Зарегистрировано в НРПА РБ 6 декабря 1999 г. N 8/1952
ЗАЦВЕРДЖАНА
Загадам
Мiнiстэрства культуры
Рэспублiкi Беларусь
02.12.1996 N 295
Экспертыза вызначае агульны ўзровень якасцi падрыхтоўкi навучанцаў школ мастацтваў рэспублiкi, выяўляе галоўныя праблемы навучальнага працэсу.
Экспертыза праводзiцца комплексна, з улiкам агульных задач адукацыi i яе спецыфiкi ў сферы мастацтва.
Асноўныя мэты i задачы экспертызы:
кантроль за якасным узроўнем прафесiйных ведаў навучэнцаў;
ацэнка вучэбна-выхаваўчага працэсу;
выяўленне адпаведнасцi дзейнасцi навучальнай установы патрабаванням сучаснай школы.
Экспертыза таксама выяўляе ўзровень прафесiяналiзму выкладчыкаў. Экспертыза дазваляе падтрымаць як наватарскiя, так i глыбiнныя акадэмiчныя метады практычнай дзейнасцi.
Прававая аснова правядзення экспертызы:
навучальныя планы дзiцячых школ мастацтваў;
пералiк i ўзор вучэбнай дакументацыi школ мастацтваў сiстэмы Мiнiстэрства культуры;
вучэбныя праграмы па адпаведных прадметах.
Падрыхтоўчыя мерапрыемствы па арганiзацыi i правядзенню экспертызы:
стварэнне экспертнай камiсii;
вызначэнне навучальнай установы для правядзення экспертызы;
вызначэнне тэрмiнаў экспертызы i састаўленне графiка яе правядзення;
распрацоўка метадычных матэрыялаў па правядзенню экспертызы.
Экспертызу ажыццяўляе экспертная камiсiя, склад i парадак работы якой вызначаецца Мiнiстэрствам культуры. Персанальны склад экспертнай камiсii даводзiцца да ведама педагагiчнага калектыву навучальнай установы, у якой будзе праводзiцца экспертыза.
Графiк правядзення экспертызы з'яўляецца абавязковым для адмiнiстрацыi адпаведнай навучальнай установы.
Гарантыямi аб'ектыўнасцi экспертызы з'яўляюцца:
канкрэтныя патрабаваннi да выкладчыкаў i навучэнцаў;
галоснасць у спалучэннi з добразычлiвасцю пры абмеркаваннi вынiкаў;
права педагагiчнага калектыву ў выпадку нязгоды патрабаваць паўторнага вывучэння яго дзейнасцi.
Формы правядзення экспертызы выпрацоўваюцца экспертнай камiсiяй сумесна з кiраўнiцтвам навучальнай установы.
Вынiкамi экспертызы з'яўляюцца адпаведнасць ацэначнага крытэрыя, якiм кiруюцца члены камiсii, рэальнаму ўзроўню падрыхтоўкi навучэнцаў, сапастаўленне меркавання камiсii з ацэнкай выкладчыка, выяўленне якаснага ўзроўню падрыхтоўкi навучэнца, вызначэнне шляхоў абнаўлення зместу, форм i метадаў выкладчыцкай дзейнасцi. Вынiковае рашэнне экспертнай камiсii аб'яўляецца ў прысутнасцi членаў камiсii i педагагiчнага калектыву.
Матэрыялы экспертызы разглядаюцца Мiнiстэрствам культуры i органамi непасрэднага кiравання абагульняюцца i накiроўваюцца для вывучэння i выкарыстання ў вучэбнай практыцы.
|