi работнiкамi i спецыялiстамi (самаадукацыя).

11. Павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ажыццяўляюцца ў наступных тыпах устаноў (iх падраздзяленняў):

акадэмiях паслядыпломнай адукацыi;

iнстытутах павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў;

факультэтах павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi;

спецыяльных факультэтах перападрыхтоўкi кадраў устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi;

аддзяленнях павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi;

вучэбных цэнтрах падрыхтоўкi, павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў;

курсах павышэння квалiфiкацыi кадраў.

12. Кiруючыя работнiкi i спецыялiсты, якiя праходзяць навучанне ва ўстановах (iх падраздзяленнях), з'яўляюцца iх слухачамi.

Слухачамi ўстаноў (iх падраздзяленняў) таксама могуць быць:

кiруючыя работнiкi i спецыялiсты арганiзацый iншых форм уласнасцi;

студэнты старшых курсаў вышэйшых навучальных устаноў (у парадку, устаноўленым Мiнiстэрствам адукацыi);

беспрацоўныя (у парадку, устаноўленым Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны i Мiнiстэрствам адукацыi);

iншыя грамадзяне Рэспублiкi Беларусь на падставе заяў на навучанне;

грамадзяне замежных дзяржаў на падставе мiжнародных дагавораў.

13. Навукова-метадычнае кiраўнiцтва бесперапынным прафесiйным навучаннем кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ажыццяўляюць галаўныя ўстановы адукацыi, якiя вызначаюцца па профiлях (напрамках, групах спецыяльнасцей) адукацыi ў адпаведнасцi з Агульнадзяржаўным класiфiкатарам Рэспублiкi Беларусь "Спецыяльнасцi i квалiфiкацыi" АКРБ 011-2001, зацверджаным загадам Мiнiстэрства адукацыi i Дзяржаўнага камiтэта па стандартызацыi i метралогii ад 26 студзеня 2001 г. N 3, а таксама iншыя арганiзацыi па навукова-метадычнаму кiраўнiцтву бесперапынным прафесiйным навучаннем кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў.

Парадак вызначэння галаўных устаноў i iх пералiк устанаўлiваюцца Мiнiстэрствам адукацыi.

14. Вучэбная дзейнасць ва ўстановах (iх падраздзяленнях) праводзiцца на падставе вучэбна-праграмнай дакументацыi (вучэбных планаў, праграм i вучэбна-тэматычных планаў). Агульныя патрабаваннi да вучэбна-праграмнай дакументацыi, парадак яе распрацоўкi, рэцэнзавання, экспертызы i зацвярджэння вызначаюцца Мiнiстэрствам адукацыi.

15. Тыпавыя вучэбныя планы перападрыхтоўкi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў па спецыяльнасцях распрацоўваюцца дзяржаўнымi органамi або галаўнымi ўстановамi, якiя забяспечваюць павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў, i зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi не радзей чым адзiн раз у 5 гадоў.

16. На падставе тыпавых вучэбных планаў установамi (iх падраздзяленнямi) распрацоўваюцца ва ўстаноўленым парадку свае вучэбныя планы перападрыхтоўкi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў па спецыяльнасцях i зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi. Узнаўленне гэтых вучэбных планаў ажыццяўляецца па меры неабходнасцi, але не радзей чым адзiн раз у 2 гады.

17. Вучэбна-праграмная дакументацыя павышэння квалiфiкацыi распрацоўваецца ўстановамi (iх падраздзяленнямi) i зацвярджаецца кiраўнiкамi ўстаноў па ўзгадненню з заказчыкамi.

18. Абавязковымi патрабаваннямi да вучэбна-праграмнай дакументацыi з'яўляюцца яе разгляд i рэкамендацыя савета (iншага калегiяльнага органа) установы (яго падраздзялення).



Глава 3 СIСТЭМАТЫЧНАЕ САМАСТОЙНАЕ НАВУЧАННЕ (САМААДУКАЦЫЯ)

19. Сiстэматычнае самастойнае навучанне (самаадукацыя) - гэта вiд бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў, якi садзейнiчае пашырэнню магчымасцей асобы ў прафесiйным самаўдасканаленнi.

20. Самаадукацыя ажыццяўляецца ў мэтах задавальнення iндывiдуальных патрэбнасцей кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў у павышэннi ўзроўню iх прафесiйнай кампетэнтнасцi. У першую чаргу яна павiнна быць накiравана на паглыбленае вывучэнне пытанняў, якiя маюць непасрэднае дачыненне да выконваемых работнiкам функцый, а таксама яго асобаснае развiццё.

21. Самаадукацыя ажыццяўляецца шляхам самастойнага вывучэння спецыяльнай навукова-тэхнiчнай, эканамiчнай i iншай лiтаратуры, азнаямлення з перадавым вопытам пры арганiзаванай кансультацыйнай i метадычнай дапамозе з боку ўстаноў (iх падраздзяленняў), устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.

Самаадукацыяй з'яўляецца i педагагiчная дзейнасць кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў па прафесiйнаму навучанню кадраў.

22. У дапамогу тым, хто павышае сваю квалiфiкацыю самастойна, могуць праводзiцца кансультацыi i спецыяльныя заняткi. Гэтыя работнiкi павiнны мець магчымасць карыстацца адпаведнай навуковай, тэхнiчнай i эканамiчнай iнфармацыяй.

23. Самаадукацыя ажыццяўляецца ў цеснай сувязi з iншымi вiдамi бесперапыннага прафесiйнага навучання.



Глава 4 НАВУЧАННЕ Ў АРГАНIЗАЦЫЯХ (ПА МЕСЦЫ РАБОТЫ)

24. Навучанне ў арганiзацыях (па месцы работы) - гэта вiд бесперапыннага прафесiйнага навучання, якi праводзiцца з мэтай комплекснага вывучэння кiруючымi работнiкамi i спецыялiстамi пытанняў заканадаўства, iдэалогii, сучаснай эканомiкi, тэхналогiй, перадавога вопыту i iншых пытанняў, накiраваных на вырашэнне канкрэтных задач, удасканальванне дзейнасцi арганiзацый, iх структурных падраздзяленняў.

25. Асноўнымi формамi навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў у арганiзацыях (па месцы работы) з'яўляюцца семiнары, кароткатэрмiновыя курсы.

26. Навучанне ў арганiзацыях праводзiцца па праграмах, якiя распрацаваны арганiзацыямi i зацверджаны iх кiраўнiкамi.



Глава 5 ПАВЫШЭННЕ КВАЛIФIКАЦЫI

27. Павышэнне квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў - гэта вiд бесперапыннага прафесiйнага навучання, якi ажыццяўляецца ва ўстановах (iх падраздзяленнях), накiраваны на прафесiйнае ўдасканаленне асобы па выкананню службовых абавязкаў i пацверджаны дакументам устаноўленага адзiнага ўзору.

28. Павышэнне квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў забяспечвае паглыбленне прафесiйных ведаў i навыкаў на адпаведных узроўнях атрыманай раней вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

29. Павышэнне квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў носiць абавязковы характар i праводзiцца ў адпаведных установах (iх падраздзяленнях) не радзей чым адзiн раз у 5 гадоў.

30. Працягласць павышэння квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў дзяржаўных органаў i дзяржаўных арганiзацый вызначаецца ў адпаведнасцi з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 2004 г. N 354.

Працягласць павышэння квалiфiкацыi спецыялiстаў устанаўлiваецца не больш за два тыднi ў аб'ёме ад 36 да 80 гадзiн.

Для асобных катэгорый слухачоў працягласць i аб'ёмы вучэбнага часу павышэння квалiфiкацыi вызначаюцца адпаведнымi рашэннямi Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

31. Колькасць слухачоў у групах, якiя навучаюцца за кошт сродкаў бюджэту, павiнна складаць 25 - 30 чалавек.

Пры арганiзацыi павышэння квалiфiкацыi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў, прафесiйная дзейнасць якiх звязана з захаваннем бяспекi i жыцця людзей, па ўзгадненню з Мiнiстэрствам фiнансаў, Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны, Мiнiстэрствам адукацыi i iншымi зацiкаўленымi напаўняльнасць вучэбных груп слухачоў, што навучаюцца за кошт бюджэту, можа быць зменшана ва ўстаноўленым парадку.

Камплектаванне вучэбных груп можа ажыццяўляцца з лiку работнiкаў аднолькавых або розных па пасадзе катэгорый у залежнасцi ад мэты i зместу навучання.



Глава 6 СТАЖЫРОЎКА

32. Стажыроўка - гэта вiд бесперапыннага прафесiйнага навучання, накiраваны на засваенне работнiкам новых метадаў, тэхналогiй i элементаў прафесiйнай дзейнасцi, iншых дасягненняў непасрэдна ў арганiзацыях, дзе яны ўзнiклi i прымяняюцца.

33. Стажыроўка кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў можа быць як самастойным вiдам бесперапыннага прафесiйнага навучання, так i з'яўляцца часткай вучэбнага плана пры павышэннi квалiфiкацыi i перападрыхтоўцы.

34. Працягласць стажыроўкi кiруючых работнiкаў дзяржаўных органаў i дзяржаўных арганiзацый вызначаецца ў адпаведнасцi з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 2004 г. N 354.

Стажыроўка спецыялiстаў ажыццяўляецца:

з адрывам ад асноўнай работы (у вочнай форме навучання) i можа быць працягласцю да 5 месяцаў;

без адрыву ад вытворчасцi (у завочнай форме навучання) працягласцю да 8 месяцаў.

35. Тэрмiны i працягласць стажыроўкi спецыялiстаў устанаўлiваюцца арганiзацыяй, што накiроўвае работнiка на стажыроўку, або дзяржаўным органам, якому падпарадкавана арганiзацыя, зыходзячы з яе мэт, зместу, па ўзгадненню з арганiзацыяй, дзе яна праводзiцца (за выключэннем выпадкаў, калi стажыроўка з'яўляецца часткай вучэбнага плана павышэння квалiфiкацыi або перападрыхтоўкi кадраў).

36. Праходжанне стажыроўкi ажыццяўляецца па планах i праграмах, распрацаваных i зацверджаных арганiзацыяй, якая накiроўвае на стажыроўку, па ўзгадненню з кiраўнiком той арганiзацыi, дзе яна праводзiцца.

37. Па вынiках стажыроўкi работнiк рыхтуе справаздачу непасрэднаму кiраўнiку па месцы асноўнай работы, зацверджаную арганiзацыяй, дзе адбываецца стажыроўка, у форме аналiтычнай справаздачы або метадычных рэкамендацый па выкарыстанню ў практыцы атрыманых тэарэтычных i практычных ведаў, абароны праекта i г.д.



Глава 7 ПЕРАПАДРЫХТОЎКА

38. Перападрыхтоўка - гэта вiд бесперапыннага прафесiйнага навучання, накiраваны на прафесiйнае ўдасканаленне асобы i пашырэнне яе магчымасцей на рынку працы ў зменлiвых сацыяльна-эканамiчных умовах, якi пацвярджаецца дакументам устаноўленага адзiнага ўзору.

39. Перападрыхтоўка кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў забяспечвае атрыманне новай квалiфiкацыi адпаведнага профiлю на ўзроўнях вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

40. Пад новай квалiфiкацыяй неабходна разумець падрыхтаванасць работнiка да прафесiйнай дзейнасцi для выканання работ пэўнай складанасцi ў межах канкрэтнай спецыяльнасцi, калi да атрымання дадзенай квалiфiкацыi спосабам перападрыхтоўкi пэўная асоба не мела права прэтэндаваць на канкрэтнае працоўнае месца (пасаду).

41. Перападрыхтоўка кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ажыццяўляецца ўстановамi (iх падраздзяленнямi) па спецыяльнасцях у адпаведнасцi з Агульнадзяржаўным класiфiкатарам Рэспублiкi Беларусь "Спецыяльнасцi i квалiфiкацыi" АКРБ 011-2001.

Адкрыццё новых спецыяльнасцей перападрыхтоўкi ажыццяўляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

42. Пры перападрыхтоўцы аб'ём вучэбнага плана павiнен складаць:

для слухачоў з вышэйшай адукацыяй - не менш за 600 вучэбных гадзiн;

для слухачоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй - не менш за 400 вучэбных гадзiн.

43. У выпадках, калi слухачы маюць асноўную адукацыю па спецыяльнасцi аднаго i таго ж напрамку адукацыi, што i спецыяльнасць перападрыхтоўкi кадраў, дапускаецца па ўзгадненню з Мiнiстэрствам адукацыi змяншэнне працягласцi перападрыхтоўкi. Пры гэтым аб'ём вучэбнага плана для слухачоў з вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыяй павiнен быць не менш за 300 вучэбных гадзiн.

44. Працягласць навучання па спецыяльнасцi перападрыхтоўкi за кошт бюджэтных сродкаў складае:

для слухачоў з вышэйшай адукацыяй - да 18 месяцаў па вочнай форме i да 24 месяцаў па завочнай форме навучання;

для слухачоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй - да 7 месяцаў па вочнай форме навучання i да 9 месяцаў па завочнай форме навучання;

для клiнiчных ардынатараў - да 24 месяцаў па вочнай форме i да 36 месяцаў па завочнай форме навучання.

45. Колькасць слухачоў у вучэбных групах, якiя вучацца за кошт бюджэту, павiнна складаць 25 - 30 чалавек.

46. Па спецыяльнасцях перападрыхтоўкi кадраў, прафесiйная дзейнасць якiх звязана з захаваннем бяспекi i жыцця людзей, па ўзгадненню з Мiнiстэрствам фiнансаў, Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны, Мiнiстэрствам адукацыi i iншымi зацiкаўленымi напаўняльнасць вучэбных груп слухачоў, што навучаюцца за кошт сродкаў бюджэту, можа быць зменшана ва ўстаноўленым парадку.

47. Перападрыхтоўка не дае вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыi па спецыяльнасцi перападрыхтоўкi.



Глава 8 АТЭСТАЦЫЯ СЛУХАЧОЎ I ДАКУМЕНТЫ АБ ПРАХОДЖАННI НАВУЧАННЯ ВА ЎСТАНОВАХ (IХ ПАДРАЗДЗЯЛЕННЯХ)

48. Ацэнка ўзроўню ведаў слухачоў устаноў (iх падраздзяленняў) праводзiцца па вынiках бягучай i вынiковай атэстацыi.

49. Вынiковая атэстацыя слухачоў, якiя прайшлi павышэнне квалiфiкацыi, можа праводзiцца ў форме субяседавання, залiку, экзамену, абароны выпускной работы, рэферата або можа быць сумешчана з квалiфiкацыйным экзаменам для прысваення работнiку ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку больш высокай катэгорыi, класа i г.д.

50. Для правядзення вынiковай атэстацыi слухачоў, якiя прайшлi павышэнне квалiфiкацыi, ствараецца камiсiя, склад якой зацвярджаецца кiраўнiком установы (яе падраздзялення).

51. Вынiковая атэстацыя слухачоў, якiя прайшлi перападрыхтоўку, праводзiцца ў форме абароны дыпломнага праекта (работы) i (або) дзяржаўнага экзамену.

52. Для абароны дыпломнага праекта (работы) i (або) правядзення дзяржаўнага экзамену ствараецца дзяржаўная экзаменацыйная камiсiя, склад якой зацвярджаецца кiраўнiком установы. Старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камiсii зацвярджаецца Мiнiстэрствам адукацыi штогод па прадстаўленню ўстановы адукацыi.

53. Слухачам, якiя выканалi ўсе патрабаваннi вучэбнага плана i паспяхова прайшлi вынiковую атэстацыю, выдаецца адпаведны дакумент адзiнага ўстаноўленага Мiнiстэрствам адукацыi ўзору:

пасведчанне аб павышэннi квалiфiкацыi - для асоб, якiя прайшлi навучанне па праграме ў аб'ёме ад 36 гадзiн i больш;

дыплом аб перападрыхтоўцы.

Асобам, якiя не завяршылi навучанне або не прайшлi вынiковую атэстацыю, а таксама тым, хто прайшоў поўны курс навучання ў неакрэдытаванай установе (яе падраздзяленнi), выдаецца даведка ўстаноўленага Мiнiстэрствам адукацыi ўзору.



Глава 9 ПАЎНАМОЦТВЫ ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ I АРГАНIЗАЦЫЙ ПА ЗАБЕСПЯЧЭННЮ БЕСПЕРАПЫННАГА ПРАФЕСIЙНАГА НАВУЧАННЯ КIРУЮЧЫХ РАБОТНIКАЎ I СПЕЦЫЯЛIСТАЎ

54. Мiнiстэрства адукацыi ажыццяўляе адзiную дзяржаўную палiтыку ў галiне бесперапыннага прафесiйнага навучання, арганiзацыйнае i навукова-метадычнае кiраўнiцтва сiстэмай павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў, вызначае асноўныя напрамкi яе развiцця, забяспечвае распрацоўку тыпавых вучэбных планаў, праводзiць выдачу лiцэнзiй на павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў з вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, дзяржаўную акрэдытацыю, атэстацыю ўстаноў i ажыццяўляе кантроль за зместам i якасцю вучэбнага працэсу ва ўсiх тыпах устаноў (iх падраздзяленняў).

55. Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны ўстанаўлiвае адзiныя квалiфiкацыйныя патрабаваннi да пасад служачых.

56. Рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання i арганiзацыi, падпарадкаваныя Ураду Рэспублiкi Беларусь:

у межах сваёй кампетэнцыi ажыццяўляюць кiраванне бесперапынным прафесiйным навучаннем кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў у адпаведных галiнах, выконваюць работу па планаванню i арганiзацыi навучання работнiкаў галiн, павышэнню яго якасцi i вынiковасцi;

ствараюць галiновыя сiстэмы павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў, фармiруюць сетку адпаведных устаноў (iх падраздзяленняў), а таксама развiваюць розныя вiды бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў непасрэдна ў арганiзацыях;

ажыццяўляюць меры па навукова-метадычнаму, кадраваму забеспячэнню i ўмацаванню вучэбна-матэрыяльнай базы бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў галiн;

забяспечваюць адпаведнасць зместу навучання патрабаванням навукова-тэхнiчнага i сацыяльна-эканамiчнага развiцця галiн, дыферэнцыраваны падыход да арганiзацыi бесперапыннага прафесiйнага навучання з улiкам рэальных пажаданняў i iнтарэсаў розных катэгорый кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў;

распрацоўваюць i зацвярджаюць галiновыя нарматыўныя прававыя акты, якiя рэгулююць пытаннi ў сферы бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў з улiкам спецыфiкi iх прафесiйнай дзейнасцi;

узаемадзейнiчаюць з Мiнiстэрствам адукацыi i Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны па пытаннях нарматыўнага, навукова-метадычнага, кадравага забеспячэння i ўмацавання вучэбна-матэрыяльнай базы бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў галiн;

арганiзуюць своечасовае навучанне асоб, уключаных у рэзерв кiруючых работнiкаў;

камандзiруюць кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў у арганiзацыi на стажыроўку з мэтай вывучэння вопыту па прыярытэтных напрамках вытворчасцi, падрыхтоўкi кадраў у галiне кiравання, навукi, тэхнiкi i тэхналогiй;

праводзяць кадравую палiтыку ў галiне з улiкам вучэбнай дзейнасцi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў;

абагульняюць i распаўсюджваюць перадавы вопыт арганiзацыi бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў адпаведнай галiны.

57. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы:

у межах сваёй кампетэнцыi ажыццяўляюць арганiзацыйна-метадычнае кiраўнiцтва бесперапынным прафесiйным навучаннем кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў на рэгiянальным узроўнi з улiкам асаблiвасцей рэгiёнаў i перспектыў iх сацыяльна-эканамiчнага развiцця;

вызначаюць колькасць навучаемых i структуру бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў рэгiёна;

арганiзуюць своечасовае навучанне асоб, уключаных у рэзерв кiруючых работнiкаў;

праводзяць кадравую палiтыку ў рэгiёне з улiкам вучэбнай дзейнасцi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў.

58. Кiраўнiкi дзяржаўных арганiзацый:

забяспечваюць адпаведнасць узроўню прафесiйнай кампетэнцыi спецыялiстаў, кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў патрабаванням навукова-тэхнiчнага i сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэспублiкi, умовам развiцця вытворчасцi i патрэбнасцям грамадзян;

вызначаюць патрэбнасцi спецыялiстаў i кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў у павышэннi квалiфiкацыi, перападрыхтоўцы i стажыроўцы;

ажыццяўляюць накiраванне спецыялiстаў i кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў на павышэнне квалiфiкацыi, перападрыхтоўку i стажыроўку;

нясуць адказнасць за якасць навучання спецыялiстаў i кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў у арганiзацыях (па месцы работы).

59. Установы (iх падраздзяленнi):

сумесна з дзяржаўнымi органамi i арганiзацыямi, мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi распрацоўваюць i рэалiзуюць планы бесперапыннага прафесiйнага навучання кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў з улiкам патрэбнасцей сучаснага ўзроўню сацыяльна-эканамiчнага развiцця рэспублiкi i запытаў грамадзян;

забяспечваюць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку распрацоўку, узгадненне i зацвярджэнне вучэбна-праграмнай дакументацыi павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў;

ствараюць i ўмацоўваюць вучэбна-матэрыяльную базу, набываюць тэхнiчныя сродкi навучання, вучэбныя i наглядныя дапаможнiкi, арганiзуюць распрацоўку вучэбна-метадычных матэрыялаў;

забяспечваюць якасць прадастаўляемых адукацыйных паслуг;

пастаянна ўзнаўляюць змест, формы i метады навучання;

арганiзуюць работу па падрыхтоўцы, павышэнню квалiфiкацыi педагагiчных кадраў устаноў (iх падраздзяленняў) у адпаведных арганiзацыях;

забяспечваюць кансультацыйнае i метадычнае суправаджэнне ўкаранення ў практыку новых ведаў, уменняў, атрыманых слухачамi ў працэсе навучання ва ўстановах адукацыi, фармiраванне новага вопыту iх прафесiйнай дзейнасцi;

вывучаюць, абагульняюць i распаўсюджваюць перадавы вопыт работы.

60. Арганiзацыя работы па бесперапыннаму прафесiйнаму навучанню кiруючых работнiкаў i спецыялiстаў ускладаецца на кадравыя службы дзяржаўных органаў i арганiзацый.






dokumenty archiwalne
Папярэдні | Наступны
Новости законодательства

Новости Спецпроекта "Тюрьма"

Новости сайта
Новости Беларуси

Полезные ресурсы

Счетчики
Rambler's Top100
TopList